+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Хочаш агітаваць? Узгадні з БРСМ і «Белай Русьсю»

Рэчыцкі райвыканкам раіць прыхільнікам кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч узгадняць агітацыйныя пікеты з БРСМ і «Белай Русьсю».

Алег Шабетнік, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч, падаў у Рэчыцкі райвыканкам дваццаць тры замовы на арганізацыю агітацыйных пікетаў. І атрымаў наступны адказ за подпісам старшыні райвыканкаму Віталя Панчанкі:

«Райвыканкам узгадніў правядзеньне пікетаў Рэчыцкай раённай арганізацыі РГА „Белая Русь“ і раённага камітэту ГА „БРСМ“ па заяўках, якія раней паступілі ад іх у райвыканкам, у месцах, указаных у Вашым паведамленьні».

Далей у адказе старшыні ўтрымліваецца прапанова: калі, маўляў, дамовіцеся з БРСМ і «Белай Русьсю», то райвыканкам ня будзе супраць правядзеньня пікетаў у замоўленых месцах. Пазначаныя і тэлефоны згаданых праўладных арганізацыяў, якія падтрымліваюць на выбарах дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Кажа Алег Шабетнік: «Адказ мяне вельмі зьдзівіў. Я, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты, мушу нешта ўзгадняць зь „Белай Русьсю“ і БРСМ? Прачытаў уважліва Выбарчы кодэкс, але там нічога такога не напісана. Я зьвярнуўся ў райвыканкам. Туды запрасілі і прадстаўнікоў гэтых арганізацыяў. Вёў нараду намесьнік старшыні райвыканкаму Віталь Атаманчук. Ён паказаў мне пастанову Цэнтравыбаркаму, дзе напісана, што я мушу ўзгадняць пікеты, калі на адно месца падаюцца дзьве заяўкі ад давераных асобаў альбо арганізацыяў. Чамусьці гэтак дапоўнілі Выбарчы кодэкс. Пэўна, каб удзельнікі выбарчай кампаніі зазнавалі цяжкасьці. Учора ж мы аб’ехалі Рэчыцу, але нідзе пікетаў „Белай Русі“ і БРСМ не было бачна, хоць яны й падалі заяўкі».

Давераная асоба адзінага апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты апавядае, што амаль усі месцы для агітацыі выканкамы адвялі там, дзе амаль не бывае людзей. Апроч таго, у мясцовых органах улады часам ня могуць разабрацца, куды й каму падаваць замовы на  пікеты і сустрэчы з выбарцамі, бо калі хочаш агітаваць на вуліцы, трэба апавяшчэньне падаваць у агульны аддзел райвыканкаму, а калі ў памяшканьні — тады давераная асоба мусіць звяртацца ў раённую выбарчую камісію:

«Зроблена, відаць, так, каб уводзіць людзей у аблуду, каб яны памыляліся — і зрываць гэтыя пікеты. У Рэчыцы мне ўжо дасылалі з камісіі адказ, што адмоўлена ў арганізацыі пікетаў у вызначаных месцах, паколькі я не туды падаў паведамленьне. Учора я ўжо перанакіраваў яго ў агульны аддзел райвыканкаму. Неразьбярыха вялікая. Да прыкладу, у адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомеля, калі я туды прыехаў, сабраліся і чальцы выбарчай камісіі, і з агульнага аддзелу, і з ідэалёгіі. Зь дзясятак чалавек бегалі вакол мяне, ня ведаючы, куды мне падаць заяву. Я кажу: трэба, каб прыняў агульны аддзел. Мне цьвердзяць: не, трэба наагул ехаць у гарвыканкам і туды аддаць, бо гарвыканкам прымаў рашэньне наконт вызначэньня месцаў для пікетаў.

Мы разгарнулі Выбарчы кодэкс, дзе напісана, што замовы падаюцца ў органы ўлады ў месцы правядзеньня пікетаў. Яны са мною не пагадзіліся, але заяву прынялі. А пасьля патэлефанавалі, што ўсё-ткі пераслалі ў гарвыканкам. Самі ня ведаюць, дзе і каму прымаць дакумэнты. Тое самае, што адбылося і ў Рэчыцы», — распавядае Шабетнік.

«Радыё Свабода»

26 сентября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…