+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Андрэй Дзмітрыеў: Дасягненне нейтралітэту павінна стаць галоўнай мэтай замежнай палітыкі Беларусі

У наступныя 10 год Беларусі трэба выбудаваць замежную і ўнутраную палітыку такім чынам, каб да 2025-га стаць нейтральнай краінай. Далучэнне да любога з бакоў, ЕС або РФ — гэта параза Беларусі.

нейтралитет

Пра гэта я казаў падчас дыскусіі, праведзенай «Belarus security blog-ам».

Непрыемнай навіной для многіх чытачоў незалежных СМІ на мінулым тыдні сталі дадзеныя даследавання лабараторыі Андрэя Вардамацкага аб геапалітычных прыхільнасцях беларусаў: 70% аддаюць перавагу РФ, а ЕС падтрымлівае абсалютная меншасць за апошнія 25 гадоў — 15%. Нават не ўвесь дэмакратычны электарат, які складае прыкладна 25%, падтрымлівае праеўрапейскі кірунак.

Канец падыходу 90-х: «З чырвонымі або з белымі?». Беларускі адказ — «Барані сваё»

І ўсё ж у гэтым апытанні ёсць вялікая хіба. Яно ставіць беларусаў перад выбарам ЕС ці Расея, нібы трэцяга не дадзена. Такі падыход з’яўляецца прамой спадчынай сітуацыі, калі пасля развалу СССР, адзіным цэнтрам застаўся ЕС. З тых часоў мінула 25 гадоў. Сітуацыя кардынальна змянілася. І справа тут не толькі ва Украіне і бежанцах. Проста беларусы ўсё больш разумеюць, што з улікам гісторыі, палітыкі, эканомікі, выбар аднаго з бакоў непазбежна вядзе да страт. Мы гэта неаднаразова чулі, калі збіралі подпісы падчас «Народнага рэферэндуму», дзе якраз ёсць пытанне пра нейтралітэт і шмат хто менавіта з-за пакідаў нам свой подпіс. Ваенны нейтралітэт стаў галоўнай замежнапалітычнай пазіцыяй нашага кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч і таксама мы чулі шмат падтрымкі ад шараговых беларусаў.

Напэўна, гэта разумелі і аўтары нашай Канстытуцыі, якія асобным артыкулам запісалі ў ёй пункт аб імкненні да нейтралітэту. Што ж, прыйшоў час пачаць імкнуцца па-сапраўднаму, то бок фарміраваць палітыку такім чынам, каб ваенны нейтралітэт ў сярэднетэрміновай перспектыве стаў магчымым.

Хто выйграе ад ваеннага нейтралітэту Беларусі?

Само словазлучэнне «ваенны нейтралітэт» наўрад ці зразумела кожнаму, але вось свае выгоды ад такой палітыкі атрымаюць многія, як унутры, так і па-за краіны.

Па-першае, нейтралітэт азначае павелічэнне вайсковых выдаткаў. Гэта значыць, лепшае фінансаванне арміі, тэхнічнае перааснашчэнне, мадэрнізацыя вайсковай адукацыі і вайсковай дактрыны. Усё гэта падыме прэстыж вайскоўца.

Па-другое, ваенны нейтралітэт дасць магчымасць прыцягваць больш фінансавых патокаў, развівацца банкаўскай сферы, створыць новыя ўмовы для балансу інтарэсаў эканамічных гульцоў. Больш за тое, за наш ваенны нейтралітэт нам будуць плаціць тыя, хто ў ім будзе зацікаўлены, — Расія, ЕС, ЗША, Кітай. Як у свой час заплацілі за вывад ядзернай зброі. Таксама менавіта такая наша пазіцыя зробіць магчымым стварэнне розных эканамічных рэгіянальных супольнасцяў і бязвізавай прасторы з ЕС. Усе гэта павялічыць паступленні ў бюджэт Беларусі.

Па-трэцяе, ваенны нейтралітэт ўмацуе Мінск як перамоўную пляцоўку па складаных пытаннях, а іх у рэгіёне будзе яшчэ шмат. Гэта будзе прамым укладам у нашу незалежнасць і бяспеку.

Расія нас не адпусціць

Самым галоўным контраргументам з’яўляецца тое, што Расея ніколі не «адпусціць» Беларусь. Сёння так і ёсць, не спрачаюся. Але праз 10 гадоў, што для гісторыі і палітыкі тэрмін не такі і вялікі, гэта будзе магчыма, калі да гэтага рыхтавацца. Дый не варта пераацэньваць сваю значнасць.

Што сёння робіць Расея? Стварае дублюючыя нашым прамысловыя вытворчасці і ваенныя аб’екты на сваёй тэрыторыі, размяшчае ў нашых межах ваенныя базы, планамерна ўзмацняе сваю сельскую гаспадарку, памяншаючы залежнасць ад паставак нашага аграсектара. Праз 10 гадоў, калі вайсковыя аб’екты на нашай тэрыторыі стануць канчаткова не патрэбны, сітуацыя ва Украіне прыйдзе да свайго балансу, дый сама Расея істотна зменіцца з прычыны эканамічнага крызісу — рашэнне па ваенным нэўтралітэце Беларусі, з захаваннем супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы, стане магчымым.

5 крокаў да нейтралітэту

Сфарміраваць разуменне важнасці і выгод беларускага ваеннага нейтралітэту ў Маскве, Вашынгтоне, Пекіне, Бруселі. Гэта часткова ўжо адбываецца ў межах той палітыкі, якую стаў праводзіць беларускі МЗС у сувязі з Украінай. Гаворка цяпер ідзе аб кулуарных перамовах, канферэнцыях, а таксама аб вяртанні ў Мінск офіса АБСЕ. У 90-х Мінск стаў пляцоўкай па перамовах па Нагорным Карабаху, у 2015-м — па Украіне. Абедзве тэмы будуць актуальныя яшчэ доўга, і да іх дададуцца іншыя. Важна зафіксаваць сваю палітыку як нейтральную і мірную ў адносінах да гэтых канфліктаў. Мінск сапраўды можа стаць мірнай пляцоўкай, бо дыпламатычнага ўзмацнення Беларусі ў сілу яе памераў, геаграфічнага знаходжання і эканомікі не будуць баяцца іншыя краіны. Трэба ўжо сёння дакладна і адназначна заявіць, Беларусь не імкнецца стаць сябрам ЕС, не будзе сябрам НАТО, але і ўзмацняць і развіваць на сваёй тэрыторыі прысутнасць войскаў краін АДКБ мы не плануем. Адмова ад размяшчэння расійскай базы з’яўляецца добрым прыкладам.

Нарошчваць эканамічную і энергетычную незалежнасць. Гаворка ідзе аб выхадзе на новыя рынкі, стварэнні эканамічных стымулаў для развіцця новай прамысловасці і сектараў ў эканоміцы, павелічэнні долі малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП. У энергетыцы, неабходна паслядоўна павялічваць альтэрнатыўныя крыніцы, не завязаныя на Расею і энергазберажэнне на прадпрыемствах.

Фарміраваць нацыянальную самасвядомасць. Нейтралітэт немагчымы без усведамлення грамадствам каштоўнасці сваёй дзяржавы, гісторыі, культуры, незалежнасці, і, што самае галоўнае, важнасці нацыянальнага адзінства. Не на аснове прасоўвання адзіна-правільнай пункту гледжання, а на аснове грамадскага дыялогу. Калі кожнаму грамадзяніну тут ёсць месца, таму ён разумее — гэта яго краіна.

Стварыць тэрытарыяльную абарону. Сёння ў Беларусі яна пакуль носіць фармальна-бутафорскі характар. Раздалі пагоны кіраўнікам абласцей, паціснулі рукі, і да пабачэння. Трэба вызначыцца, як будзе пабудавана абарона ў нашай краіне і пачаць гэты працэс, уключаючы адукацыю насельніцтва, стварэнне запасаў харчавання і амуніцыі, і гэтак далей.

Развіваць рэгіянальнае супрацоўніцтва. Беларусь павінна быць максімальна інтэгравана ў эканамічнае супрацоўніцтва ў сваім рэгіёне і на ўсход, і на захад (Вышаградская група, Усходняе партнёрства), і на поўнач і на поўдзень. Менавіта рэальная эканамічная шматвектарнасць у рэгіёне дазволяць нам павялічыць колькасць зацікаўленых бакоў у нашым ваенным нейтралітэце.

У 2014-м годзе Міністэрства эканомікі прыняло «Стратэгію 2030». Дакумент, які апісвае, якой павінна быць Беларусь праз 15 гадоў. У самім тэксце мноства спрэчнага, але менавіта так трэба планаваць будучыню краіны, абапіраючыся на доўгатэрміновае бачанне. У гэтай стратэгіі няма важнага элемента — замежнапалітычнага і ваеннага. Фарміраванне палітыкі дасягнення ваеннага нейтралітэту можа кампенсаваць гэты недахоп.

Запрашаю ўсіх, хто падзяляе наш пункт гледжання і гатовы працаваць над дэталёвай праграмай, пісаць мне асабіста на мэйл a.dmitriev@zapraudu.info

«Наша Ніва»

10 мая 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…