+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Адзін дзень з Таццянай Караткевіч

Серабрысты мікрааўтобус «Фальксваген» ад’язджае з Мінска а 8 раніцы. У ім — магчымы кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч, каардынатар рэгіянальных паездак яе штаба, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў і блогер Антон Матолька, які, як высветлілася, даўні знаёмы Таццяны. Сёння яны накіроўваюцца ў Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці.

«Мы параўноўваем жыццё ў гарадах і вёсках. Чаму людзі з’язджаюць з сяла? Няма працы, няма інфраструктуры. Мы едзем, каб уявіць маштаб катастрофы, данесці гэта да людзей і падмацаваць нашу праграму», — кажа Караткевіч.

Будучы кандыдат ездзіць па чатыры дні на тыдзень. За дзень да гэтага Караткевіч была ў Маладзечне, за два — у Вілейцы, а праз дзень будзе ў Магілёве.

Улады ў паездках не перашкаджаюць.

«Вось учора мы дамаўляліся сустрэцца з рабочымі Маладзечанскага завода металаканструкцый, — кажа Лялькоў. — Рабочыя гэтыя вядомыя тым, што нядаўна пасля чарговага затрымання заробку зладзілі страйк. Але, нягледзячы на дамову, чалавек, з якім мы звязваліся проста перастаў падымаць слухаўку».

Па дарозе Таццяна і кампанія абмяркоўваюць план на дзень, гутараць пра тое-сёе. Матолька прапануе Таццяне надзець Google Glass і весці жывы эфір, каб выбаршчык пры жаданні мог у анлайне паглядзець, чым займаецца яго кандыдат.

Праз дзве гадзіны мікрааўтобус спыняецца ў Бялынічах. Нас сустракае Алег Мяцеліца, мясцовы прадпрымальнік, актывіст кампаніі «Гавары праўду», які і распрацаваў маршрут. Кароткі перапынак на каву — і мы накіроўваемся ў вёску Гута. Там знаходзіцца лецішча, якое ўлады канфіскавалі ў Васіля Старавойтава, грамадска-палітычнага дзеяча, двойчы Героя сацыялістычнай працы.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Старавойтаў скептычна ставіўся да Лукашэнкі, публічна крытыкаваў яго і не падтрымаў на выбарах 1994 года. У кастрычніку 1997 года Старавойтаў, які на той момант узначальваў ператвораны ў акцыянернае таварыства калгас «Рассвет», быў адхілены ад працы і арыштаваны, асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі. У 2013 ён памёр.

Цяпер яго былое лецішча знаходзіцца ў сумным стане. Вялікі двухпавярховы будынак стаіць нікому не патрэбны. Дошкі на другім паверсе прагнілі, унутры падлога абсыпаная бітай цэглай. Караткевіч адразу грукаецца ў дзверы суседзяў па ўчастку. Басанож выходзіць старая.

«Галя», — прадстаўляецца яна.

Старую распытваюць пра канфіскацыю лецішча («Нічога не ведаю», — кажа яна), пра вясковыя праблемы. Антон Матолька робіць фоты. Бабуля скардзіцца на суседскую пасеку: «Пчолы кусаюць». Мяцеліца ўзгадвае, што па законе ў жылой зоне нельга трымаць многа пчаліных дамкоў. Старой абяцаюць дапамагчы.

«А што з вёскай?» — пытаецца Таццяна.

Палова дамоў стаіць пустая, апавядае баба Галя. З тых што ёсць, большасць выкупілі дачнікі. Кажа, сын даглядае скаціну ў суседняй вёсцы. Працы няма. Пенсію даюць — і добра. Муж моцна хварэе, цяпер у бальніцы: «Напэўна, хана будзе».

Караткевіч уручае бабулі сваю ўлётку і паведамляе, што збіраецца ўдзельнічаць у выбарах.

«Гэта як Лукашэнка будзеце? — пытае бабуля. — Добра… Калі да выбараў не загнемся…»

Пытаюся, за каго яна галасавала ў 2010. «За Лукашэнку, — адказвае старая. — Нам, пенсіянерам, усё адно. За каго прынясуць, за таго і галасуем».

Далей едзем у суседнюю вёску Барок, да стрыечнай сястры Старавойтава. У машыне я пытаюся ў Караткевіч, у чым быў сэнс візіту на тое лецішча.

«Па-першае, мы пагаварылі з чалавекам. Да таго ж мы пабачылі, як улада абышлася з той маёмасцю Старавойтава. Яны замест таго, каб стварыць аграсядзібу, стварыць хоць некалькі працоўных месцаў і захаваць памяць пра выбітнага чалавека, усё проста зруйнавалі», — тлумачыць Таццяна.

Па дарозе заўважаем трох пажылых мужчын на лавачцы каля хаты. Спыняемся, Таццяна ідзе знаёміцца. Паціскае кожнаму руку. Высвятляецца, што дзядзькі чакаюць аўталаўку.

«Ну, што думаеце ўвогуле пра жыццё?» — пытаецца Караткевіч.

Ёй ніхто не адказвае. Тады яна пытаецца: «Пенсія?»

«Да…» — цягне адзін з мужыкоў.

«Хапае пенсіі?»

«Калі шашлыкоў не рабіць, то хапае», — смяюцца дзядзькі.

«Лукашэнка сюды не прыязджаў, напэўна?» — пытаецца Алег Мяцеліца.

«Ды што ён, паедзе ў гэтую глуш?»

«А мы прыехалі!» — кажа Мяцеліца і раздае ўлёткі.

karatkevich3-12wni

«Нешта тут вельмі поўненькая, а жыўцом — прыгажуня, — азнаёміўшыся з улёткай, кажа адзін з мужчын. А пасля цікавіцца: не будзе такая, як Парашэнка?»

З жартамі Мяцеліца абяцае, што не будзе.

Затым трохі абмяркоўваюць тое-сёе: ці ёсць тэлебачанне («ёсць»), ці ёсць тэлефон («ёсць мабільнікі»), ці трымаюць жывёлу («катоў вельмі многа», — жартуюць мужыкі).

«Што хочаце сказаць? — пытае на развітанне Караткевіч. — Я змагу сказаць гучна пра вашы праблемы, пра вашыя пажаданні».

«Якія тут пажаданні! — кажуць дзядзькі. — Сядзі, скрыпі — ды і ўсё».

Да гутаркі далучаецца жанчына — ці то суседка, ці то сваячка аднаго з мужыкоў. Знаёмства з Караткевіч яна ўспрымае пазітыўна, праўда, прызнаецца, што на мінулых выбарах галасавала за Лукашэнку. Але, кажа жанчына, на гэтых ужо трэба падумаць. Караткевіч пытаецца, ці прагаласуе тая за яе.

«Спачатку праграму трэба паглядзець», — мяркуе жанчына.

«Што там глядзець, адразу давай!» — крычыць ёй адзін з мужыкоў.

Затым заязджаем да Вольгі Барысаўны, сястры Васіля Старавойтава. Караткевіч размаўляе з ёй пра яе жыццё, брата, цікавіцца праблемамі. Вольга Барысаўна скардзіцца, што ніхто не прыбірае мясцовыя могілкі, Таццяна абяцае дапамагчы. Нечакана каля хаты спыняецца машына — з візітам да старой завіталі дзве супрацоўніцы сацыяльнай службы. Чатыры разы на год яны павінны наведваць пажылых людзей, правяраць, ці не патрэбна ім дапамога. Караткевіч, як былы сацыяльны работнік, адразу завязвае з імі гутарку: ці хапае людзей, як заробкі. Па іх словах, усё больш-менш нармальна.

Жанчыны таксама атрымліваюць улёткі, абяцаюць іх пачытаць. На пытанне, за каго будуць галасаваць, адказваюць: «Паглядзім».

Я пытаюся, ці ведаюць яны кагосьці з патэнцыйных кандыдатаў.

«Ну вось, ведаем ужо аднаго», — кажа адна з сацработніц, паказваючы ўлётку.

Неўзабаве мы з’язджаем. Караткевіч вырашае наведаць Лебядзянкаўскі сельсавет, каб перадаць скаргі ўладам. Едзем у Лебядзянку. Дзверы ў сельсавет адчыненыя, але там няма ні душы, толькі на зачынены кабінет налеплена маленькая паперка, што кіраўніцтва ў адпачынку. У пункце аховы правапарадку, які знаходзіцца там жа, таксама пуста. Караткевіч вырашае зайсці ў госці да адной з мясцовых дэпутатак, тым больш што тая, як высветлілася, жыве зусім побач. Жанчына трохі здзіўленая нечаканым гасцям, але сустракае і размаўляе ветліва. Праблемы з пасекай і могілкамі абяцае вырашыць.

Затым — вяртанне ў Бялынічы і абед. Пасля Таццяна Караткевіч з паплечнікамі без папярэджання накіроўваюцца ў мясцовы райвыканкам. Заходзяць да мясцовага ідэолага Ірыны Фурсавай. Яна прымае візіцёраў спакойна, выслухоўвае, старанна пазначае нешта ў штодзённіку. Даведаўшыся, што Караткевіч збіраецца ісці ў прэзідэнты, кажа: «Прыемна, што жанчына балатуецца на такую пасаду!»

Па яе словах, з могілкамі ўсё нармальна, перад Радуніцай іх прывялі ў парадак. З лецішчам Старавойтава і пасекай, на якую скардзілася баба Галя з Гуты, Фурсава абяцае разабрацца. Ёй пакідаюць улёткі, візітоўкі і развітваюцца. Перад тым, як сысці, затрымліваюцца ля вялікай дошкі з партрэтамі былых кіраўнікоў райвыканкама.

«Той — пракраўся, — паказвае Алег Мяцеліца. — Гэты — крадзе».

karatkevich4-uab6o

Наступны пункт — Цяцерынская ГЭС на рацэ Друць.

Па дарозе да Караткевіч і К далучаецца Пятро Шымбалёў, яшчэ адзін мясцовы актывіст «Гавары Праўду». Ён расказвае, што апошнія гады гідраэлектрастанцыя на Друці прыносіць больш шкоды, чым карысці.

«Яны так карыстаюцца плацінай, што рака хутка загіне. Бывае, умоўна кажучы, зранку вельмі высокі ўзровень вады, увечары — амаль няма. З-за гэтага рака абмялелая, вымываюцца ўсе ямы, — кажа Шымбалёў. — Падчас нерасту працу плаціны не спыняюць, хаця яна абслугоўвае сёння адну толькі ферму. У выніку рыба знікае — яна адкладае ікру, а потым ваду спускаюць, ікра трапляе на бераг, на плыткаводдзе, і тое, што не гіне само, з’ядаюць качкі і гусі».

Вось толькі на ГЭС нікога з супрацоўнікаў не аказваецца. Праз вокны бачна, што механізмы працуюць, але дзверы зачыненыя, на грук ніхто не выходзіць. Нягледзячы на невялікі дождж, Караткевіч з паплечнікамі спускаюцца бліжэй да каламутнай зялёнай вады, дзе самотны дзядзька закідвае вуды. Але ён ніякага дачынення да ГЭС не мае — звычайны рыбак. Ён таксама расказвае пра праблемы з рыбай.

«Да таго ж сюды паскідвалі бруд, калі паглыблялі вадасховішча, — сцвярджае ён. — І рака ўжо не можа сама сябе чысціць, дно ўсё больш і больш пераўтвараецца ў балота».

Таццяна Караткевіч просіць у яго вуду — паспрабаваць. Закідвае — і адразу выцягвае невялікага акуня.

«Акуні такое надвор’е любяць», — тлумачыць гаспадар вуды. Рыбу аддаюць яму.

Пасля Караткевіч з паплечнікамі вяртаюцца ў Бялынічы. Там Таццяна сустракаецца з людзьмі, якія вырашылі ўступіць у яе ініцыятыўную групу: размаўляе, дзякуе, фатаграфуецца. На сёння гэта ўсё — заўтра чакае Магілёў.

Паездка насамрэч выдалася цяжкай, сіл ужо амаль няма. Але ці будзе ад яе плён? Алег Мяцеліца сцвярджае, што так. Па яго словах, нават калі пагутарыш з адным чалавекам, чуткі потым пойдуць і па ўсіх астатніх.

«З двума сустрэўся — лічы, усю вёску ахапіў», — кажа ён.

Улад Швядовіч, «Наша Ніва»

18 июля 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…