+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

А. Дзьмітрыеў: «Гавары праўду» стваралася не пад асобу, а аб’ядноўвала прыхільнікаў перамен

Чаму Ўладзімер Някляеў пакінуў кампанію «Гавары праўду», чым выкліканы гэты ягоны крок? Ці праўда, што на апошнім паседжаньні дэмакратычных сілаў прапанову Някляева не падтрымала яго ўласная структура? Хто стане новым кіраўніком гэтай арганізацыі? Як сыход Някляева паўплывае на ход прэзыдэнцкай кампаніі?

A0B15DD1-8EE6-4FA0-8CCE-543339FE9CEE_w640_r1_s_cx0_cy17_cw0

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў дыскусіі ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць намесьнік старшыні «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і старшыня БНФ Аляксей Янукевіч.

«Бо гэта якраз нармальна — у адрозьненьне ад таго, калі людзі па 20 гадоў узначальваюць свае партыі»

Цыганкоў: Што адбылося, чаму Някляеў пакінуў «Гавары праўду»? Ці можаце вы, Андрэй, назваць нейкія пераканаўчыя прычыны, якія вымусілі яго зрабіць такі крок?

Дзьмітрыеў: Ён усё сказаў у сваёй заяве. Ён не дамогся той ступені адзінства, якой хацеў дасягнуць у гэтай кампаніі. Таму і сышоў.

Але мне падаецца, такі крок нас не павінен зьдзіўляць. Бо гэта якраз нармальна — у адрозьненьне ад таго, калі людзі па 20 гадоў узначальваюць свае партыі і зноў і зноў знаходзяць прычыны застацца.

Цыганкоў: Але ўсё ж некалькі фразаў заявы Някляева — гэта відавочна недахоп інфармацыі. І з-за гэтага зьяўляюцца розныя вэрсіі. Напрыклад, такая, што Някляева фактычна выціснулі з кампаніі ягоныя паплечнікі…

Дзьмітрыеў: Людзі любяць такія кансьпіралягічныя тэорыі. Някляеў — сталы і вядомы чалавек, са сваімі поглядамі. Яго выціснуць — гэта проста немагчыма. Чалавек сам прыняў рашэньне празь зьбег абставінаў. Мы гэтае рашэньне паважаем, хоць для нас яно сумнае.

Цыганкоў: Ці праўда, што на апошняй нарадзе дэмакратычных сілаў, якая адбылася 8 красавіка, «Гавары праўду» не падтрымала прапанову Някляева правесьці кангрэс, нягледзячы ні на што?

Янукевіч: Мы дамовіліся ў сваім коле, што ня будзем гэта камэнтаваць надта гучна, выносіць нейкія дэталі. Але гэта ўжо адбылося. Тут трэба сказаць, што спадар Някляеў ніколі не прадстаўляў сябе, ён прадстаўляў кампанію «Гавары праўду».

AFF22A3A-4E9A-4E35-AFEB-E706744CE9EF_w268_r1_cx0_cy10_cw100

 

І на апошнім паседжаньні Някляеў паведаміў, што ён сам выступае за правядзеньне Кангрэсу, але арганізацыя, якую ён прадстаўляе, лічыць па-іншаму. Ён сказаў гэта шчыра, спакойна і адкрыта. Таму на нарадзе не было нейкага вынесенага на публіку ўнутранага канфлікту ў арганізацыі.

 

«Для мяне нават дзіўна, што спадар Някляеў так доўга пратрымаўся ў апазыцыйным полі»

Цыганкоў: Але ці лічыце вы, што менавіта гэты момант і стаў галоўнай прычынай сыходу Някляева, ці тут спрацаваў комплекс прычынаў?

Янукевіч: Так, тут комплекс прычынаў. Для мяне нават дзіўна, што спадар Някляеў так доўга пратрымаўся ў апазыцыйным полі. Сталы чалавек, які адбыўся, паважаны і аўтарытэтны паэт, прыходзіць у апазыцыйную палітыку, дзе ўвесь час трэба камусьці нешта даказваць — а гэта на сёньня вельмі складана. І мне здаецца, што такі ўнутраны канфлікт мусіў даволі моцна ціснуць на спадара Ўладзімера. Тое, што 5 гадоў ён цягнуў на сабе гэты крыж — павага яму за гэта. Але ягонае рашэньне выглядае для мяне цалкам натуральным.

Сыход спадара Някляева ня зьменіць наша базавае разуменьне рэчаў

Цыганкоў: «Гавары праўду» ў свой час стваралася «пад Някляева», менавіта зь ягоным імем зьвязвалася дзейнасьць кампаніі. Як цяпер «ГП» будзе мець справу з новай рэальнасьцю?

Дзьмітрыеў: «Гавары праўду» стваралася не пад асобу, а аб’ядноўвала людзей, якія лічаць, што ў Беларусі павінны быць перамены, якія мусяць прыйсьці праз пазытыў, актыўнае дзеяньне, працу зь людзьмі. У гэтым сэнсе нічога не мяняецца. Сыход спадара Някляева ня зьменіць наша базавае разуменьне рэчаў.

1CA6B07F-B769-4C88-ABD7-0819F49BADA5_w268_r1

Што тычыцца будучыні, то мы ўжо два гады рэалізуем разам з партнэрамі стратэгію «Народнага рэфэрэндуму». Мы разумеем, куды ідзем і што робім, і будзем ісьці далей.

Не было нейкага сцэнару, які б замыкаўся на асобе Някляева

Цыганкоў: Хто будзе наступным лідэрам арганізацыі? Ці будзеце вы асабіста вылучацца на кіраўніка?

Дзьмітрыеў: Узначаліць такую структуру — гэта вялікая адказнасьць, тым больш напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Будзе зьезд, будзем выбіраць, і я буду вылучацца на кіраўніка арганізацыі.

Цыганкоў: Як вы ацэніце тое, што апазыцыйны палітык з найбольшым рэйтынгам выйшаў з барацьбы? Як ягоны выхад мяняе выбарчую кампанію? Дэ-факта апазыцыя засталася безь цяжкавагавікоў. Ці не аслабіць гэта працаздольнасьць актывістаў?

Янукевіч: Для іншых суб’ектаў «Народнага рэфэрэндуму» нічога надзвычайнага не адбылося. БНФ працягвае сваю працу. У гэтым сэнсе выхад з сыстэмнай публічнай палітыкі спадара Някляева нічога не мяняе. Дарэчы, яшчэ да гэтага свайго рашэньня спадар Някляеў агучыў, што ён падтрымлівае кандыдатуру Тацяны Караткевіч. У кожным разе, не было нейкага сцэнару, які б замыкаўся на асобе Някляева.

Цыганкоў: Андрэй, ці вы таксама гледзіце на гэтую сытуацыю дастаткова спакойна, як на нармальную зьмену пакаленьняў? Нічога страшнага?

Дзьмітрыеў: Безумоўна, актыўны ўдзел Някляева ў выбарчай кампаніі дадаў бы ёй яскравасьці, большы ахоп аўдыторыі. Але нельга казаць, што наша стаўленьне прынцыпова зьмянілася б. Аляксей ужо адзначыў, што Някляеў публічна падтрымаў кандыдатуру Караткевіч.

Таму мы глядзім на гэта як на факт, які мае свае безумоўныя мінусы, але дае і новыя магчымасьці для разьвіцьця і аднаўленьня.

«Мы шукаем новыя падыходы, калі хочаце — асымэтрычныя адказы»

Цыганкоў: На гэты момант апазыцыя засталася ў прэзыдэнцкай кампаніі бяз многіх цяжкавагавікоў (калі не лічыць Анатоля Лябедзькі). Ці гэта не выпадковасьць, а вынік адпаведнага стаўленьня апазыцыйных структураў да гэтай выбарчай кампаніі?

Дзьмітрыеў: Мне падаецца, што сёньня галоўны запыт грамадзтва — гэта запыт на абнаўленьне. Людзі патрабуюць ад апазыцыі — пакажыце нам новыя твары, новыя падыходы да палітыкі. Таму сыход людзей, якія шмат важаць — гэта нармальна. Людзі зрабілі працу, ім за гэта павага і пашана. Але трэба ісьці далей.

Янукевіч: Мы шукаем новыя падыходы, калі хочаце — асымэтрычныя адказы. І апазыцыйныя цяжкавагавікі ў сёньняшняй сытуацыі наканавана ідуць на паўтарэньне ранейшых выбарчых сцэнараў, з адным і тым самым вынікам. Пераламіць сытуацыю можа толькі ангажаваньне ў палітыку больш шырокіх колаў грамадзтва. І магчыма, што зачапіць іх прасьцей новым тварам, які ня мае апазыцыйнага шлейфу. І гэта можа дазволіць прыцягнуць новых людзей, нарасьціць тую самую масу.

Дзьмітрыеў: Аляксей слушна кажа, што трэба думаць пра наступны крок. Мы для сябе фармуем адказ, як ня згінуць, а набіраць вагу. Каб гэта быў не адзін цяжкавагавік, а моцная вялікая каманда людзей, якая мае давер грамадзтва.

«Радые Свабода»

10 апреля 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…