+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Андрэй Дзмітрыеў: «Каму ў Беларусі не патрэбныя рэформы?»

Якія групы ў беларускай уладзе і грамадзтве выступаюць супраць рэформаў? Наколькі пераканаўча выглядае мізансцэна «Аляксандар Лукашэнка супраць рэфарматараў ва ўласным урадзе?» На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказвае лідэр кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

vybory_korotkevich_dmitriev_12102015_tutby_brush_phsl_img_02

— Вось ужо другі год запар на Кастрычніцкім форуме ў Менску галоўным героем становіцца цяперашні амбасадар Беларусі ў Кітаі, колішні памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды. Год таму ён тлумачыў, чаму ў Беларусі не адбудзецца рэформаў, сёлета казаў пра тое, якія эканамісты патрэбныя Беларусі.

— Гэта ўжо чацьверты форум, я быў на кожным зь іх. І скажу, што ёсьць прынцыповая зьмена ў пытаньнях, на якія шукаюць адказы ўдзельнікі дыскусіі. Калі раней было асноўным пытаньне — ці патрэбныя рэформы, то цяпер усе абмяркоўваюць тое, якія рэформы трэба рабіць, як іх рабіць. Якія ёсьць пры гэтым пагрозы. Пытаньне «ці патрэбныя рэформы» больш ніхто не задае. Ёсьць пытаньне — як рабіць тое, што неабходна.

Так ці іначай, кожны, хто выступаў — і зь дзяржаўнага боку, і з экспэртнага — кажуць пра сваю візію, што трэба рабіць у Беларусі і да чаго трэба рыхтавацца.

Але важна адзначыць, што сёньня ідзе велізарнае супрацьстаяньне рэформам унутры дзяржавы. І трэба вызначыць, хто і чаму супрацьстаіць рэформам. Я гатовы пра гэта пагаварыць.

— Андрэй, я магу вам дапамагчы і назваць аднаго чалавека, які актыўна і публічна супрацьстаіць рэформам. Гэта Аляксандар Лукашэнка, які цягам году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў як мінімум разоў 5 казаў пра тое, што варта ўдасканальваць тое, што ёсьць, што ніякіх рэформаў не патрэбна.

— Ну, Лукашэнкі на форуме няма, таму ягоны голас там не чуваць. Але гучаць галасы іншых прадстаўнікоў улады, які кажуць пра неабходнасьць рэформаў.

Але ёсьць тры катэгорыі, тры групы людзей, якім рэформы непатрэбныя, і гэтыя групы вельмі моцныя. Першыя — гэта тыя, хто атрымлівае наўпроставыя прыбыткі ад адсутнасьці пераменаў. Гэта перш за ўсё сыстэма ЖКГ, сельскай гаспадаркі і нерэнтабэльных прамысловых прадпрыемстваў.

Другія — гэты тыя, хто з-за зьменаў, якія прынясуць рэформы, баяцца стаць неканкурэнтаздольнымі. Гэта чыноўнікі сярэдняга, раённага ўзроўню.

Трэція — гэта тая частка грамадзтва, якая і сёньня не адчувае нейкай абароны з боку дзяржавы. І баіцца, што праз рэформы іх стан толькі пагоршыцца. З грамадзтвам трэба працаваць палітыкам. Астатнія групы — гэта іншыя чыньнікі.

— А наколькі пераканаўча выглядае гэтая «бітва», калі Аляксандар Лукашэнка «змагаецца» з прызначаным ім жа ўрадам, у якім заселі рэфарматары?

— Нам ня вельмі важна, шчыра ці не ідзе там нейкая барацьба. Важна, што ідзе публічная дыскусія пра рэформы, і гэта дае нам магчымасьць удзелу у вельмі важных працэсах, магчымасьць уплываць на тое, што адбываецца ў дзяржаве — зразумела, з пэўнымі абмежаваньнямі. Таму трэба карыстацца гэтай магчымасьцю.

Трэба павялічваць кола рэфарматараў унутры ўлады, павялічваць стасункі паміж рэфарматарамі ў апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і ва ўладзе. Дарэчы, на Форуме няма нікога з прадстаўнікоў апазыцыі, акрамя Тацьцяны Караткевіч і мяне, хаця гэта цудоўная магчымасьць, адкрытае мерапрыемства. І трэцяе — трэба выходзіць за межы Менску.

— Андрэй, вы казалі пра адзіны падыход усіх удзельнікаў форуму наконт неабходнасьці рэформаў. Але гэтая еднасьць да таго часу, пакуль рэальныя рэформы не пачаліся. Бо калі яны пачнуцца, то непазьбежна ўзьнікнуць самыя розныя падыходы да таго, што трэба рабіць. І рэформы заўсёды прыносяць і нэгатыўныя наступствы. Ці магчыма спалучыць гэтыя дзьве рэчы — праводзіць патрэбныя перамены і разам з тым захоўваць сацыяльныя «заваёвы»?

Тое, што сёньня немагчыма правесьці нармальныя рэформы, ня ўлічваючы сацыяльны складнік — пра гэта сёньня кажуць фактычна ўсе экспэрты. Калі вы ня будзеце абараняць грамадзтва, ствараць пэўныя сыстэмы дапамогі на цяжкі час — то грамадзтва проста ня дасьць вам правесьці рэформы.

Што трэба зрабіць у першую чаргу? Пытаньні малога і сярэдняга бізнэсу, найперш у рэгіёнах, каб яны стваралі там працоўныя месцы, паляпшэньне якасьці кіраваньня — як дзяржавай, гэтак і прадпрыемствамі дзяржсэктару. Адукацыя грамадзтва, каб падрыхтаваць людзей да новай сытуацыі.

Рух ідзе, калі параўнаць сытуацыю нават з тым, што было 2 гады таму. Я магу сказаць, што колькасьць і якасьць рэфарматараў узмацнілася, значна больш распрацаваных рашэньняў, якія можна браць і рэалізоўваць.

«Радыё Свабода»

6 ноября 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…