+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Дзьмітрыеў: «Гавары праўду» не зьмянілася. Нешта зьмянілася ў самім Някляеве

Кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў у інтэр’вью «Радыё Свабода» адказвае на рэзкія выказваньні Ўладзімера Някляева на адрас Тацяны Караткевіч.

Цыганкоў: У апошнім інтэрвію сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук»  Уладзімер Някляеў, сярод іншага, заявіў: «Караткевіч сёньня прадстаўляе ідэалёгію кампаніі „Гавары праўду“. Тую, якая склалася на сёньняшні момант. І якая мне асабіста без патрэбы. Гэта была адна з прычын, па якіх у нас узьнік унутраны канфлікт, які разьвіваўся і прывёў да таго, да чаго прывёў». Што такога зьмянілася ў «Гавары праўду», з-за чаго Ўладзімер Някляеў быў вымушаны пакінуць кампанію?

Дзьмітрыеў: Ідэалёгія «Гавары праўду» не зьмянялася з моманту заснаваньня кампаніі зь 2009 году. І за гэты час мы гэта неаднаразова даказвалі праз такія акцыі, як «Грамадзянская дамова», кампанію «Народны рэфэрэндум» і цяпер — удзел Тацяны Караткевіч у прэзыдэнцкіх выбарах. Галоўны пункт гэтай ідэалёгіі — мы ідзем да людзей, працуем зь іхнімі інтарэсамі, абараняем гэтыя інтарэсы. І мы сумленна і сьвядома выбіраем не займацца ўнутранай валтузьнёй, пабудовай ідэалёгіі вакол адной асобы — мы абралі шлях працы зь людзьмі.

Гэта ў нас не мянялася. Таму, найхутчэй, можна казаць, што нешта зьмянілася ў самім Някляеве.

Цыганкоў: Гаворачы пра Тацяну Караткевіч і некаторыя яе палітычныя ацэнкі, Някляеў заявіў: «Гэта абсалютна не яе, гэта настолькі для яе ненатуральна, што яна ператвараецца ў плястмасавую ляльку, прычым камсамольскую плястмасавую ляльку». Як бы вы гэта пракамэнтавалі?

Дзьмітрыеў: Тацяна цяпер робіць велізарную працу. Я проста шчыра ўдзячны ёй за гэта і ганаруся тым, як яна адпрацавала апошнія два месяцы. Яна наведала больш за 50 мясьцінаў Беларусі, заваявала давер з боку простых людзей. Дарэчы, Тацяна ніколі не была ў камсамоле. А ўсё астатняе — гэта пазыцыя і каманды «Гавары праўду», і яе асабістая. І мы гэта неаднаразова абмяркоўвалі яшчэ тады, калі Ўладзімер Някляеў быў лідэрам кампаніі. Нашы пазыцыі тут зноў-такі не зьмяніліся.

Цыганкоў: Можна заўважыць, што за апошнія дні Ўладзімер Някляеў некалькі разоў у розных СМІ крытычна выказваўся ў бок Тацяны Караткевіч і «Гавары праўду». Чым вы гэта патлумачыце?

Дзьмітрыеў: Я ня ведаю, можа, гэта ўплыў ягонага сёньняшняга атачэньня. Для мяне асабіста апошнія заявы Някляева — можа, гэта крыўда, можа, яшчэ нешта. Але проста няма часу на гэта зважаць, сёньня ў мяне першы выходны за апошнія месяцы. Апошні месяц была адна задача — сабраць подпісы. І на яе працавала ўся каманда «Гавары праўду» — гэтаксама сумленна, як яна працавала ў 2010 годзе, калі зьбірала подпісы за Някляева.

«Радыё Свабода»

22 августа 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…