+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Дзьмітрыеў выступіў з рэвалюцыйным тэзісам: падзел на ўладу і апазыцыю ўжо неактуальны

Старшыня рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў лічыць, што «рэфарматары» ва ўладзе і апазыцыі павінны аб’яднаць свае намаганьні, а вулічныя пратэсты на цяперашнім этапе могуць быць нават шкоднымі.

Гродно_прессуха_25_02

Гэтыя тэзісы Андрэй Дзьмітрыеў агучыў на канфэрэнцыі, прысьвечанай найбольш важным падзеям у Беларусі і рэгіёне ў 2015 годзе. Канфэрэнцыю праводзіў Belarus Security Blog.

У дакладзе на канфэрэнцыі Дзьмітрыеў кажа пра тое, што ўнутры ўлады і апазыцыі пачаўся падзел на «рэтраградаў» і «рэфарматараў», і менавіта гэта стала «лініяй водападзелу». Інтарэсы «рэтраградаў» ва ўладзе і апазыцыі пры гэтым супадаюць: і тыя, і другія ня хочуць нічога мяняць.

А вось «рэфарматары» — як ва ўладзе, так і ў апазыцыі — нацэленыя на зьмены, зацікаўленыя ў павелічэньні грамадзкага ўдзелу ў палітычных працэсах і лічаць грамадзтва самадастатковым суб’ектам палітыкі.

— Гэты падзел становіцца ўсё больш відавочным і публічным, — падкрэсьліў Дзьмітрыеў у інтэрвію Свабодзе. — Ён становіцца публічным, бо ўмоўнай групе «рэфарматараў» ва ўладзе сёньня патрэбна грамадзкая падтрымка. У іх няма сілаў і няма ўнутраных рэсурсаў унутры сыстэмы, каб прасоўваць свае ідэі. Я думаю, што тое ж самае адбываецца і ўнутры апазыцыі. Мы бачым відавочны падзел на блёкі. Важна, каб тыя, хто сёньня ўваходзіць у лягер «рэфарматараў», незалежна ад іхніх палітычных поглядаў, маглі працаваць у адным кірунку.

— Такім чынам, вы заклікаеце да дыялёгу і супрацы паміж «рэфарматарамі» ва ўладзе і апазыцыі?

— Я лічу, што такі дыялёг мог бы быць вельмі карысны і для аднаго, і для другога боку.

— А каго ўсё ж вы лічыце «рэфарматарамі» ва ўладзе і каго «рэтраградамі» ў апазыцыі?

— Сёньня ў апазыцыі «Гавары праўду» — асноўная сіла, якую можна назваць рэфарматарскай. Што тычыцца ўладаў, то тут імёны відавочныя — гэта тыя, хто сёньня кажа пра эканамічныя рэформы, хто кажа пра зьмену падыходаў да дзяржаўнай падтрымкі нерэнтабэльных прадпрыемстваў, пашырэньня паўнамоцтваў мясцовай улады. Я ў сваім дакладзе даволі яскрава выклаў тыя крытэры, паводле якіх мы можам аддзяліць «рэтраградаў» ад «рэфарматараў». Што тычыцца «рэтраградаў» — гэта тыя, хто паўтарае адно і тое ж, але адсутнасьць посьпеху сьпісваюць на нейкія іншыя фактары. Але самае важнае, што яны не прымаюць сытуацыю як ёсьць, яны так ці інакш выступаюць супраць дыялёгу.

— Але каго вы ўсё-ткі лічыце лідэрамі «партыі рэфарматараў» ва ўладзе? Вы можаце назваць нейкія імёны?

— Напрыклад, кніга Кірыла Рудага («Фінансавая дыета. Рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі». — РС), безумоўна, робіць яго адным з удзельнікаў гэтай рэфарматарскай групы. Але, калі паглядзець, у гэтай кнізе таксама ёсьць сьпіс прозьвішчаў людзей, якія зьяўляюцца суаўтарамі — яны таксама ў гэтай групе.

— Наколькі ўплывовая «партыя рэфарматараў» ва ўладзе?

— Думаю, што цяпер яна ня вельмі ўплывовая. Усё-ткі людзей, якія зацікаўленыя ў тым, каб захаваць сытуацыю як яна ёсьць, пакуль што большасьць. Напрыклад, гэта тыя ж самыя дырэктары прадпрыемстваў, якія зацікаўленыя наўпрост у працягваньні бяздумнага крэдытаваньня сваіх прадпрыемстваў і адсутнасьці адказнасьці за тое, што яны не атрымліваюць прыбытку. Мы таксама можам сказаць, што гэта тыя, хто сёньня на варце ідэалёгіі, як, напрыклад, Міністэрства інфармацыі. Зразумела, што рэформы і лібэралізацыя будуць скарачаць іх уплыў на грамадзтва і на саму сыстэму.

— А ці магчыма павялічыць уплыў «партыі рэфарматараў» ва ўладзе?

— Павялічыць уплыў можна праз стварэньне грамадзкага запыту на рэформы. Так, згодна з сацыялёгіяй, мы сёньня бачым шмат людзей, якія хочуць рэформаў, але пакуль гэта не настолькі відавочна, яны ня здолелі гэта відавочна прадэманстраваць. Ну, і таксама вельмі важна, каб самі рэфарматары былі актыўнымі, больш выказвалі ідэяў, канкрэтных плянаў, больш вялі дыскусіі. Гэта адзіны шлях, празь які можна зьбіраць гэтую грамадзкую і палітычную падтрымку.

— А што гатова зрабіць «Гавары праўду»?

— Мы гатовыя ісьці, размаўляць і дамаўляцца па тых пунктах, якія ў нас супадаюць. Найперш для нас гэта пашырэньне правоў мясцовай улады і самакіраваньня, гэта рэформа эканомікі і пераарыентацыя падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў на падтрымку і стварэньне даступных крэдытаў для малога і сярэдняга бізнэсу. Ну і, канечне, пакуль дапамога па беспрацоўі будзе 20 даляраў, ніякіх рэформаў ня зробім.

— Адначасова вы кажаце пра тое, што на дадзеным этапе вулічныя пратэсты могуць быць нават шкоднымі. Чаму?

— Найперш я хачу падкрэсьліць, што шкодныя менавіта малападрыхтаваныя, малаколькасныя вулічныя пратэсты. Бо людзі на гэта глядзяць, і для іх гэта пасыл, што калі там нікога няма, то і мне ня трэба ісьці.

Акрамя таго, гэта пасыл і для ўлады. Яна бачыць, што калі па важным пытаньні выходзіць максымум тысяча чалавек і нават гэтая колькасьць ня можа захавацца на працягу двух тыдняў, то, значыць, пытаньне не настолькі вострае, як пра гэта гавораць. Таму лепш зрабіць адну акцыю ў тры месяцы, але каб яна сапраўды сабрала людзей, каб яна сапраўды была падрыхтаваная, сапраўды дэманстравала запыт на рэформы і перамены. Гэта лепш, чым «часьціць», бегаць па вуліцах, а фактычна толькі дэманстраваць сваю слабасьць. А цяпер дык увогуле ідзе змаганьне за вуліцу паміж сабой — гэта наагул самае горшае, што толькі можна прыдумаць.

— А калі прыйдзе час для вулічных пратэстаў? Якія павінны скласьціся ўмовы?

— Найперш умовы павінны скласьціся ўнутры тых, хто рыхтуе вулічны пратэст. Я падкрэсьліваю: мы, «Гавары праўду», ня супраць вулічнага пратэсту, мы супраць непадрыхтаванага пратэсту. Калі ўся падрыхтоўка пратэсту — гэта толькі заклік на вуліцу, то гэта проста безадказная пазыцыя — безадказная перш за ўсё адносна тых, каго заклікаюць. А калі рыхтаваць, то час можа надысьці ў любы момант.

Акрамя таго, трэба ставіць рэалістычныя задачы. Калі мы заклікаем людзей на вуліцу, то гэта могуць быць вельмі розныя задачы, а ня толькі зьмена ўлады. Калі ты кажаш пра зьмену ўлады, а перад табой 500 чалавек, то гэта выглядае проста сьмешна.

— А што значыць «падрыхтаваны пратэст»? Як вы гэта разумееце?

— Я кажу пра тое, што ёсьць пэўныя правілы плянаваньня. Што гэта робіцца загадзя, што павінны быць пэўныя інфармацыйныя хвалі. Ды што тут распавядаць, вы самі ўсё гэта ведаеце! Як ведаюць і тыя, хто сёньня заклікае, але яны чамусьці лічаць, што гэта ня варта рабіць.

Я б хацеў зазначыць яшчэ адзін момант. Трэба разумець, што гэтыя ўмоўна «перамоўная» і «вулічна-пратэстная» групы — гэта дзьве часткі аднаго цэлага. Калі абедзьве групы гэта зразумеюць і будуць каардынаваць свае дзеяньні, то мы атрымаем новыя магчымасьці прасоўваньня грамадзкага інтарэсу ва ўладзе. Але пакуль удзельнікі гэтых групаў больш б’юцца паміж сабой, улады будуць падзяляць і ўладарыць.

«Радыё Свабода»

3 марта 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…