+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Андрэй Дзьмітрыеў: «Курс будзе 3,7 талера за даляр»

Прагнозы на 2016 і наступныя гады спрэс пэсымістычныя, нават змрочныя. Свабода прапанавала сваім суразмоўцам заглянуць не ў сумнеўнае заўтра, а ў, магчыма, лепшае пасьлязаўтра. Сваім прагнозам на 2025 год падзяліўся і адзін з лідараў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

indy.by-world-in-2025-650x365

Паколькі я палітык, а не фантаст, і паколькі я разумею, што перамены патрабуюць часу, давайце казаць не пра 2025, а хаця б пра 2030 год, бо розьніца ў 5 гадоў для рэформаў у краіне — істотны тэрмін.

За гэты час у краіне пройдзе «Народны рэфэрэндум», які замацуе новы кірунак разьвіцьця. Курс будзе 3,7 талера за даляр. Самай папулярнай у Беларусі будзе прафэсія праграміста, а асновай эканамічнага росту стане навука і навукаёмістыя галіны. Мы пачнём зарабляць на стварэньні дадатковай вартасьці: дызайну, інжынэрыі, навуковых дасьледаваньняў, лягістыкі і мэдычных паслуг, вайсковай вытворчасьці.

Ня менш за 65% беларусаў будуць працаваць у прыватным сэктары. Мы будзем краінай з найлепшымі ўмовамі для вядзеньня малога і сярэдняга бізнэсу і з самай высокай колькасьцю стартапаў у рэгіёне. Дзякуючы разьвіцьцю лягістыкі ў Беларусі зьявяцца аўтабаны і хуткасная чыгунка. Галоўным сымбалем краіны стане ня трактар, а тэхналёгіі — распрацоўкі кшталту «Вайбэра» ці «танкаў».

«Беларусам ня будуць патрэбныя візы ў большасьць краінаў сьвету»

Істотна зьменіцца сфэра адукацыі. Адкрыецца першы нацыянальны беларускі онлайн-унівэрсытэт. Зьменіцца сам падыход да адукацыі і навукі. За прыклад возьмуць Фінляндыю.

Мы скасуем Акадэмію Навук і ўсе кантралюючыя органы ў адукацыі. Беларусь будзе чальцом новых рэгіянальных саюзаў як на захад, так і на ўсход — пры захаваньні свайго сувэрэнітэту. Беларусам ня будуць патрэбныя візы ў большасьць краінаў сьвету, і сама Беларусь будзе адкрытая для наведваньняў.

У 2020 годзе Беларусь не працягне дамову па вайсковых аб’ектах і з таго часу стане сапраўды нэўтральнай дзяржавай, што будзе карысна і для Расеі, і для ЗША, і для Кітаю. Шмат беларусаў вернецца з-за мяжы, каб будаваць краіну дзякуючы адмысловай праграме «Зьбіраем беларусаў дома». Грамадзяне будуць абіраць мэраў і кіраўнікоў паветаў, а колькасьць тэрмінаў прэзыдэнцтва будзе абмежаваная двума.

«Славянскі Базар», «Дажынкі» і «Дзень пісьменства» будуць, як і раней, радаваць грамадзянаў. Адбудуецца замак у Наваградку, першай сталіцы ВКЛ. Зьнікне ідэалягічная вэртыкаль і Міністэрства інфармацыі, але і бязь іх усім будзе зразумела, што галоўны покліч — «Каго любіш? — Беларусь! — То ўзаемна!».

«Радыё Свабода»

6 февраля 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…