+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Гомельскі палітык Алег Шабетнік пра сталічныя выбарчыя жарсьці

Вядомы актывіст адказвае на пытанні Свабоды, якія датычацца ўдзелу у прэзыдэнцкіх выбарах вылучэнкі кампаніі «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч і стаўлення да яе мясцовых апазіцыйных актывістаў.

Рэгіянальны каардынатар выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч на Гомельшчыне Алег Шабетнік нядаўна вярнуўся з Украіны. Разам з патэнцыйнай кандыдаткай у прэзыдэнты ён сустракаўся з мэрам Львова Андрэем Садовым і прысутнічаў на футбольным матчы зборных Беларусі і Ўкраіны.

Па словах Шабетніка, мэр Садовы раіў Караткевіч сустракацца зь людзьмі. Калі палітык цесна стасуецца зь людзьмі, то разам ён здолее вырашыць нават самыя складаныя праблемы. Паводле Садовага, калі партыя ня ўдзельнічае ў выбарах, то гэта хутчэй ня партыя, а гурток па інтарэсах.

Алег Шабетнік ня лічыць, што рознае стаўленьне да ўдзелу ў сёлетняй выбарчай кампаніі моцна разьяднала апазыцыю ў рэгіёне:

«Расколу як такога няма. У кожнага ёсьць сваё меркаваньне. Раскол ёсьць хутчэй „наверсе“, паміж кіраўнікамі арганізацыяў. А „ўнізе“ ўсе мы — аднолькавыя людзі. Тыя, што прыйшлі на пачатку ў кампанію, яны й засталіся — за выключэньнем двух сябраў з БНФ, якія ня будуць удзельнічаць у агітацыі. Ніякага раколу я ня бачу».

Шабетнік кажа, што калі бярэцца за справу, то імкнецца яе завершыць. А падтрымлівае Тацяну Караткевіч, бо добра яе ведае яшчэ зь мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, калі разам працавалі ў камандзе Ўладзімера Няляева. Тацяна, паводле яго слоў, — добрасумненны, адказны і цалкам адэкватны чалавек:

«Тое, што яна магла камусьці прадацца, што яе хтосьці там прымусіў — гэта проста лухта. Улада робіць усё, каб апазыцыя раскалолася. Усе гэтыя добрыя словы, якія казалі Лукашэнка ды Ярмошына на адрас Тацяны, уносілі яшчэ большы раздрай. Людзі ж думаюць, што Тацяну падтрымлівае ўлада. Менавіта такім чынам улада і ўносіць раздрай. Астатнія, хто нічога ня робіць, а „засьвяціцца“ ў палітыцы ім трэба, прапануюць то подпісы праверыць, то зьняславіць Тацяну.

Ва ўлады ёсьць спарынг-партнэры — Гайдукевіч і Ўлаховіч. Я ў рэгіёне не заўважаў, каб яны зьбіралі подпісы. Затое бачыў у адной з тэрытарыяльных камісіяў акуратна складзеныя падпісныя лісты за Гайдукевіча. Яны ідэальна складзены. А я свае, як ні стараўся, ня мог так скласьці — яны ў мяне то шэрыя нейкія, то падкамячаныя, адзін даўжэйшы, іншы карацейшы. Бачна, што зь імі працавалі, што сапраўды зьбіралі подпісы. А там хтосьці іх напісаў, і яны акуратна ляжалі.

У нас выбараў няма. Але каб не легітымізаваць Лукашэнку, павінен хтосьці быць ад апазыцыі. Тацяна Караткевіч стала, па сутнасьці, адзіным кандыдатам ад апазыцыйных сілаў. Многім гэта не падабаецца. Раздзьмуты недавер да яе асобы — гэта піяр для тых, хто хоча прапіярыцца, але ня ведае, як гэта зрабіць».

«Радыё Свабода»

7 сентября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…