+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Андрэй Дзмітрыеў: Беларускія ўлады не хочуць нічога змяняць

Як вядома, Савет ЕЗ рашэннем ад 31 ліпеня зняў санкцыі з 24 беларускіх чыноўнікаў.

Нагадаем, апошнім разам чорны спіс ЕЗ быў скарочаны 31 кастрычніка 2014 года – тады з яго выключылі 24 фізічныя асобы і сем кампаній. Цяпер у гэтым спісе застаюцца 177 беларускіх чыноўнікаў.

Андрэй Дзмітрыеў: Мне здаецца, што Еўразвяз зрабіў крок, які ў беларуска-еўрапейскіх стасунках прынцыпова нічога не зменіць. У палітыцы самае галоўнае – быць паслядоўным. Да беларускіх уладаў Еўропа прад’явіла раней, здаецца, вельмі простыя і канкрэтныя патрабаванні. Але ніводнае з іх не было выканана.

РР: Тым не менш, сёння ЕЗ ідзе на саступкі беларускім уладам…

Андрэй Дзмітрыеў: Ідзе, таму што ёсць яшчэ і ўкраінскі фактар, які сёння прымушае пераглядзець знешнюю палітыку ў адносінах да Беларусі і ЗША, і Еўропу. Але ж пры гэтым не трэба забывацца, з-за чаго, уласна кажучы, быў уведзены чорны спіс для чыноўнікаў. Таму што ў краіне за кратамі знаходзяцца палітзняволеныя, таму што ёсць ціск на журналістаў, на палітыкаў, на актывістаў… Сёння, калі беларускаму рэжыму вельмі неабходна заходняя фінансавая падтрымка, мне здаецца, што Захаду трэба было б быць больш прынцыповым. Можна было б дачакацца нейкіх прынцыповых крокаў з боку беларускай дзяржавы. Маю на ўвазе ў першую чаргу вызваленне палітвязняў. І ўжо тады можна было б скарачаць чорны спіс.

РР: Магчыма, зараз, калі Еўразвяз зрабіў шырокі жэст, будзе і рэакцыя ў адказ. Ваша меркаванне?

Андрэй Дзмітрыеў: Гэта ж ужо не першы шырокі жэст Еўропы. Да гэтага было скарачэнне спісу, але з боку беларускіх уладаў пры гэтым ніякіх дзеянняў не было. Улада праводзіць сваю палітыку – хоча нічога не змяняць, але пры гэтым выкарыстоўваць украінскую тэматыку і атрымліваць максімальную падтрымку ад Еўразвяза. Таму я б не стаў чакаць нейкіх прынцыповых крокаў улады.

РР: Можа быць, усё ж-такі варта чакаць выхаду палітвязняў на волю?

Андрэй Дзмітрыеў: Магчыма. Але мы ўжо былі сведкамі, калі сёння з турмаў некага выпускаюць, а заўтра за кратамі з’яўляюцца новыя палітвязні. І гэта працуе, як вечны рухавік.

А вось як пракаментавала зняццё санкцый патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч:

— Мы з разуменнем ставімся да адмены санкцый у дачыненні да рэктараў ВНУ, бо Беларусь прынята ў Балонскі працэс, і змягчэнне пазіцый, відавочна, неабходна. Аднак рашэнне аб зняцці санкцый з шэрага суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, і службовых асобаў, якія арганізоўвалі фальсіфікацыі на выбарах, выглядае куды менш зразумелым. Абмежаванні былі зняты без якіх-небудзь умоў, быццам як аванс у надзеі на тое, што беларускія ўлады нармалізуюць унутраную палітыку ў сферы правоў чалавека, добрасумленна правядуць выбары і вызваляць палітвязняў.

4 августа 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…