+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Актывіста кампаніі «Гавары праўду» аднавілі на працы

У Бабруйску шматдзетны бацька, сябра кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Шчарбатых дамогся аднаўленьня на працы і выплаты кампэнсацыі за прагул па віне працадаўцы.

 

Міравое пагадненьне звольнены працаўнік і адміністрацыя акцыянэрнага таварыства «Стасеўка» падпісалі ў Бабруйскім райвыканкаме.

Уладзімер Шчарбатых настойвае, што звольнілі яго незаконна. Рашэньне пра спыненьне працоўных адносінаў прымалася, калі ён быў на бальнічным. Прычыну звальненьня, даводзіць ён, адміністрацыя абрала, не зарэгістраваўшы ягонай заявы з просьбаю даць колькі дзён выхадных па сямейных абставінах.

«Пра звальненьне адміністрацыя мелася мяне папярэдзіць за месяц, акрамя таго назваць прычыну датэрміновага скасаваньня працоўнага кантракту і выплаціць кампэнсацыю. Мне ж давялося праз пракуратуру дамагацца азнаямленьня з загадам пра звальненьне, бо мне адмаўляліся яго паказваць», — зазначыў Уладзімер Шчарбатых.

Нагодай для звальненьня суразмоўца лічыць ягоную адмову падпісваць незаконныя дакумэнты пра «расходаваньне 245 тон саломы і 13 галоў падзяжу жывёлы гаспадаркі».

«Я адмаўляўся, бо лічыў, што трэба ўказваць у дакумэнтах фактычны расход маёмасьці гаспадаркі, — тлумачыць сваю пазыцыю Ўладзімер Шчарбатых. — Мне ж на гэта адказалі: „Калі мы ўкажам фактычны расход, то пачнуцца праверкі і могуць нават пасадзіць у турму“. На гэта я адказаў: „Мне ў такім разе з вамі не па дарозе“. І пайшоў на бальнічны».

Звольнілі актывіста 25 красавіка і паўтара месяцу ён быў беспрацоўным. Як ён заяўляе, адміністрацыя разьлічыла яго за звальненьне празь месяц і дзесяць дзён. Ён дамогся, каб яму кампэнсавалі кожны дзень затрымкі. Сума кампэнсацыі, кажа суразмоўца, складзе блізу шасьці мільёнаў рублёў.

Уладзімер Шчарбатых спадзяецца, што пасьля аднаўленьня на працы адміністрацыя ня будзе шукаць прычынаў, каб помсьціць яму. «Пагатоў, у гаспадарцы неўзабаве памяняецца кіраўніцтва», — зазначае ён.

Актывіст не выключае, што кіраўніцтва магло знарок справакаваць канфліктную сытуацыю, каб зь ім разьвітацца, бо дазналася, што ён сябра недзяржаўнай арганізацыі.

Акцыянэрнае таварыства «Стасеўка» Уладзімера Шчарбатых узяло на пасаду галоўнага заатэхніка па рэкамэндацыі службы занятасьці. Да гэтага ён быў 5 месяцаў беспрацоўным.

У сямʼі Шчарбатых шасьцёра дзяцей. Пяцёра зь іх непаўналетнія.

«Радыё Свабода»

19 июня 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…