+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

«Чаму я павінна здымацца? Я самы моцны кандыдат з усіх!»

Прапануем чытачам рэпост інтэрв’ю карэспандэнта «Нашай Нівы» з Таццянай Караткевіч. Свае адносіны рэдакцыя выказвае у рэдакцыйным каментары

«НН»: Як вы ўвогуле прыйшлі да рашэння ісці на выбары?

Па-першае, гэта маё рашэнне, якое выспела не так даўно. А ідэя была Уладзіміра Пракопавіча [Някляева – НН]. Ён казаў пасля парламенцкай кампаніі: а што ўсё Някляеў, вось Караткевіч сядзіць!

«НН»: Можа, ён пажартаваў?

Ну, ён такі чалавек, што складана зразумець… (смяецца). Але я думаю, што ён думае, пра што кажа.

Motolko_yh6t0062

«НН»: І пасля словаў Някляева вы вырашылі, што трэба ісці ў кандыдаты?

Гэтае рашэнне ўзнікла з падтрымкі. Я была ў спісе, чатыры арганізацыі [«Гавары праўду!», БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і рух «За свабоду!» — НН] мяне абмяркоўвалі, мае плюсы і мінусы. Асноўнае, на чым палягае выбар маёй кандыдатуры, гэта тое, што ідэя мірных пераменаў можа больш эфектыўна быць агучана жанчынай. А я пагадзілася, бо ёсць каманда, якая мяне падтрымлівае. Гэта супольная праца, калектыўнае рашэнне.

«НН»: А вас не палохае адсутнасць палітычнай вагі? Для большасці народу вы проста чарговы невядомы прадстаўнік апазіцыі.

Дык з гэтага і пачынаецца палітыка. Я ведаю, што мае рэйтынгі малыя. Але я не збіраюся сыходзіць. У нас ёсць стратэгія на два гады наперад. Тым больш, палітычны досвед ёсць, гэта і праца ў межах «Народнага рэферэндуму», і ўдзел у парламенцкай кампаніі. У палітыцы важна не спыняцца, калі ёсць мэты.

«НН»: Вы самі лічыце сабе найлепшым «кандыдатам у кандыдаты»?

Я хацела б, каб Уладзімір Някляеў ішоў, але ён сказаў, што не будзе ўдзельнічаць.

«НН»: А чаму яго ідэю пра адзінага кандыдата не падтрымалі?

Мы, каманда «Гавары праўду!», яго заўсёды падтрымлівалі. Ён хацеў бы, канечне, каб яго незавершаны гештальт завяршыўся: кангрэс, адзіны кандыдат… Але, калі Мілінкевіч адмовіўся, то Някляеў сам не захацеў ісці ў кандыдаты.

 «НН»: Чаму кампанію не пачалі раней?

Як толькі я даведалася, што буду кандыдатам, адразу пачала кампанію.

«НН»: Але ж чаму кандыдата не абралі раней?

Менавіта таму, што мы не засяроджваемся на персоне. Такіх людзей, як Караткевіч, павінна быць больш. Мы ўсе працавалі на ідэю «Народнага рэферэндуму». Увогуле, я хацела б, каб сённяшняя дыскусія — «А чаму Караткевіч?», «А хто яна такая?» – скончылася на этапе рэгістрацыі кандыдатаў, каб пачалі казаць, што трэба зрабіць, каб дамагчыся мірных пераменаў.

Motolko_yh6t0389

«НН»: То бок, кандыдата абралі толькі ў маі свядома?

Не, так атрымалася, бо чакалі рашэння Някляева, доўга думаў Мілінкевіч… Плюс існуе ж бюракратыя ўнутры арганізацыі… Але тое, што кандыдат з’явіўся позна, я не лічу памылкай. Як ёсць, так ёсць.

«НН»: Але вы казалі, што вам не хапае часу, бо ўлада перанесла выбары на месяц раней.

Мы трошкі не паспяваем, бо планавалі больш паездзіць, напрыклад, трапіць у некаторыя гарады некалькі разоў.

«НН»: Дык, можа, гэта памылка вашай кааліцыі, што трэба было падумаць аб гэтым раней?

Мы ў той рэчаіснасці, якая ёсць, і рэагуем на яе досыць мабільна. Цяпер я праехала 11 тысяч кіламетраў, і ганаруся тым, што раблю, бо ніхто з палітыкаў, нават дэмакратычных актывістаў, не спускаецца да нізоў.

Motolko_yh6t0125

 «НН»: Вы казалі, што улада перанесла выбары, бо баіцца канкурэнцыі? Вы самі ў гэта верыце?

Так. Яны вельмі моцна баяцца згубіць, тое, што маюць.

«НН»: Але на тле ўкраінскіх падзей, на тле сённяшняй Расіі пазіцыі Лукашэнкі толькі ўмацоўваюцца, хіба не?

Не. Людзей у рэгіёнах не надта цікавіць Украіна. Іх больш цікавіць уласны дабрабыт. А ён пагаршаецца.

 «НН»: І вы сур’ёзна разлічваеце на перамогу?

Я стаўлю максімальныя мэты. І калі мы зараз іх не дасягнем, будзем працаваць далей: парламенцкая кампанія, «Народны Рэферэндум».

«НН»: Але вы ідзяце за перамогай ці каб проста максімальна засвяціцца з дапамогай выбараў?

Я іду, каб аб’яднаць людзей вакол парадку дня мірных пераменаў. І хачу, каб пераможца, калі гэта буду не я, ведаў, чаго патрабуе народ: павагі, новых эканамічных магчымасцяў, веры ў будучыню. Гэта для мяне важна.

«НН»: А на якую лічбу вы разлічваеце? Колькі за вас прагаласуюць? Якую лічбу будзеце лічыць прымальнай?

Ад 10 да 25% — і я буду лічыць, што шмат чаго зрабіла.

«НН»: За каго будзеце самі галасаваць?

За Таццяну Караткевіч, калі яна будзе ў спісе.

Motolko_yh6t0150

«НН»: Што будзеце рабіць пасля выбараў?

Заклікаць на Плошчу я не буду. Я не магу гарантаваць людзям бяспеку. Але калі народ выйдзе на мірны пратэст, я выйду да людзей. Мірны пратэст – гэта калі пасля галасавання людзі выйдуць у горад, прайсціся, сустрэцца з сябрамі, пазначыўшы сябе сімволікай свайго кандыдата, сцяжкамі і гэтак далей. Хтосьці смялейшы можа зрабіць плакаты.

Увогуле, мы прадумваем розныя сцэнары паводзінаў, у залежнасці ад сітуацыі. Дакладна казаць пакуль рана, ўсе планы могуць змяніцца.

«НН»: А чаму вы адмовіліся зняцца? Ці проста, ці ў падтрымку Статкевіча?

Я самы моцны кандыдат з усіх. Чаму я павінна здымацца? Я прадстаўляю кааліцыю дэмакратычных сілаў. І ў нас ёсць абавязкі перад людзьмі, мы павінны выконваць свае абяцанні перад людзьмі, якія падпісваліся за «Народны Рэферэндум».

«НН»: Якія абяцанні?

Дамагчыся мірных пераменаў.

«НН»: Калі вы пойдзеце на выбары і прайграеце — гэта наблізіць мірныя перамены?

Гэта палітыка. Ты тады палітык, калі ўдзельнічаеш у палітычных працэсах. Калі мы адмовімся ўдзельнічаць — гэта палітычная смерць. Я лічу, мой удзел у кампаніі — гэта і ёсць падтрымка Статкевіча, а не зняццё ў знак салідарнасці з ім.

Motolko_yh6t0019

«НН»: Як вы ставіцеся да крытыкі? Пра вас кажуць рознае: і што вы «генератар штампаў», і «праект Дзмітрыева», зноў жа сайт karatkevich.party з вашымі цытатамі…

На сайт мы і самі заходзілі, каб падняць сабе настрой. Вельмі шкада, што яго закрылі. Што ж да іншага… Пра штампы пайшло пасля майго інтэрв’ю з Калінкінай, калі я хвалявалася, і гэта было відавочна. Трэба было быць больш гнуткай, больш крэатыўнай… Тое інтэрв’ю мяне прымусілі праглядзець шмат разоў, разабраць, што не так. Але ж я выйшла на публічную прастору, я гатова да крытыкі. 

«НН»: А хто займаецца вашым піярам? Страйкбол з кандыдатам — гэта выклікае ўсмешку.

Чаму? Я люблю актыўны адпачынак. У каго гэта выклікае ўсмешку?

«НН»: Як мінімум, у мяне.

Motolko_yh6t0048

А мне людзі тэлефануюць і пішуць, хочуць трапіць на гульню. Вам смешна, іншым цікава.

Motolko_yh6t0034

«НН»: А гэты слоган з вашых улётак: «Я за то, чтобы вы не стыділісь показывать своі холодільнікі»?

Што з ім не так?

«НН»: Каму іх паказваць?

Сёння людзі ацэньваюць свой дабрабыт вельмі простымі рэчамі: колькі яны могуць патраціць у краме, ці поўная ў іх лядоўня… І мне часта людзі кажуць, што грошай не хапае, і праз пару дзён лядоўня проста пустая, яе можна адключаць.

«НН»: Гэта я разумею. Але адкажыце, каму людзі павінны паказваць тыя лядоўні?

Я вас пачула, і перадам капірайтэрам, каб яны разгледзелі гэтае пытанне.

Улад Швядовіч, «Наша Ніва»

Ад рэдакцыи сайта «Гавары праўду»

Журналіст НН прасіў паехаць з Таццянай Караткевіч у адну з паездак па рэгіёнах, каб «паглядзець ды паслухаць», як яна размаўляе з людзьмі, як рэагуюць людзі… Дзень праездзіў разам з патэнцыйным кандыдатам па Бялыніцкаму раёну: «пабачыў-паслухаў», але нават словам не згадаў пра клопаты вяскоўцаў, праблемы глыбінкі — шукаў, чым, якім пытаннем можна загнаць у кут імавернага удзельніка прэзідэнцкапй кампаніі. Мае права. Толькі навошта тады выбірацца далей за свой офіс? Між тым у людзей з тых глыбінных вёсак, якія карэспандэнт усё ж наведаў, процьма нявырашанага, шмат балючых пытанняў. Пачытайце на нашым сайце хоць бы нататку самой Таццяны Караткевіч пра лёс лецішча славутага Васіля Старавойтава. Паднятая народам праблема, спадзяемся, будзе вырашацца. Адмыслова для тых, хто жыве ў Бялынічах і раёне, паведамляем: пачаліся ужо зрухі і з добраўпарадкаваннем могілак у Барку і суседніх вёсках, пра што казалі Таццяне вяскоўцы. Паколькі журналісты й палітыкі ў глыбінцы практычна не бываюць, то сярод іншага людзі разлічвалі таксама пабачыць свае фотаздымкі на сайце НН (газету тамтэйшыя практычна не ведаюць) — прыезд журналістаў, тым больш сталічных, тут наагул сенсацыя! Ну і адпаведныя чаканні. Аднак… Каб людзі не пераносілі крыўду на спадарыню Караткевіч, мы выкладаем некалькі фотаздымкаў Антона Матолькі з таго падарожжа.  

15 июля 2015

Коментарии

  • Вячеслав АГ28 июля 2015 #

    «Я самы моцны кандыдат з усіх. Чаму я павінна здымацца? Я прадстаўляю кааліцыю дэмакратычных сілаў. І ў нас ёсць абавязкі перад людзьмі, мы павінны выконваць свае абяцанні перад людзьмі, якія падпісваліся за «Народны Рэферэндум».»- это очень понравилось. Надеюсь не пустые слова.

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…