+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Аматар вандровак па Гімалаях на свае грошы выдае бюлетэнь пра беларускіх палітвязьняў

Праз тыдзень яго чакае суд за распаўсюд па горадзе ўлётак салідарнасьці з палітвязьнямі. Але жыхар Мікашэвічаў, актывіст «Гавары праўду» Віталь Каліноўскі больш заклапочаны выпускам чарговага нумару бюлетэня «Сымбаль часу»: што знайсьці цікавае для жыхароў рэгіёну, як лепш падаць матэрыял, дзе ўзяць грошы на 299 асобнікаў?

«Травеньскі бюлетэнь, у якім было напісана пра палітвязьняў Рубцова і Дзядка, ужо разышоўся. Разабралі, як кажуць, як гарачыя піражкі. Цяпер працую над чэрвеньскім нумарам», — паведаміў Віталь Каліноўскі.

«Няйнакш адпрацоўвае нейкі грант», — падумаюць скептыкі наконт актыўнасьці Віталя Каліноўскага. На гэта выдавец бюлетэня кажа, што ад першага выпуску выдае яго за свае грошы, якія зарабіў, калі працаваў у Менску. Тры месяцы таму актывіст вярнуўся ў родныя Мікашэвічы: сталічнае жыццё яму не спадабалася.

«Учора якраз стаў на нашай „біржы“ на ўлік як беспрацоўны, жыву на ашчаджаныя грошы ды з агароду. Але мне шмат ня трэба, бо я вэгетарыянец. Жыву адзін, мае патрэбы мінімальныя. За сваё больш як 40-гадовае жыцьцё двойчы вандраваў па Гімалаях, цікавіўся мясцовай культурай, але цяпер мне больш цікава наша жыцьцё, беларускае», — кажа пра сябе Віталь Каліноўскі і дадае, што цяпер ён актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а таксама кампаніі «Гавары праўду». Але навошта такое сумяшчальніцтва?

«Ды я ў любой суполцы буду дапамагаць людзям, абы толькі сышла гэтая дыктатура, каб усталявалася сапраўдная дэмакратыя і нашы людзі сталі свабодныя», — адказвае на зададзенае не бяз шпількі пытаньне Віталь Каліноўскі яўна больш рашучым голасам.

Сёлета палітычная біяграфія актывіста Віталя Каліноўскага стала хутка папаўняцца рознымі падзеямі. У красавіку спадар Каліноўскі ўдзельнічаў у Чарнобыльскім шэсьці ў Менску — нёс падчас усяго шэсьця жоўта-блакітны ўкраінскі сьцяг разам з беларускім бел-чырвона-белым. Гэта, відаць, выклікала да яго дадатковую ўвагу супрацоўнікаў міліцыі у цывільным. Пасьля шэсьця актывіста «Гавары праўду» затрымалі і даставілі для разбору ў Савецкі РАУС, дзе пратрымалі гадзіну.

«Яны былі перакананыя, што я грамадзянін Украіны, і вельмі зьдзівіліся, калі пабачылі мой беларускі пашпарт. Адпусьцілі», — распавёў пра свае прыгоды актывіст.

У чэрвеньскім нумары бюлетэня «Сымбаль часу» Віталь Каліноўскі падрабязна апавёў пра змаганьне актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова, якога на той момант чакаў новы суд. Палітвязень Юры Рубцоў на акцыі выходзіў у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», а калі яго зьмясьцілі на «хімію», дык зрабіў на грудзях тату з такім жа патрабаваньнем. Віталь Каліноўскі ў бюлетэні паведаміў і пра актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка, якому дадалі да ўжо адбытага тэрміну ў 4,5 года яшчэ адзін год зьняволеньня.

Але хіба жыхары Лунінецкага раёну ня ведаюць пра гэтых людзей? І чаму Віталь Каліноўскі вырашыў распавядаць пра іх праз самаробны бюлетэнь, хоць пра палітвязьняў дастаткова інфармацыі ў інтэрнэце?

Палітычны актывіст кажа: выпускаць бюлетэнь узяўся таму, што ў Мікашэвічах, Лунінцы і навакольных вёсках людзі прызвычаіліся давяраць друкаванай інфармацыі, а дзяржаўныя газеты пра палітвязьняў нічога ня пішуць ды ўвогуле абмінаюць вострыя палітычныя праблемы. Тэхналёгію свайго альтэрнатыўнага інфармаваньня землякоў спадар Каліноўскі апісаў гэтак:

«Шмат бюлетэняў я раздаю ў дызэль-цягніку, таксама знаёмым людзям, суседзям, зь якімі шмат размаўляю, і калі бачу іх цікаўнасьць да пэўных тэмаў, прапаноўваю бюлетэнь. А ў ім пазначаны і сайты, на якіх можна знайсьці больш інфармацыі, прыкладам, пра палітвязьняў. Дарэчы, ёсьць спасылкі і на сайт вашага радыё. То бок інтэрнэту я не цураюся, але ўлічваю, што ў нас дагэтуль шмат людзей ім не карыстаюцца ўвогуле, а праўдзівая інфармацыя ім таксама патрэбная».

 

4 июня 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…