+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

«Асабіста для мяне «Пагоня» — наша гісторыя. Мы павінны любіць нашу гісторыю і герб»

Як вядома, 16 кастрычніка адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрната выклаў у суполцы «Мая краіна Беларусь» Вконтакте фота чатырох кадэтаў 3 курса, якія прадэманстравалі майкі з «Пагоняй».

Здымак разляцеўся па сацыяльных сетках і трапіў у СМІ.

Па словах аднаго з удзельнікаў фатаграфавання, учынак кадэтаў займеў наступствы: навучэнца, які апублікаваў фота, ужо адлічылі. Астатніх рыхтуюцца адлічыць. Кадэт расказаў, што аднакласнікі «стаяць за іх да апошняга».

— Асабіста для мяне «Пагоня» — наша гісторыя. Мы павінны любіць нашу гісторыю і герб, — патлумачыў навучэнец.

Пазней сталі вядомымі новыя падрабязнасці гэтай гісторыі. Як паведаміў адзін з кадэтаў, які пажадаў захаваць ананімнасць, трох удзельнікаў фатаграфавання пакінуць вучыцца далей:

— Пра гэта паведаміў дырэктар школы. З хлопцамі правялі выхаваўчыя гутаркі. Распыталі, адкуль яны ўзялі майкі, навошта фатаграфаваліся, ці ўсведамляюць тое, што зрабілі. Заўтра мусяць правесці гутаркі з іх бацькамі.

Па словах суразмоўцы, дырэктар фармальна не зманіў, калі сказаў журналістам, што сярод навучэнцаў няма кадэта з прозвішчам, пазначаным на старонцы Вконтакте:

— Мікіта — не сапраўднае яго імя. І прозвішча там выдуманае. Таму дырэктар так і сказаў.

Пра адлічэнне кадэта стала вядома позна ўвечары таго дня, калі было апублікаванае фота.

— Гэта было ўжо пасля адбою. Мікіта прыйшоў да нас развітвацца, сказаў, што едзе да бацькоў. Інфармацыя пра адлічэнне пакуль неафіцыйная, нам сказалі, што афіцыйна пра гэта аб’явяць у панядзелак, — расказаў суразмоўца. Па ягоных словах, удзельнікі фатаграфавання не ведалі, што іх сябар будзе выкладаць фота. Гэта была яго ініцыятыва і ні з кім з іх ён не раіўся:

— Ужо потым расказаў, што выставіў здымак, і што яго перадрукавалі СМІ. Цікава, што ў сацыяльных сетках пазітыўных водгукаў было вельмі шмат, больш, чым негатыўных.

Як расказаў суразмоўца, пасля таго як здымак разышоўся па інтэрнэце, кадэты папрасілі свайго таварыша выдаліць яго. Але было ўжо позна.

— Ніхто не думаў, што будзе такая рэакцыя. Каб ведалі, што так здарыца, то фота, напэўна, не публікавалі ў адкрытым доступе, — падзяліўся ўражаннямі суразмоўца. Па яго словах, з боку іншых навучэнцаў школы ўдзельнікі фотасесіі маюць моцную падтрымку. Магчыма гэта, а таксама розгалас у СМІ і сацсетках, дзе ўжо з’явіліся заклікі падтрымаць кадэтаў, і ўратавала трох навучэнцаў ад адлічэння.

Каментар ад экс-кандыдата ў прэзідэнта Таццяны Караткевіч:

— Сістэма адукацыі карае тых, хто дэманструе любоў да краіны. Чаму яны тады вучаць? Лічу, што кадэты павінны быць адноўленыя на вучобе і адміністрацыя мусіць перад імі выбачыцца. #пагоняпобач».

Варта адзначыць, што каментар з’явіўся да таго, як сталі вядомыя апошнія падрабязнасці з Ястрамбельскай школы-інтэрната.

«Салідарнасць»

17 октября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…