+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Кампанію «Гавары праўду» ўзначаліў Андрэй Дзмітрыеў

Ад 28 траўня новым кіраўніком грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» стаў Андрэй Дзьмітрыеў. Так пастанавіў сёньня арганізацыйны сход кіраўнікоў рэгіянальных структур гэтай грамадзкай арганізацыі. Кандыдатура Дзьмітрыева была безальтэрнатыўная. «За», як паведамілі журналістам, прагаласавалі ўсе ўдзельнікі сходу, акрамя аднаго, які ўстрымаўся.

Карэспандэнт Свабоды найперш пацікавіўся ў Андрэя Дзьмітрыева: што новае ў дзейнасьці гэтай грамадзкай арганізацыі трэба чакаць пасьля зьмены кіраўніцтва? Спадар Дзьмітрыеў адказаў, што радыкальных зьменаў ня будзе:

«Я ўсё ж такі не прыйшоў збоку. Я быў першым намесьнікам даволі працяглы час і фактычна кіраваў арганізацыяй з арганізацыйнага боку. Што б мы хацелі нават не зьмяніць, а разьвіць? Мы б хацелі мець больш выразныя пазыцыі па цэлым шэрагу ідэалягічных і праграмных пытаньняў, каб зрабіць „Гавары праўду“ крыху больш зразумелай для выбарцаў — чаго яна хоча для Беларусі, дадаць больш канкрэтыкі. У тым ліку і праз праграму, якая ёсьць у „Народным рэфэрэндуме“.

Мы будзем рабіць гэта больш выразна, больш паказваючы, за што канкрэтна мы выступаем. Мы ўпэўненыя, што цяпер людзі чакаюць і прагнуць канкрэтыкі. Ня патасу, а менавіта канкрэтыкі. Што зьменіцца? Што я атрымаю як чалавек? Якія новыя магчымасьці ў мяне зьявяцца? Чаму чыноўнік, які мяне ўвесь гэты час зьневажаў, раптам зьменіцца, калі будзеце пры ўладзе вы? Вось гэта тое, што мы хочам рабіць».

Свае пляны «Гавары праўду» хоча ажыцьцяўляць у рамках праграмы «За мірныя перамены», якая разьлічаная на пэрыяд дзьвюх выбарчых кампаніяў — прэзыдэнцкай і парлямэнцкай, падкрэсьліў спадар Дзьмітрыеў:

«Гэта — ня новая праграма. Гэта наступны этап „Народнага рэфэрэндуму“. Мы адпрацавалі два гады, і за гэты час дасягнулі, мы лічым, добрых вынікаў. І мы дамовіліся з нашымі партнэрамі разам працаваць яшчэ два гады і аб’яднаць прэзыдэнцкую і парлямэнцкую кампанію ў адну — „За мірныя перамены“. І таму мы ўжо вылучылі Тацяну Караткевіч кандыдатам у прэзыдэнты ад „Народнага рэфэрэндуму“.

А цяпер ужо ідзе фармаваньне адзінага парлямэнцкага сьпісу. І тыя людзі, якія гатовыя ісьці ў наступным годзе на парлямэнцкія выбары, цяпер гатовыя працаваць на Тацяну Караткевіч. А ў наступным годзе яна будзе дапамагаць ім».

Абраны сёньня намесьнікам Дзьмітрыева Алег Мяцеліца сказаў Свабодзе, што перамена кіраўніцтва ў «Гавары праўду» — гэта «рэдкі прыклад у беларускай дэмакратычнай палітыцы, калі са зьменай кіраўніцтва не адбылося расколу ўнутры арганізацыі»:

Алег МяцеліцаАлег Мяцеліца

«Безумоўна, калі абіраецца новы лідэр, то мы чакаем ад яго нейкіх новых кірункаў, новага імпульсу. Але, дзякуй Богу, гэта не разварот на 180 градусаў і не канфлікт унутры арганізацыі. „Гавары праўду“ пачыналася пяць гадоў таму як структура, якая працуе камандай, вельмі моцнай камандай. З прыходам новага лідэра гэты кірунак ня зьменіцца. Гэта сапраўды будзе камандная праца».

Уладзімер Някляеў, архіўнае фотаУладзімер Някляеў, архіўнае фота

На пачатку сходу перад яго ўдзельнікамі выступіў першы кіраўнік кампаніі «Гавары праўду»Ўладзімер Някляеў. Ён сказаў Свабодзе, што гэтую структуру ствараў разам са сваім найбліжэйшымі сябрамі — Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным:

«Зь яе па палітычных прычынах, а зусім не па іншых, я змушаны быў выйсьці. А сёньня я прыйшоў дзеля таго, каб сказаць гэтым людзям дзякуй. Сказаць дзякуй за тыя пяць гадоў, якія мы былі разам. Гэты час быў ня самы лёгкі, ня самы просты ў маім жыцьці. Гэтыя людзі былі са мной. І сталі мне блізкімі.

Я ніколі ня ставіў палітыку паперадзе чалавечых адносін. Я сказаў ім, што такімі самымі людзьмі яны застануцца для мяне, нягледзячы на любыя палітычныя віхуры».

У Андрэя Дзьмітрыева будуць тры намесьнікі. Усе яны — рэгіяналы. Гэта Юры Варонежцаў з Гомеля, Алег Мяцеліца зь Бялынічаў і Лідзія Сагідуліна зь Віцебску.

Крыніца: Радыё «Свабода»

29 мая 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…