+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Аляксандр Фядута: «Калі-небудзь аршанцы назавуць вуліцу ў гонар Алеся Шутава»

74a611b8-9acc-4f4d-a26e-68d22569ff8a_w610_r1_s

Учора у Воршы адбылося развітанне з актывістам Алесем Шутавым. Ад «Гавары праўду» прысутнічалі лідар кампаніі Андрэй Дзмітрыеў і каардынатар назірання Сяргей Вазняк. 

Грамадзкая дзейнасьць Алеся Шутава была заўважная ў Воршы з пачатку 1990-х: яшчэ студэнтам хімічнага факультэту БДУ ён далучыўся да БНФ «Адраджэньне». Пазьней стаў заснавальнікам суполкі «Зьвяз», якая дасюль працуе і зьяўляецца адзінай зарэгістраванай моладзевай грамадзкай арганізацыяй у рэгіёне.

У апошнія гады Алесь Шутаў супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», кіраваў аршанскай гарадзкой арганізацыяй Партыі БНФ, шмат рабіў для кансалідацыі высілкаў мясцовых актывістаў у рэгіянальнай структуры «Аршанская кааліцыя дэмакратычных сіл». Пад офіс, дзе маглі зьбірацца ўдзельнікі аршанскіх дэмакратычных суполак, ён ахвяраваў уласную прыватную хату ў Воршы, якая дасталася яму ў спадчыну, і менавіта там адбываліся ня толькі сходы, але й шматлікія канцэрты, прэзэнтацыі, творчыя сустрэчы.

Сябры заўжды адзначалі, што Алесь Шутаў быў неабыякавы да праблем роднага гораду, удзельнічаў у суботніках па добраўпарадкаваньні, якія ладзілі мясцовыя актывісты, прычыніўся і да ініцыятывы ратаваньня архітэктурнай спадчыны Воршы, удзельнікі якой змусілі гаспадароў зрабіць захады па захаваньні будынка базыльянскага кляштара.

Алесь Шутаў далучыўся і да стварэньня незалежнага сайту www.orsha.eu, аднаго з самых вядомых незалежных інтэрнэт-рэсурсаў рэгіёну, некаторы час быў яго рэдактарам. На жыцьцё ён зарабляў прадпрымальніцкай дзейнасьцю — быў рэпэтытарам па хіміі. Сябры гавораць пра яго як пра надзвычай эрудаванага чалавека: згадваюць, што Алесь меў фэнамэнальную памяць, а свае веды прымяняў у тым ліку і ў інтэлектуальных гульнях «Мазгабойня» і «Бітва розумаў».

На здароўе Алесь Шутаў скардзіўся рэдка. Нечаканае пагаршэньне стану здароўя здарылася на мінулым тыдні, кажа ягоны сябар Ігар Казьмярчак:

«На мінулым тыдні Алесь паскардзіўся, што яму стала цяжка дыхаць — да такой ступені, што праблемай стала нават дайсьці да крамы. Ён зьвярнуўся да лекараў, і спачатку ў яго падазравалі інфаркт. Але дыягностыка выявіла іншую хваробу — пнэўманію. Лекаваньне адбывалася ў шпіталі, і ўсё выглядала, што Алесь ідзе на папраўку. Яшчэ ўчора мы зь сябрамі яго адведвалі, Алесь выглядаў бадзёрым, і мы шмат размаўлялі пра будучыя пляны. Разьвіталіся каля 18.30 вечара. Але пазьней Алесю стала горш, і позьнім вечарам родныя нечакана атрымалі горкую вестку пра ягоную сьмерць».

1 верасьня Алесь Шутаў адзначыў сваё 46-годзьдзе. Сям’і ў яго не было, з блізкіх сваякоў засталася толькі родная сястра.

«Радыё Свабода»

***

Успамінае заснавальнік «Гавары праўду», палітолаг Аляксандр Фядута:

— Алесь Шутаў ніколі не енчыў, не скардзіўся. Ён працаваў. Калі сць такія людзі, чкіх можна было б назваць дзеячамі, то Алесь адзін з іх. Гэта вельмі вялікая чалавечая страта. Аршанцы калі-небудзь назавуць вуліцу ў яго гонар, я ў гэтым упэўнены. 

8 октября 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…