+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Алег Груздзіловіч: «У «Гавары праўду» слушныя аргументы на конт кандыдатаў»

 

Глод

Уладзімер Глод: 3 траўня ў Менску прайшло паседжаньне дэмакратычных арганізацыяў Беларусі. На ім абмяркоўвалася падрыхтоўка да сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Апазыцыйныя палітычныя сілы зноў не змаглі дамовіцца аб адзіным сьпісе кандыдатаў. Гэта азначае, што ў шэрагу акругаў будуць балятавацца некалькі дэмакратычных кандыдатаў. Хто і як будзе каардынаваць іхныя пляны, невядома. Болей за тое, пакуль няма згоды ўдзельнікаў на тое, каб рашэньні, якія прымае стала дзейная нарада дэмсілаў, насілі абавязковы для ўсіх характар. Некаторыя суб’екты выступаюць за тое, каб пастановы былі выключна рэкамэндацыйнымі.

Апошняе асабліва непакоіць кіраўніка рэспубліканскага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча. Ён ня можа зразумець сытуацыю — рашэньне прынятае кансэнсусам, а хтосьці можа яго выканаць, а можа — і ня выканаць. То бок калі камусьці нешта не даспадобы, то можна ў любы момант, як кажуць, саскочыць. Фядыніч упэўнены, што, калі большасьць прымае рашэньне, то яго трэба выконваць усім.

Свой удзел у нарадзе прафсаюзны лідэр тлумачыць тым, што ў прафсаюзах ёсьць свае патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, і таму патрэбна разам выпрацаваць агульныя падыходы да гэтай выбарчай кампаніі. Гэткая ж самая матывацыя і ў іншых удзельнікаў: АГП, БНФ, «Справядлівага сьвету», сацыял-дэмакратаў з партыі Вештард ды іншых. Зьвяртае ўвагу, што да працы далучылася і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Шушкевіча. Раней гэтая партыя прынцыпова ня ўдзельнічала ў выбарах, паколькі лічыла, што свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі няма. Але як сказалі мне ў кіраўніцтве БСДГ удзел у нарадзе не азначае аўтаматычны ўдзел у выбарах.

Ігнаруюць нараду дзьве структуры. Гэта Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ і грамадзянская ініцыятыва «Гавары праўду». З КХП-БНФ усё зразумела. Партыя цьвёрда прытрымліваецца пазыцыі, што ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях у цяперашніх умовах азначае гуляць на баку ўладнага рэжыму.

У «Гавары праўду» кажуць, што кандыдаты, якія зарэгіструюцца на парлямэнцкія выбары, будуць мець 5 хвілін на выступ і яшчэ плюс 7 хвілін, калі будуць адбывацца дэбаты. Таму, чым больш будзе людзей, якія будуць казаць пра неабходнасьць пераменаў і рэформаў, тым больш, умоўна кажучы, просты беларус будзе мець шанцаў пабачыць на дзяржаўным экране альтэрнатыўную думку. А адзіны сьпіс якраз і скрадзе ў дэмакратычных незалежных кандыдатаў магчымасьць праз тэлебачаньне дагрукацца да беларусаў.

Такім чынам, падыходы розныя, а час ідзе. І хутка ўсе прэтэндэнты ад дэмсілаў стануць перад аднымі і тымі ж праблемамі — найперш нізкай увазе грамадзтва да выбараў і недахопу людзей у камандах для кантролю за падлікам галасоў. А вырашыць гэтыя задачы можна толькі разам. Таму ў мяне пытаньне да вас, калегі, можа, як кажуць некаторыя аналітыкі, адмовіцца ад мноства пасяджэньняў і даць права кандыдатам на месцах у рэгіёнах самастойна вырашаць, што рабіць?

Грузд

Алег Грузьдзіловіч: Трэба паставіць пытаньне, а ці трэба ўвогуле аб’ядноўвацца. Калі б гэта былі прэзыдэнцкія выбары, калі б гаворка ішла пра адзінага кандыдата, які можа супрацьстаяць Аляксандру Лукашэнку ў барацьбе за пасаду прэзыдэнта, то магчыма варта было б аб’ядноўваць сілы, фінансавыя сродкі, і кантрольны патэнцыял актывістаў на выбарчых участках. Тут жа ў нас гаворка пра парлямэнт, які фактычна нічога не вырашае ў краіне і зьяўляецца шырмай для прыкрыцьця дыктатуры.

Ці варта ўвогуле туды прарывацца? Для тых партый, якія лічаць, што варта — дык хай яны і прарываюцца. Слушны аргумэнт кампаніі «Гавары праўду» аб тым, што калі будзе шмат кандыдатаў ад розных партый, а не адзін на выбарчым участку ці нейкай тэрыторыі, то будзе значна большы пратэстны рэсурс выбарцаў. А калі сканцэнтравацца на адным чалавеку, то супраць яго будуць выкарыстаныя нейкія контраргумэнты, контрдзеяньні, і можа гэта ўсё згарнуцца і эфэкт будзе значна меншы. Калі будуць вырашаць на месцах, то будзе большы кантроль за выбарамі — вось адзіны аргумэнт. Але ўсё астатняе мне здаецца такім паўтарэньнем пройдзенага. Шмат разоў у Беларусі была такая сытуацыя перад парлямэнцкімі выбарамі, калі спрабавалі і аб’ядноўваліся, ці спрабавалі і не аб’ядноўваліся, але рэальнага выніку гэта ўсё роўна не дало.

«Радыё Свабода»

6 мая 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…