+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Апазыцыя зьбіраецца кардынальна зьмяніць свой імідж падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году

Пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў старшыні кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў на прэс-канфэрэнцыі кааліцыі «Народны рэфэрэндум» у Менску.

«Мы лічым, што вельмі важнай задачай падчас гэтых выбараў будзе зьмена іміджу апазыцыі. Трэба выйсьці з гэтай дэпрэсіі і смутку, з гэтага пастаяннага жалобнага сьпеву, і паказаць што мы адэкватныя і цікавыя, мы тыя, да каго хочацца далучацца, з кім хочацца быць побач, мы пазытыўныя і ў нас ёсьць бачаньне будучыні, у якой кожнаму ёсьць месца. Вось гэта тая задача, якую мы жадаем падчас гэтых выбараў вырашыць, каб людзі пасьля выбараў сказалі, што апазыцыя цяпер іншая, што гэта цікавыя людзі, зь якімі хочацца размаўляць, што яны ня зомбі», — заявіў палітык.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці будзе такая зьмена азначаць адыход апазыцыі ад вострых палітычных праблемаў, накшталт праблемы палітвязьняў, Дзьмітрыеў запэўніў, што пазытыўнымі можна быць і падымаючы вострыя пытаньні. Зьмена іміджу будзе палягаць хутчэй у іншым прынцыпе правядзеньня кампаніі.

«Мы хочам зрабіць іншую кампанію, не клясычную апазыцыйную кампанію, дзе ўсё адразу прапісана да кропкі і мы ўсе гэтае кола ведаем. Гэта ня значыць, што мы ня будзем казаць пра палітзьняволеных — безумоўна, будзем. Але казаць можна па-рознаму, размаўляць можна з рознымі людзьмі. Усё ж такі дагэтуль агульнаапазыцыйная гутарка — яна была для сваіх. Селі, пагаманілі, ведаем, хто вінаваты, і разышліся. Вось гэта трэба зьмяніць: трэба паказаць, што ў апазыцыі ёсьць нармальныя людзі», — кажа Дзьмітрыеў.

Паводле слоў палітыка, вылучэньне Тацяны Караткевіч кандыдатам у прэзыдэнты — гэта якраз пачатак зьмены іміджу.

«Гэта жанчына, якая ўсьміхаецца, яна пазытыўная, зь ёй хочацца размаўляць. Яна будзе гаварыць і па іншых тэмах таксама, чым гаварылі раней. Яе кампанія будзе будавацца на іншых прынцыпах — прынцыпах празрыстасьці. Вы будзеце ведаць, колькі было грошай, адкуль яны, якія яны, вы будзеце ведаць, як яны былі выдаткаваныя», — паабяцаў Дзьмітрыеў.

«Я нядаўна размаўляў зь бізнэсоўцам. Ён мне кажа: справа ня ў тым, што я баюся падтрымліваць апазыцыю, справа ў тым, што я ня ведаю, чаму я павінен яе падтрымліваць, чаго яны хочуць для гэтай краіны. І, маўляў, маё разуменьне, што яны хочуць кепскага: яны хочуць, каб тут усё развалілася, а яны нешта на гэтым зарабілі. Вось гэта мы павінны зьмяніць. Мы ня хочам кепскага гэтай краіне, мы хочам, каб улада зразумела, што ў гэтай краіне жыве ня толькі яна, ня толькі людзі, якія яе падтрымліваюць, але і вялізарная колькасьць людзей, якім таксама патрэбныя магчымасьці. І яны ня ворагі. Людзі, якія носяць вышыванку, — ня ворагі. Людзі, якія размаўляюць па-беларуску, — ня ворагі. Гэта частка краіны, зь якой трэба размаўляць і трэба лічыцца. Як зрабіць, каб улада гэта зразумела? Трэба гэтых людзей аб’яднаць. Але каб іх аб’яднаць, трэба, каб яны захацелі далучыцца. А сёньня яны чытаюць пра нас, і ім нават ня страшна, а сумна — а гэта нават горш, чым страшна», — распавёў Дзьмітрыеў.

На прэс-канфэрэнцыі прадстаўнікі кааліцыі «Народнага рэфэрэндуму» абвясьцілі аб правядзеньні «беспрэцэдэнтнай для Беларусі адзінай палітычнай кампаніі 2015–2016 гадоў, якая мае ўключыць у сябе кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году і парлямэнцкіх выбараў 2016 году. Адмыслова дзеля гэтага створаны агульны штаб Партнэрства дзеля мірных пераменаў «Народны рэфэрэндум».

Андрэй Дзьмітрыеў у межах агульнага штабу будзе адказным за правядзеньне прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году.

«Радыё Свабода»

7 мая 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…