+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Чэкліст рэвалюцыі. Чаму ў Беларусі яшчэ доўга не будзе палітычных зменаў

Калі б Вы былі не-беларусам і пачулі пра еўрапейскую (няхай і аўтарытарную) краіну, якая ўжо некалькі гадоў дэградуе, а ўлады бавяцца ў з’езды ў стылі КПСС, то ў Вас бы ўзнікла лагічнае пытанне: чаму народ не змяняе ўладу?

Разгон_демонстраций

Падобнае мысленне, што эканамічны крызіс ці санкцыі Захаду могуць прывесці да змены ўлады, мантрамі паўтараецца ў Беларусі. Але насамрэч падобныя знешнія ўмовы маюць маргінальнае значэнне для палітыкі ў аўтарытарных краінах. Даследаванне Freedom House паказвае, што адзіным чыннікам, які істотна спрыяе поспеху апазіцыі, з’яўляецца цэнтралізацыя дзяржаўнай сістэмы, якая ў Беларусі акурат прысутнічае.  

Аднак, справа ў тым, што значэнне маюць здольнасці апазіцыйнага руху, а не вонкавыя ўмовы.

Кажучы прасцей, апазіцыя б перамагла Лукашэнку, калі б умела, а крызісы ці санкцыі не граюць асаблівай ролі.

Даследчыкі Міжнароднага цэнтра негвалтоўных канфліктаў стварылі чэкліст з трох здольнасцяў і трох трэндаў, які дапамагае вызначыць, ці мае апазіцыйны рух шанцы на перамогу ў барацьбе з аўтарытарным рэжымам.

Шэсць рэчаў, без якіх рэвалюцыя маларэальная:

Здольнасць аб’ядноваць людзей. Гаворка не толькі пра ўнутранае адзінства прадстаўнікоў апазіцыі, але здольнасць аб’ядноўваць розныя сацыяльныя пласты. Безумоўна, руху патрэбны лідар, які падабаецца грамадству, але таксама і людзі з розных класаў і рэгіёнаў, якія ўмеюць будаваць кааліцыі.

Разумнае планаванне. Выбар тактыкі барацьбы з’яўляецца адной з найскладанейшых рэчаў, якія мае прадумаць апазіцыйны рух. Напрыклад, польская “Салідарнасць” амаль не пратэставала на вуліцах, а свае акцыі праводзіла на працоўных месцах, дзе знаходзілася ў большай бяспецы. І акурат пры планаванні істотнае значэнне мае выкарыстанне ўмоваў, як сённяшні эканамічны заняпад у Беларусі.

Негвалтоўнасць. Іншае даследаванне Эрыкі Чэнаўэт і Марыі Стэфан паказвае, што ў 1990-2006 гг. негвалтоўны супраціў быў у два разы больш эфектыўным, чым гвалтоўны. Таму апазіцыйны рух павінен трымацца як мага далей ад самой ідэі гвалту, якая пужае людзей, не прыносіць выніку і легітымізуе сілавыя метады рэжыму.

Такім чынам, праціўнікі Лукашэнкі, якія выкарыстоўваюць гвалт, абслугоўваюць інтарэсы ўладаў.

А прыклад Сірыі паказвае, што ад негвалтоўнасці не варта адмаўляцца нават калі сілы дзейнага рэжыму значна змяншаюцца і з’яўляецца спакуса вырашыць пытанне гвалтам. Гэтак зрабілі праціўнікі Башара аль-Асада і замест бліцкрыга атрымалі доўгую крывавую вайну.

Рост грамадскага ўдзелу ў супраціве. Папулярнасць апазіцыйнага руху павінна выйсці за яго электаральную базу, а няздольнасць гэта зрабіць тлумачыць, чаму праваліліся студэнцкія пратэсты ў Кітаі ў 1989-ым ды Іране ў 2009-ым.

Аб’яднанне абсалютна розных групаў (такіх, БХД і ЛГБТ-рух) пад адным пасланнем можа стварыць вобраз адзінства і выклікаць падзел унутры ўладных элітаў ды зменшыць рэпрэсіі.

Змяншэнне ўплыву рэпрэсій. Задачай апазіцыйнага руху з’яўляецца стварэнне новага тыпу пратэсту, які не будзе цягнуць за сабой рэпрэсіі. Напрыклад, у Чылі апазіцыя заклікала людзей у адзін дзень працаваць павольна, а а 20:00 гадзіне пачаць грукатаць рондалямі і патэльнямі. Хоць у беларускіх умовах, калі нават бязрукія людзі атрымліваюць штрафы за плясканне ў ладкі, прадумванне бяспечных формаў пратэсту застаецца даволі складаным.

Раскол унутры рэжыму. Хоць у Беларусі існуе пэўнае супрацьстаянне паміж “рэфарматарскімі” і “рэтраграднымі” чыноўнікамі адносна эканомікі, гэтыя дэбаты пакуль ніякім чынам не датычаць лаяльнасці да кіраўніка дзяржавы. Тым болей, што для поспеху негвалтоўнага руху патрэбная нейтральнасць “сілавікоў”, якой апазіцыйны рух мае дамагацца і кветкамі для міліцыянтаў у часе пратэстаў, і тайнымі перамовамі са спецслужбамі.

Чэкліст – не навігатар па змене рэжыму

Выглядае, што ўсе рухі, якія супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, пазбаўленыя ледзь не ўсіх гэтых здольнасцяў. Таму не дзіва, што чакаць зменаў у Беларусі не прыходзіцца.

Болей за тое, нават выкананне ўсіх умоваў не дае гарантыі, што грамадскі рух пераможа аўтарытарны рэжым і тым болей, не можа служыць кіраваннем да дзеяння, бо ў жыцці ўсё складаней за шэсць пунктаў. Але прынамсі пра гэтыя рэчы магла б думаць апазіцыя, пакуль Аляксандр Лукашэнка гуляецца ў з’езды КПСС.

Ідэя

24 июня 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…