+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Гісторык Валянцін Голубеў: У Беларусі варта адзначаць 4 дні незалежнасьці

Ці зблізіліся меркаваньні «афіцыйных» і «незалежных» гісторыкаў наконт значэньня БНР у беларускай гісторыі? Што трэба рабіць 25 сакавіка — сьвяткаваць ці пратэставаць? Які дзень варта адзначаць як галоўнае нацыянальнае сьвята краіны?

На гэтыя пытанні адказаў гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Валянцін Голубеў.

День_Воли

— Дагэтуль сярод гісторыкаў ідзе дыскусія пра значэньне і ацэнку БНР. Ці «пасунуліся» афіцыйныя гісторыкі ў бок большага прызнаньня БНР, ці зблізіліся іхнія пазыцыі з поглядамі «незалежных» гісторыкаў?

— Яшчэ гадоў 5 таму адбыўся круглы стол у газэце «Советская Белоруссия», у якім браў удзел тагачасны дырэктар Інстытуту гісторыі Аляксандар Каваленя, іншыя вучоныя Акадэміі навук, якія займаюцца 20-м стагодзьдзем. І там было адназначна сказана, што БНР — гэта падзея, зь якой пачала ўсталёўвацца рэальная незалежнасьць нашай дзяржавы. Так што для акадэмічных вучоных тут праблемы няма.

Ад сябе скажу, што я ўпэўнены — калі б не было БНР, цяжэй было б усталяваць БССР. БНР і БССР — гэта зьявы аднаго парадку на шляху пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы.

— Праграмныя дакумэнты БНР належалі свайму часу, яны былі вельмі левыя і сацыялістычныя. Ці могуць яны быць актуальнымі сёньня? Калі часам кажуць, што некаторыя прынцыпы БНР могуць быць усталяваныя ў наша сёньняшняе жыцьцё — ці магчыма гэта?

БНР

— Пэрыяд пачатку 20-га стагодзьдзя — пэрыяд панаваньня скрозь сацыял-дэмакратыі. Стваральнікі БНР, як і БССР, былі сацыял-дэмакратамі. Тады гэта была паноўная і модная палітычная тэндэнцыя практычна па ўсёй Эўропе.

Трэба таксама ўлічыць, у якіх умовах працавалі людзі, якія абвясьцілі БНР. Ва ўмовах вайны, ва ўмовах неабходнасьці тэрмінова прымаць рашэньні. Таму ў дакумэнтах, якія выходзілі ад імя Рады БНР, — шмат таго, што павінна заявіць кіраўніцтва любой дзяржавы. Таксама там выкладзеныя пажаданьні пабудовы сацыяльнай ці сацыялістычнай дзяржавы.

Што мы можам сёньня адтуль узяць? Асноўную думку — што беларусы маюць права на незалежнасьць. Я адзін з аўтараў Канстытуцыі 1994 году, і калі яе прымалі, я настойваў, каб там было сказана, што БНР — гэта адзін з этапаў пабудовы незалежнай Беларусі.

Але сёньня юрыдычная тэрміналёгія зьмянілася, геапалітычная сытуацыя зьмянілася. Таму нельга вяртацца на сто гадоў назад. Трэба памятаць пра тое, што было зроблена, але ісьці наперад.

— Але чаму сёньняшняя ўлада, якая нібыта будуе сацыяльную дзяржаву, абвяшчае пераважна «левыя» лёзунгі — настолькі не ўспрымае сацыялістычную спадчыну БНР?

— Давайце будзем шчырымі. Апошнія 20 гадоў у дзяржаве ідзе процістаяньне паміж тымі сіламі, якія прыйшлі да ўлады, і тымі, якія апынуліся ў апазыцыі. Тыя, хто супрацьстаіць уладзе, абапіраюцца на іншыя сымбалі і іншыя гістарычныя прыклады ў пабудове дзяржаўнасьці. Гэтае супрацьстаяньне накладае свой цень на тое, як дзяржава ацэньвае тыя ці іншыя гістарычныя падзеі. Таму людзі ва ўладзе, калі безагаворачна прымуць тое, што мы прапануем — яны ўспрымуць гэта як саступку.

Але факт, што цяпер адбываецца збліжэньне з аднаго і другога боку ў ацэнцы нашых дзяржаўных і нацыянальных каштоўнасьцяў. Ня так хутка, як гэта хацелася б адным, ці, можа, занадта хутка, як гэта ўяўляецца іншым, — але працэсы такія ідуць. І дай Божа, каб яны не спыняліся. Але ў пэрспэктыве, я думаю, ацэнка і БНР, і БССР, і ўтварэньню Рэспублікі Беларусь будзе дадзеная агульная — спачатку вучонымі, а потым яна будзе ўспрынятая і ўсім грамадзтвам.

— Традыцыйна 25 сакавіка, Дзень Волі — гэта адна з галоўных масавых акцыяў нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Ці вам асабіста падабаюцца тыя формы яе правядзеньня, якія былі ў апошнія гады — ці можна было б нешта рабіць па-іншаму?

День воли Климовичи

— Я ўзгадваю, калі гэты дзень сьвяткаваўся фактычна на дзяржаўным узроўні на пачатку 90-х, калі быў канцэрт у філярмоніі. Я думаю, калі б і зараз адбылося ўрачыстае паседжаньне на навуковым узроўні, калі б адбыўся канцэрт, калі б былі перадачы па тэлебачаньні, якія б тлумачылі, што гэта за сьвята, — гэта было б лепш.

У свой час шэсьці на 25 сакавіка былі сьвяточныя. Пазьней яны сталі пратэстнымі. Але пратэставаць у сьвяточны дзень — гэта ня вельмі сумяшчальна. І дзяржаўныя СМІ гэтыя шэсьці падавалі як апазыцыйныя. Выходзіць, што і дзеяньні адных, і ацэнкі іншых не спрыяюць нацыянальнай і дзяржаўнай кансалідацыі.

— Часта ідуць дыскусіі, які дзень павінен стаць галоўным нацыянальным сьвятам, галоўным Днём незалежнасьці. Называюцца 25 сакавіка, 27 ліпеня, 25 жніўня. А які дзень самы галоўны на вашу думку?

— Я думаю, што ўсе гэтыя дні павінны адзначацца на адным узроўні. Ёсьць добрыя прыклады — існуе некалькі сьвятаў незалежнасьці ў Літве і ў Польшчы. Усе гістарычныя спробы ўсталяваньня дзяржаўнай незалежнасьці павінны быць адзначаны. БНР — гэта была першая спроба, БССР — гэта была рэальная спроба, калі ўдалося заявіць, што Беларусь — гэта дзяржаўнае ўтварэньне. Я б таксама адзначаў і 27 ліпеня, і 25 жніўня.

Усе гэтыя чатыры даты роўныя. Я б адзначаў і 25 сакавіка, і 1 студзеня — дзень утварэньня БССР. Далей — 27 ліпеня, дзень прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці БССР, калі мы заявілі, што Беларусь мае быць незалежнай дзяржавай. І 25 жніўня, калі ў 1991 годзе гэтая Дэклярацыя набыла статус канстытуцыйнага закону, калі мы сказалі, што цяпер Беларусь юрыдычна ёсьць незалежная сувэрэнная дзяржава.

Усе гэтыя чатыры даты я б адзначаў на дзяржаўным узроўні — і тлумачыў бы важнасьць кожнай. Гэта спрыяла б і адзінству нацыі, і разуменьню дзяржаўнасьці Беларусі.

«Радыё Свабода»

 

26 марта 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…