+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Андрэй Дзьмітрыеў: трэба, каб людзі ведалі, што альтэрнатыва ёсьць

Навошта ісьці на прэзыдэнцкія выбары, калі ўлады ня будуць лічыць галасоў? Чаму кампанія «Гавары праўду» выставіла на выбары кандыдатуру Тацьцяны Караткевіч? Ці можа беларускі апазыцыянэр добра зарабляць? На гэтыя і іншыя пытаньні адказвае кіраўнік перадвыбарчага штабу прэтэндэнткі на пасаду прэзыдэнта Тацьцяны Караткевіч і старшыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Добры дзень, спадар Андрэй! Скажыце, калі ласка, навошта вы й спадарыня Тацьцяна Караткевіч увогуле ўдзельнічаеце ў выбарах? Вы ж ведаеце, што перамагчы вам не дадуць. А пашыраць папулярнасьць апазыцыі можа ня толькі падчас выбараў. Дык навошта ўдзельнічаць у гэтым, як шмат хто кажа, спэктаклі?

А. Дзьмітрыеў: Гэта пытаньне, якое задаюць людзі выключна з палітызаванай публікі. Мы стаім у пікетах, і да нас ніхто не падыходзіць з пытаньнем: «Навошта вы ўдзельнічаеце?» Нават калі людзі ня вельмі вераць, што мы здольныя перамагчы Лукашэнку, яны ўсё роўна цікавяцца кандыдатамі, яны цікавяцца праграмамі, яны думаюць, што будзе далей. І наш удзел у выбарах дае такія адказы для людзей.

Я параўноўваю палітыку са спортам. Калі б у спаборніцтвах удзельнічалі толькі тыя, хто дакладна зойме першае месца, то на старт выходзілі б адзін-два чалавекі. Ты ўдзельнічаеш у выбарах, бо ты хочаш перамагчы, і ты робіш усё, каб перамагчы. Можа, у гэты раз мы прыйдзем да фінішу другімі ці трэцімі, але самае галоўнае – не спыняцца. Трэба трэніравацца да таго моманту, калі мы здолеем нарэшце перамагчы.

Вы сказалі вельмі важную фразу, якую я лічу памылковай: «Вам не дадуць перамагчы». Зразумела, вы кажаце пра падлік галасоў. Але перамога адбудзецца тады, калі мы здолеем перацягнуць на свой бок большасьць грамадзтва. І тут «Гавары праўду» няма ў чым папракнуць. Мы працуем і падчас выбараў, і паміж выбарамі – у межах тых магчымасьцяў, якія маем.

Але чаму зьнізілася актыўнасьць «Гавары праўду» паміж выбарамі? Пасьля 2013 году ўжо ня чуць пра «Грамадзянскую дамову», пра «народныя прыёмныя». Куды гэта ўсё падзелася?

А. Дзьмітрыеў: Калі мала рэсурсаў, ты павінен на нечым сканцэнтравацца. «Грамадзянская дамова» існуе, да нас зьвяртаюцца людзі, каб мы абаранялі іх інтарэсы ў малых справах. Аднак мы сфакусаваліся на кампаніі «Народнага рэфэрэндуму», якую мы рабілі разам з Рухам «За Свабоду», Беларускім народным фронтам, Сацыял-дэмакратычнай партыяй. Мы сабралі велізарную колькасьць подпісаў. Вялікая колькасьць з іх сабрана рукамі актывістаў «Гавары праўду». Каб гучаў «Народны рэфэрэндум», мы пачалі менш казаць пра «Гавары праўду». Але праца была. І тое, што ініцыятыўная група Тацьцяны Караткевіч стала другой па колькасьці сябраў пасьля Лукашэнкі (я не бяру пад увагу Гайдукевіча) – гэта вельмі добры паказчык.

А чаму на выбары ідзе менавіта Тацьцяна Караткевіч, а не вы? Вы зьяўляецеся нашмат больш дасьведчаным палітыкам.

А. Дзьмітрыеў: Вы экспэрт, але не дапрацавалі… Мне пакуль 34 гады. Я не магу балятавацца ў прэзыдэнты паводле закону.

А праз 5 гадоў? Ці асьмеліцеся вы прыняць удзел у такой небясьпечнай справе, як выбары ў Беларусі?

А. Дзьмітрыеў: Трэба вырашаць праблемы па меры іх паступленьня. Цяпер мы робім усё, каб Тацьцяна Караткевіч, як прадстаўнік «Народнага рэфэрэндуму», «Гавары праўду», Сацыял-дэмакратычнай партыі, атрымала як мага большую падтрымку грамадзтва. Ня важна, пойдзе на наступныя выбары яна, я альбо ўвогуле нехта іншы. Мы робім усё, каб быць як мага больш пасьпяховымі ў гэтым, 2015 годзе. Зробім гэта, зробім працу над памылкамі – пойдзем далей.

Скажыце, калі ласка: чаму з кампаніі «Гавары праўду» сышоў Уладзімер Някляеў? На яго працавалі тысячы людзей, рызыкавалі шмат чым, падтрымліваючы яго. І раптам перад выбарамі ён сыходзіць і прыходзіць Тацьцяна Караткевіч. Што здарылася?

А. Дзьмітрыеў: Спадар Уладзімер ужо сам шмат разоў патлумачыў, чаму ён сышоў. Магу сказаць, што шчыра лічу гэтае яго рашэньне памылкай, як памылкай лічу яго рашэньне не балятавацца. У лютым гэтага году, калі быў вялікі рэгіянальны сход «Гавары праўду», усе актывісты выказаліся за тое, каб ён балятаваўся. Усе былі гатовыя працаваць з Уладзімерам Някляевым, ісьці за ім, нават калі ня будзе Кангрэсу дэмакратычных сілаў і адзінага кандыдата ад апазыцыі. Аднак ён прыняў такое рашэньне, якое прыняў. І камэнтаваць гэта ўжо нікому не цікава.

Ці дазваляе сёньня ў Беларусі апазыцыйная дзейнасьць зарабіць грошы? Пра вас вядома, што вы маеце дом пад Менскам, добрую машыну, добра апранаецеся, маеце імідж пасьпяховага чалавека… Ці дазваляе апазыцыйная дзейнасьць утрымліваць сябе на належным узроўні?

А. Дзьмітрыеў: Сёньня апазыцыйная дзейнасьць зьвязаная з рызыкай, зьвязаная з пастаянным галаўным болем, але не зьвязана з магчымасьцю зарабіць. Унутры дзяржавы ўсё зроблена так, каб апанэнты ўлады не атрымоўвалі грошай.

Асабіста я лічу, што даўно трэба было ўвесьці дзяржаўнае фінансаваньне палітычных партыяў – як апазыцыйных, так і праўладных, каб дапамагаць ім расьці. Няхай усе атрымліваюць сродкі і працуюць з грамадзтвам. А цяпер дзяржаўнае фінансаваньне ёсьць толькі для праўладных арганізацыяў. Прыклад – БРСМ, які атрымлівае 50 мільярдаў рублёў з бюджэту. А бізнэсмэнам кажуць, што калі яны толькі падумаюць пра фінансаваньне апазыцыі, ім адарвуць галаву.

У палітычнай апазыцыі адсутнічаюць сродкі для штодзённай працы: каб раздрукаваць улёткі, паехаць у рэгіёны, утрымліваць офісы, у якія зьвяртаюцца грамадзяне. Казаць пра тое, каб зарабіць, не выпадае.

А вы прыватна з чаго жывеце?

А. Дзьмітрыеў: Да лістапада мінулага году ў мяне быў бізнэс, які прыносіў прыбытак і за кошт якога я жыў. Вы пералічылі прыкметы посьпеху, якія для мяне зьяўляюцца жахлівымі. Дом (не замак, а дом!), машына, вопратка… У мяне дом 120 квадратных мэтраў – нармальны, звычайны беларускі дом. Машыны, дарэчы, гэтай я зараз немаю. Калі пасьпяховы той, хто можа набыць сабе вопратку – то да чаго нас давялі ў гэтай краіне!

Рэчы, якія ў 34 гады павінныя быць нармальнымі (месца, дзе ты жывеш, сродак транспарту, магчымасьць набыць вопратку ці раз на года адпачыць) у нас лічацца прыкметай посьпеху. Не! Калі б была нармальная краіна, то прыкметай посьпеху лічыліся б мільённыя капіталы, вельмі пасьпяховыя бізнэсы. Дык давайце ж мяняць краіну, каб посьпехам было не існаваньне, а сапраўды нармальнае жыцьцё.

Скажыце калі ласка: з якіх сродкаў фінансуецца выбарчая кампанія? У 2010 годзе кампанія «Гавары праўду» найлепш фінансавалася і была самай яскравай. Адкуль былі грошы тады й адкуль грошы сёньня?

А. Дзьмітрыеў: Пытаньне «адкуль грошы?» – гэта прыклад апазыцыйна-дэмакратычнага папулізму. Яго любяць задаваць тролі ў інтэрнэце. Гледзячы на прыклад Бяляцкага, мы ўсе разумеем, што адказ на яго можа азначаць турэмны тэрмін. Давайце мяняць краіну, каб такія пытаньні можна было сапраўды задаваць і палітыкам, і грамадзкім дзеячам, і гэта было нармальна. Сёньня магу сказаць, што мне не сорамна за ніводную крыніцу, зь якой падтрымлівалася і падтрымліваецца «Гавары праўду». І ніколі ня будзе сорамна. Я спадзяюся, што прыйдзе час, калі я змагу адкрыта сказаць у эфіры, хто фінансаваў і хто фінансуе кампанію «Гавары праўду».

Паводзіць сябе адкрыта – прасьцей. Калі беларускія ўлады на пэўны час зрабілі для бізнэсу простую сыстэму справаздачы, то шмат маіх сяброў сталі працаваць «па-беламу». Калі я запытаўся: «Чаму?», яны адказалі: «Так прасьцей жыць». Калі б у краіне была нармальная сыстэма, мне было б прасьцей выкладаць усе справаздачы ў інтэрнэце. І мы пададзім прыклад. Пра тыя грошы, якія людзі будуць высылаць на рахунак Тацьцяны Караткевіч, мы будзем рабіць штотыднёвую справаздачу, казаць, як мы зь імі паступілі. Менавіта такую краіну мы хочам пабудаваць – каб і на сайтах палітыкаў, і на сайтах чыноўнікаў, і на сайтах выканкамаў такая інфармацыя была.

На жаль, досьвед апошніх выбарчых кампаніяў паказвае, што кандыдат у прэзыдэнты – гэта першы кандыдат на тое, каб патрапіць у СІЗА. Ці бярэце вы пад увагу тое, што вашую кандыдатку могуць арыштаваць? Што вы тады будзеце рабіць?

А. Дзьмітрыеў: Трэба спадзявацца на лепшае, а арыентавацца на горшае. Аднак, былі прыклады, калі з кандыдатамі ўсё было ў парадку. Гэта прыклад Ганчарыка, гэта прыклад Мілінкевіча. Нават спадара Казуліна арыштавалі не адразу пасьля выбараў. Я думаю, што адзін з галоўных момантаў для Тацьцяны – гэта дзейнічаць у межах закона. Тады мы захаваем яе на свабодзе.

У 2010 годзе за краты патрапілі ня толькі кандыдаты, але й сябры іх камандаў. І гэта быў цяжкі, сумны досьвед, для ўсіх нас. Калі мы вырашалі, ці мы ідзем на выбары, мы абмяркоўвалі, ці мы гатовыя да такога выпрабаваньня. Калі мы вырашылі ісьці на выбары – гэта значыць, што мы да яго гатовыя.

Маё апошняе пытаньне: як, на ваш погляд, будзе выглядаць будучыня дэмакратычнага руху? У параўнаньні з 2006, з 2010 годам папулярнасьць апазыцыйных структураў рэзка ўпала. Апазыцыя зьнікае, незадаволенасьць насельніцтва застаецца. Хто выкарыстае гэтую незадаволенасьць?

А. Дзьмітрыеў: Усяго за чатыры дні мы сабралі ў падтрымку Тацьцяны Караткевч каля 10 тысячаў подпісаў. Я заклікаю і вас як журналістаў, і людзей, якія сочаць за палітыкай у межах Facebook’a і іншых сацыяльных сетак, зразумець розьніцу паміж сытуацыяй у Інтэрнэце і на вуліцы. Калі людзі будуць гатовыя выказаць той пратэст, які ёсьць сёньня, то падтрымку іх атрымаюць палітыкі, якія ёсьць сёньня. Магчыма, яны вам не падабаюцца. Але новых не зьявіцца.

Паглядзіце на Ўкраіну. Колькі ўжо было размоваў пра тое, што да ўлады прыйдуць новыя людзі. Хто там пры ўладзе? Так, там прыйшлі новыя людзі, але з большага – тыя самыя. Не бывае такога, што палітыкі зьяўляюцца зь ніадкуль. Так думаюць тыя, хто верыць у мэсію, у добрага цара.

Паслухайце, да ўлады прыйдуць менавіта гэтыя людзі, якія вам не падабаюцца. І першы прэзыдэнт пасьля Лукашэнкі вам будзе шмат у чым не падабацца. І другі таксама будзе не вельмі падабацца. І парлямэнт будзе ня вельмі добры. Там будуць прадстаўленыя розныя групы інтарэсаў. Проста звыкніцеся з гэтым. Зразумейце, што кіраваць будуць менавіта гэтыя палітыкі. Спадзяемся, што кола іх будзе пашырацца. Адчыняцца больш магчымасьцяў. У парлямэнце зьявіцца нехта сур’ёзны ад прадпрымальнікаў, ад фінансаў…

Як толькі зьменіцца сытуацыя, людзі, якія сёньня маюць 5% галасоў, будуць мець 15%-20%. Людзі падтрымліваюць тых, у чыю перамогу яны вераць. Як толькі зьменіцца сытуацыя, і ў апазыцыі зьявіцца рэальны шанец перамагаць, то будзе і падтрымка. Таму сёньня галоўная задача дэмакратычных сілаў – заставацца ў галовах людзей, каб яны пра нас ведалі як мага больш, каб спрачаліся. Няхай нас ня любяць – мы не поп-зоркі, каб нас любіць. Але трэба, каб людзі ведалі, што альтэрнатыва ёсьць, і яны ёй скарыстаюцца, калі прыйдзе час.

«Польскае радыё»

1 августа 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…