+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Андрэй Дзьмітрыеў: «Я ня думаю, што паліттэхноляг вучыў Януковіча каштоўнасьцям»

Вядомы амэрыканскі паліттэхноляг Пол Манафарт, які цягам некалькіх гадоў быў міжнародным кансультантам былога ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Януковіча, далучыўся да каманды кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Дональда Трампа.

6048

Адзін з лідараў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў распавёў, на каго працуюць паліттэхнолягі і як гэта ўплывае на іхні імідж.

— У інтэрнэце іншы раз згадваюць, што вы былі паліттэхнолягам у камандзе былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Вы пра гэта, відаць, нідзе ня любіце згадваць…

— Я ніколі ня быў паліттэхнолягам у Януковіча. Я там выконваў часовую працу з камандай, якая потым на яго працавала. Мне тады было 23 гады. Вы ўяўляеце сабе ў гэтым узросьце быць паліттэхнолягам у кандыдата ў прэзыдэнты? Гэта немагчыма. Я там трэніраваў групы маладых людзей і тлумачыў, як тэхналягічна рабіць кампанію «ад дзьвярэй да дзьвярэй». Як правільна працаваць, складаць паперы, размаўляць зь людзьмі. Гэта і сёньня зьяўляецца эфэктыўнай працай з выбаршчыкамі. І я гэтаму вучыў толькі адну каманду ў Кіеве. Мая знаёмая запрасіла мяне апавесьці, як гэтую працу рабіць.

— То бок вы там працавалі нядоўга?

— Так, гэта было правядзеньне аднаго-двух тэхналягічных сэмінараў. Я не займаўся ўкраінскай палітыкай і ня мог быць паліттэхнолягам, бо для гэтага трэба разумець сутнасьць працэсу, які адбываецца. Але кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» паўсюль аднолькавая.

— А вы былі задаволеныя вынікамі той кампаніі, цікавіліся гэтым?

— Не цікавіўся, ня думаю, што яна прайшла вельмі пасьпяхова. Бо тады настолькі ўсе былі ўпэўненыя, што перамога ў кішэні, што асабліва напружвацца не зьбіраліся. Кампанія «ад дзьвярэй да дзьвярэй» эфэктыўная, але патрабуе вялікіх высілкаў і шмат часу. А гэтага ня робяць, калі людзі вераць, што ўсё ўжо вырашана. Але як бачым, гісторыя часам паказвае, што далёка ня ўсё. І ня толькі, дарэчы, ва Ўкраіне.

— То бок сувязяў з камандай Януковіча ў вас не было?

— Не, тут няма ні інтрыгі, ні драмы. Проста ёсьць там шэраг тэмаў, якія некаторыя ўзялі з маёй біяграфіі і вырашылі нешта з гэтага разьдзьмуць, не ўдаючыся ў нейкія падрабязнасьці. Я гэта бачыў у інтэрнэце, у фэйсбуку. То бок там не было ніякай ідэалягічнай працы, потым не было супрацы. Гэта была канкрэтная задача па канкрэтных маіх навыках.

— А вы не шкадуеце цяпер, што вам давялося вучыць каманду Януковіча, хаця і так коратка, як кажаце?

— Калі яны ў мяне тады запытваліся, я ім шчыра казаў, што я падтрымліваю іншы бок. Але на той момант мне гэта не падавалася нейкім такім прынцыповым супрацьстаяньнем. Усё ж сыстэма Кучмы моцна адрозьнівалася ад таго, што мы сёньня маем у Беларусі. Былі апазыцыйныя партыі ў Вярхоўнай радзе, той жа Юшчанка быў міністрам і нават віцэ-прэмʼерам. То бок гэта не ўяўлялася як процістаяньне чорнага і белага. Гэта была проста барацьба паміж рознымі групамі за ўладу. Адна была больш празаходняя, другая не. Але гэта ўсе былі людзі адтуль. Я разумею, што пасьля апошняга Майдану гэта вельмі радыкалізавалася. Але давайце ўзгадаем гэтыя пяць гадоў Юшчанкі-Цімашэнкі. Ці насамрэч яны былі лібэральнымі, ці шмат было праведзена лібэральных рэформаў? Не. І менавіта таму Януковіч потым здолеў перамагчы. Таму зараз гэта вельмі добры ўрок для Беларусі. І мне было цікава быць там унутры, глядзець, як гэта ўсё адбываецца. Гэта было мне цікава, я толькі пачынаў разьбірацца ў палітыцы. Я нічога кепскага не зрабіў, я ж не трэніраваў тых, хто потым разганяў Майдан. Яны ж не выказвалі фашысцкіх ідэяў, не выказваліся за далучэньне Ўкраіны да Расеі, Януковіч казаў тады пра эўрапейскую будучыню Ўкраіны.

— А тады было вядома, што паліттэхноляг Пол Манафарт дапамагаў Януковічу?

— Тады казалі, што амэрыканцы працуюць зь Януковічам. Але я быў вельмі далёка ад гэтага і па ўзросьце, і па статусе. Казалі, што дзіўна, бо Януковіч гэта ня Юшчанка, але зь ім працуюць амэрыканцы. Але многа якія амэрыканскія арганізацыі, якія працуюць на падтрымку дэмакратыі, у той час супрацоўнічалі з камандай Януковіча.

— А ці можна наогул нечаму навучыць такіх, як Януковіч?

— Дэмакратыі і каштоўнасьцям? Нельга. Нікога немагчыма. Ні Януковіча, ні Лукашэнку. Чалавек, па першае, мусіць падзяляць пэўныя погляды. Дэмакратыя там, дзе грамадзтва гэта абараняе і лічыць для сябе патрэбным і важным. Бо так ці інакш людзі ва ўладзе заўсёды змагаюцца за яе пашырэньне і за зьняцьце магчымых абмежаваньняў. І што адбывалася ў амэрыканскай палітыцы цягам апошніх 30 гадоў, дзе таксама было пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта? Цяпер я чытаю амэрыканскіх журналістаў, якія шкадуюць, што далі магчымасьць гэтаму адбыцца. Бо калі пераможа Трамп, то ён атрымае велізарныя паўнамоцтвы. Таму гэта не пытаньне навучыць некага. Гэта пытаньне, каб была сыстэма, пабудаваная на розных узаемных абмежаваньнях, на іх балянсе. І каб грамадзтва вельмі за гэтым сачыла, бо ад гэтага часам залежыць ня толькі дабрабыт, але бясьпека і жыцьцё.

Ведаеце, я ня думаю, што паліттэхноляг вучыў Януковіча каштоўнасьцям. Я думаю, паліттэхноляг, улічваючы асобу Януковіча, вучыў дзьвюм рэчам. Я гэта магу сказаць як чалавек, які сам рабіў дзьве прэзыдэнцкія кампаніі ў Беларусі. Ён вучыў паўтараць пэўныя рэчы і па магчымасьці менш дадаваць ад сябе, бо з гэтым потым звычайна цяжка працаваць. І вучыў нейкім дэбатным прыёмам, як, напрыклад, абыходзіць складаныя моманты ў біяграфіі.

— У залежнасьці ад таго, каму дапамагае паліттэхноляг, гэта неяк адбіваецца на ягоным іміджы, яму ўсё роўна каго вучыць?

— Я думаю, ня ўсё роўна. Паліттэхнолягі, безумоўна, маюць свае абмежаваньні. Напрыклад, я не ўяўляю, ні за якія грошы, што я буду падтрымліваць тых, хто выказвае фашысцкія погляды. Таму такія абмежаваньні для мяне, безумоўна, ёсьць. Але калі мы кажам, што гэта сацыял-дэмакрат ці лібэрал, то чалавек можа працаваць і з тымі, і зь іншымі. Хаця ў тых жа ЗША і ў Эўропе ёсьць паліттэхнолягі, якія працуюць звычайна з правымі партыямі, і тыя, якія працуюць зь левымі. Але ўзгадаем, што ў Лукашэнкі таксама быў досьвед з замежным паліттэхнолягам Бэлам. Кажуць, адна зь ягоных прыдумак — не хаваць малодшага сына Мікалая, а наадварот, паўсюль паказваць. То бок ёсьць такія, якія працуюць і такім чынам. Таму агулам гэта рэч даволі ўтылітарная.

«Радыё Свабода»

3 апреля 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…