+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Ігар Тышкевіч: Навошта падабацца ўсім ды спрабаваць «і рыбку зьесьці і…»

Беларускі сегмент інтэрнэту віруе. Прычына — словы Т. Караткевіч на канфэрэнцыі «БелоРусский диалог». Што й ня дзіўна. Цытата проста шыкоўная. А пазьнейшыя ці тое «абвяржэньні» ці тое ўдакладненьні ад спадара Дзьмітрыева – класіка жанру. Асабліва на фоне даступнасьці відэа, дзе прамова ідзе без купюр і “не так понялі”.

lebedko_rimashevskiy_gubarevich_koaliciya

Можна б і далей падліваць газы у палымянае абмеркаваньне. Аднак хачу зьвярнуць увагу на іншае. На асаблівасьці пазыцыяваньня апанэнтаў Лукашэнкі на зьнешніх арэнах. Ня толькі ў Расеі. Але й на захад, на поўдзень. Дзе заўгодна.

Лукашэнка і ягоныя апаненты: як абмяняцца рыторыкай за 20 год

І тут беларускія дэмакраты (ды й ня толькі дэмакраты – проста апаненты Лукашэнка) паўтараюць шлях таго, супраць каго выступаюць. Памятаеце сярэдзіну 90-х. Калі зь кіраўніком Беларусі шмат размаўлялі. І ягоныя крылатыя фразы. Пра Гітлера, пра «русскіх со знаком качества», пра захапленьне Кітаем ды іншае. Сутнасьцьадна – Лукашэнка казаў тое, што, як яму падавалася, хацелі ад яго пачуць. Дзесьці выказваньні былі да месца, а часам пацэлівалі ў пустэчу.

Тыя, каго называлі апазіцыяй выгодна адрозьніваліся. Людзі намагаліся казаць пра пляны разьвіцьця краіны, пра нейкую дзейнасьць.

Час ішоў. Лукашэнка набіраўся досьведу. І ставаў больш асьцярожным у заявах. Ды й вучыўся рабіць. Нараджалася зьява, якую адзін мой знаёмы дыплямат вызначыў наступным чынам: «ў Беларусі існуюць два Лукашэнка. Адзін які кажа, другі які робіць». Можна спрачацца ці гэта асабістыя якасьці «папыКолі» ці, як сказаў яшчэ адзін мой знаёмы «а што ж рабіць – судьба такой паламатый». У любым разе, калі ты замыкаеш на сабе уладу – вучышся дзейнічаць, прымаць рашэнні і крыху плянаваць. Іначай уладу ты губляеш. Лукашэнка пакуль прэзідэнт.

Пакіну ўжо былога апошняга дыктатара Еўропы у спакоі. Гаворка не аб ім. Пра тых, хто хоча забраць уладу сабе – ягоных апанентаў. Для іх час ішоў таксама. Але парадокс. Адзін беларус вучыўся прымаць рашэнні і крыху кіраваць сваімі паводзінамі. Іншыя беларусы гублялі гэтыя якасьці. Беларуская дэмакратычная апазіцыя паціху падыходзіла да крызісу. Які можна ахарактарызаваць чатырма словамі «бракуе»:

  • бракуе добрага аналізу сітуацыі
  • бракуе сьвежых ідэяў
  • бракуе рэсурсаў
  • бракуе людзей

Каму цікава, больш падрабязна выкладаў сваё бачаньне ў тэксце «Крызіс жанру беларускае “дэмакратычнае апазыцыі» незадоўга да выбараў.

Што да браку, гэтага ня толькі ў палітыцы. Памятаеце сваркі ды пагрозы судамі «за-Пагоні». Герб пачаў станавіцца брэндам. І як і мае быць пачалі нараджацца «варыянты на тэму». Пабачыць у такім руху «абразу сьвятых для кожнага беларуса нацыянальных сымбаляў»…. Геніяльна!

Тое ў камунікацыі з новымі групамі. Зьявілася дастаткова моцная плынь маладых, разумных. Якія, дарэчы усьведамляюць каштоўнасьць і незалежнасьці і нацыянальнай культуры. Але часьцяком гавораць па-расейску. І іх усьведамленьне не носіць характар істэрычнага змаганьня за мінулае. Для такіх больш цікава глядзець наперад. Не шукаць хто вінаваты, а думаць што рабіць. З такімі асобамі «старая апазыцыйная гвардыя» ня ведае як размаўляць. Апеляцыі да мінулых крыўдаў, да парушэньняў закону «крывавым рэжымам» не працуюць – людзі кажуць «ага, а далей што?». Адказу няма.

Існы падыход — «скінем Луку, вернем 1994-ы і будзе шчасьце». Апеляцыі, што на двары 2016-ы не ўспрымаюцца. Маўляў, трэ вернуцца да вытокаў. Тое самае ў спрэчках пра нацыянальную культуру, эканоміку, палітыку, проста пра шляхі разьвіцьця Беларусі. Вернемся да вытокаў і будзем адбудоўваць ад моцнага падмурку. Як? Змагацца, трываць, праяўляць грамадзянскую мужнасьць. За прыкладамі можна далёка не хадзіць. Мяне, напрыклад, шакавалі выступы на другіх гадавінах па Жызьнеўскаму. Маўляў бяда нашае нацыі – няма магіл якім мы можам пакланіцца. Культ магілы! Не ўчынкаў, а зямлі. Сьвяты той, хто аддаў жыцьцё за Беларусь. Несумнеўна. Але калі засяроджвацца толькі на аспэкце «аддаў жыцьцё за», то скаралізуецца «сьмерць за…». Не вынік – завяршэньне працы дзеля якой і якой жыў чалавек. Сьмерць. Як па мне – галоўнае ведаць што рабіў чалавек, чаго дасягнуў і што не пасьпеў. Каб не паўтарыць памылкі, але падхапіць удалыя ідэі.

З ідэямі і праблема. Што прапанаваць іншым? Пару год таму, калі пачыналі сярод украінскіх эліт раскручваць тэму карысьці ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю і неабходнасьці мець свае палітыкі ў дачыненьні да нашае дзяржавы мяне уразіў выступ на адным з мерапрыемстваў старога «праверанага байца». Прыхільніка рашучых крокаў. У пачатку 2013-га ён заявіў, прыкладна наступнае «Украіна ідзе ў Эўропу. Гэта добра. І мы бы прасілі вас якім-небудзь месцам прычапіць, падхапіць Беларусь. Так бы мовіць па-братэрску, праявіўшы добрую волю і чалавечую ласку». Прасіў. Не казаў пра магчымасьці, пэрспэктывы, выгоды. Проста прасіў. Мяне гэта каробіла – не люблю калі так прыніжаюць маю дзяржаву. Ведаючы чалавека, сьпісаў на недахоп аратарскай практыкі.

Аднак пасьля пачаў прыглядацца да іншых сваіх знаёмых (так сталася, што большасьць палітычных лідараў ведаю асабіста). Шок нарастаў. Разумныя, моцныя, рашучыя людзі пачалі рабіць тое, з чаго сьмяяліся. Пачалі нагадваць Лукашэнку ўзору 1994-1995 гадоў. Не прапаноўваць будучыню, але старацца спадабацца, прасіць, казаць то, што ад іх жадаюць пачуць.

Мы просім, проста просім

Ня верыце? ОК. Узгадаем дыскурс наконт дачыненьняў з РФ.Значная частка паза ўладнае палітычнае эліты ўсьведамляе небясьпеку Крамля ў ягоным цяперашнім выглядзе. І тэза – без Расеі перамога на выбарах у Беларусі немагчымая. Таму, маўляў, трэ шукаць саюзнікаў, у РФ.

Хаўрусьнікаў шукаць варта ў любой дзяржаве. Пытаньне толькі ў тым, як гэта рабіць.

Можна правільна расставіць акцэнты на прэзэнтацыі сваіх плянаў. І паказаць патэнцыйным партнэрам выгоды ад супрацоўніцтва. Пры гэтым цьвёрда вызначаць межы, якія не перакрочыш. А можна проста казаць прыемныя рэчы.

І тут, што да Крамля, нічога новага Караткевіч не вынайшла. Яна заявіла, што «Мы лічым, што Беларусь з’яўляецца надзейным ваенным і палітычным партнёрам Расіі.» І працягнула, што адносіны маюць разьвівацца на падставе узаемнае павагі. А вось далей ідзе тое, што апаненты ГП недаацанілі. Паводле спадарыні Караткевіч, яна бачыць і ўдзячная за тое, што РФ дэманструе гэтую павагу. Як дэманструе? Цытата з відэа «Важным фактом того,что это уважение есть, является то, что РФ признаёт независимость Беларуси». Едріть жа калаціць: прызналі незалежнасьць і гэтае верх павагі. Ну так, калі на мерапрыемстве пасадзілі за стол як удзельніка з іншае дзяржава а не крыкнулі «Эй, девка, водіцы прінесі» — сапраўды “уважілі”.

Але калі вы лічыце, што Караткевіч унікальная – сьпяшаюся расчараваць.

Той жа Я. Раманчук ў 2010 годзе прэзэнтаваў сваю праграму «мільён працоўных месцаў» у… Маскве. Пасьля была паездка ў Піцер. І па сеціву доўга гуляла відэа як кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў кулуарах абмяркоўвае ліквідацыю бар’ераў для выкупу беларускіх актываў. Але гэта дробяць. Як і тое, што праграмы АГП 2010 году дзіўна падобна на назву праграмы АГП 2015 году… Цікавая іншая цытата. З інтэрвью часопісу «Ітогі» 2010 году. Простае пытаньне – просты адказ.

« — Какой должна быть судьба российских военных баз в Белоруссии?

— Я не считаю это нарушением суверенитета. Только не нужно смешивать этот вопрос с поставками газа, как это делает Лукашенко.»

Вось так. Лука гад – ён за базы газ патрабуе. Паводле Раманчука – проста базы – ўжо нармальна. Ну і працяг тэмы – ток-шоў «Белорусскій тупік» на першым расейскім канале. Дзе з расейскага боку бяруць удзел такія асобы як, Маркаў. Там, дарэчы, быў і Шушкевіч. Думаеце беларускія ўдзельнікі казалі пра незалежнасьць краіны? Яны абмяркоўвалі чаму кепска працуе «союзное государство»! І той жа Раманчук даў цудоўны, на ягоную думку рэцэпт: «формула будущих отношений двух стран проста: это отношения России и Белоруссии без Лукашенко, потому что с этим президентом ни путин, ни Медведев ничего не склеят»

На фоне гэтага, В. Карач ў межах узгаданага «БелоРусского діалога» было верхам прагматызму. Яна казала і пра уласныя інтарэсы і пра патрэбу абмяркоўваць пэрспэктывы і мэты палітычных праграм… А напрыканцы «звалілася» у «хачу спадабацца». Замест плянаў ў дачыненьні РФ на 10,15,20 год (на неабходнасьці якіх акцэнтавала ўвагу крыху раней), пра… якія яны (Наш Дом) класныя. Маўляў, маюць 10 крытэраў працы добрага дэпутата. Як ён мае камунікаваць з насельніцтвам і г.д. Пра тое, за што ён мае выступаць, якую палітыку будаваць (тэма ж мерапрыемства якраз адносіны з РФ) – не прагучала. Альбо я няўважліва глядзеў відэа.

Зь іншага боку гэта лагічна. Тая ж пані Карач у інтэрвью «Свабодзе» пачатку 2015 году казала: « Мы лічым, што ў гэтых выбарах «Наш дом» можа ўдзельнічаць толькі ў выпадку, калі ён будзе падтрыманы Расеяй. Я маю на ўвазе дзяржаўную, не апазыцыйную Расею. Цяпер сытуацыя складаецца так, што ў Беларусі можа перамагчы адзін кандыдат, але гэта не Аляксандар Лукашэнка. Гэта кандыдат, якога падтрымае Ўладзімер Пуцін.»

Думаеце на іншым фронце стан рэчаў адрозны? Ха! Возьмем апошнюю навіну з галіны «высокае палітыкі». Сустрэчу шэрагу дэмакратаў з А. Меркель. Натуральна, у сьвятле крокаў насустрач Лукашэнку, чыноўнікі ЕС мелі даць сігнал што «сваім с**м сынам» той ня стаў. Апаненты мелі кароткую аўдыенцыю на 20-30 хвілін (разам з пазіраваньнем для параднага фота). Беларускія дзеячы нешта прапанавалі канцлеру Нямеччыны? Не яны ПАПРАСІЛІ «Не забываць пра Беларусь». І нямецкі палітык, па словах Лябедзькі, сказала «пастараюся».

Іншыя ўдзельнікі паездкі ўдакладнілі, што яны выказалі сваё бачаньне «тых умоваў, якіх варта прытрымлівацца Еўрапейскаму звязу ў перамовах з Лукашэнкам – пашырэнне тэрыторыі свабоды, змены ў выбарчы кодэкс, якія дазволяць раўнапраўна ўдзельнічаць апазіцыі ў выбарчых кампаніях, свабоды для дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, свабоды для незалежных СМІ». Ну проста прарыў дыпляматыі!

Тое самае скрозь ў камунікацыі з акторамі на Захадзе. Ды й ня толькі там. Прыкладна год таму я доўга сьмяяўся з крыўды часткі нашых дзеячоў за тое, што прэзыдэнт Украіны іх не прыняў. І парады маўляў, Украіна мусіць пачаць ціснуць на Лукашэнку.

Спадарства, а вы не спрабавалі адказаць сабе на пытаньне «навошта заходнім/усходнім/паўднёвым субяседнікам гэтае патрэбна?» Які гэшэфт яны з гэтага будуць мець? Ды ў рэшце рэшт, што вы пасьля (калі да вас прыслухаюцца) будзеце рабіць?

Прыклад Украіны. Дзяржава ваюе. Крытычны імпарт для ВПК ды й эканомікі йдзе зь Беларусі. У Беларусі сядзіць самаўлюблёны дыктатар. І тут ты маеш пачаць псаваць нэрвы гэтаму чалавеку? Дзеля чаго? І што будзе з тым жа крытычным імпартам?

Усюды тое самае. Такое ўражаньне, што для часткі беларускіх палітыкаў навакольнага сьвету не існуе. Няма пачатку 4-й індустрыяльнай рэвалюцыі (ход якой абмяркоўвалі ў Давосе), няма крызісу сыравінных эканомік, няма гуманітарнага, дэмаграфічнага, міграцыйнага крызісу ў рэгіёне. Няма, у рэшце рэшт, вайны ў Украіне.

Нават мізэрны прагрэс каштуе болей за 100 просьбаў

Каб вас пачулі вы мусіце казаць што і дзеля чаго вы будзеце рабіць. І прадстаўляць дзеяньні партнэра як сродак дасягненьня мэтаў. Падыміце сваю перапіску з еўрапейцамі, амэрыканцамі ды расейцамі. Палітыкі любяць слова «прагрэс». Гэта азначае было адно – стала іншае. І калі прагрэс ёсьць – робяць крокі насустрач. Які прагрэс у апанентаў Лукашэнкі?

  • 10 год таму прасілі «дайце нам свабоду слова». Сёння просяць тое самае.
  • 10 год таму прасілі націснуць дзеля свабодных выбараў… сёньня таксама.

А можна было б:

  • Не прасіць свабоды слова у Эўропы, а казаць што мы мяняем настроі насельніцтва ў пытаньнях нейтралітэту дзяржавы і як вынік стабільнасьці ў рэгіёне. Вольныя СМІ — большы інструментарый у вас (інструмэнт а не мэта)
  • Не прасіць «дайце нам выбары», а казаць што ўжо пачаўся дыялог па рэфармаваньню Беларусі. І з магчымасьцю атрымаць «хоць кавалак улады» мы здолеем эфектыўна данесьці нашыя прапановы
  • Маем прапанову для РФ: «мы дэмакраты – рэфармуем Беларусь». Пуцін дэмакрат? Навошта сыравіннай эканоміцы выступаць за рэформы ў суседзяў, якія зьнізяць іх залежнасьць ад тваёй эканомікі? У 2015 годзе РФ спаліла «у паветра» 25 млрд. кубоў газа на далёкіх радовішчах. Яго проста не было каму прадаваць. І вы прапануеце павялічыць яркасьць гэтага вечнага агню за кошт сваіх рэформаў. Цудоўна. А можна ж не прасіць падтрымкі, а проста сказаць: сыравінная эканоміка «ёк». Беларусь пачне рэформы. І мы, як саюзная дзяржава можам стаць мастком для тэхналёгій, выхаду на рынкі, якія пакуль для вас закрытыя.

Узгаданыя ў тэксце асобы – далёка не дурныя – папанаваць могуць. Пры адной умове – наяўнасьці аналізу і цьвярозаму ўспрыняцьцю сваёй цяперашняй пазіцыі. Іначай дзіўна. Слова “прагрэс” пры гаворцы пра палітыку ўладаў ёсьць. Не ў сферы дэмакратыі. Пазіцыя па Ўкраіне, гатоўнасьць да дыялогу. Ў рэшце рэшт, прэзэнтацыя пляну пераўтварэньняў, якія зараз абмяркоўваецца з МВФ. Гэта усё – прагрэс. У адказ – крокі насустрач. У тым ліку ў палітычнае сферы. Напрыклад, дыялог па аднаўленьню статуса спецыяльна запрошанага ў ПАРЭ.

Ацэнка зьмены сітуацыі…. Возьмем тое ж ПАРЭ. Дам цытату вельмі разумнага (без аніякай іроніі) дзеяча «Я дапускаю, што пэўны пазытыўны для беларускіх уладаў крок можа быць зроблены. Але сумняваюся, што гэта будзе аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага. Бо ўсё ж такі ёсьць пакуль яшчэ непераадольныя рэчы ў дачыненьнях з Радай Эўропы. Гэта — адсутнасьць у Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне і выбары, якія не прызнаюцца свабоднымі і чэснымі.»

Такіх рэчаў як прыклады асіметрычнай рэакцыі (адносіны з тымі ж ЗША) быццам бы не існуе. Патрэбы даць сігнал РФ, якую пазбавілі права голасу (так, палітычная дэманстрацыя Крамлю, дзе Беларусь выступае выключна як маленькая частка пазла) – таксама. Ну і прагноз па дапушчэньнях у агуле можна сфармуляваць «а халера яго ведае».

А мог бы (ведаю здольнасьці А. Лагвінца) зрабіць 2-3 дапушчэньні, відэлец варыянтаў. Каб ягоная палітычная сіла мела алгарытмы дзеяньняў у разе любога разьвіцьця падзеяў.

Пакуль жа стан рэчаў можна ахарактарызаваць фразаю аднаго з украінскіх прэзідэнтаў «маємо те що маємо». Не самая горшая выснова. Бо калі ўсьвядоміць дзе ты ёсьць, што ты ёсьць, можна пачаць плянаваць як ты станеш тым кім хочаш стаць. І вось з гэтае пазіцыі весьці дыялог. А не проста прасіць дапамогі. Бо ад Захаду у такім разе можна дачакацца акрыляючай фразы Меркель «пастараюся». А з Усходу… яны маюць партнэра якога маюць. І ведаюць яго. І зь якой нагоды Пуцін раптам захоча новага, невядомага, які сам ня ведае што будзе рабіць. За адным выключэньнем – калі гэты новы будзе рабіць тое, што скажа крамлёўскі царок.

Атрымаць падтрымку, не заяўляючы пра свае пляны (ці не маючы такіх) цяжка. Словы спачуваньня – так. Дзеяньні – не. Таму, як на маю думку, варта адмаўляцца ад жаданьня «і рыбку зьесьці і … на арэльках пагойдацца». Трэ пачынаць думаць, плянаваць і прапаноўваць. У прыватнасьці якой будзе Беларусь праз 10, 15, 20, 50 год.

Разумею, што тэкст жорсткі па стылю. Але, паўтаруся, ведаю значную частку людзей якіх уважаю мэтавай групай. І лічу што ў іх досыць цьвярозасьці каб думаць, дзесьці спрачацца, дзесьці дыскутаваць. Калі ж знойдуцца аматары паводзінаў па прынцыпу «абідзелі мышку – пукнулі в норку» — туды ім і дарога.

Ігар Тышкевіч

29 января 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…