+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Караткевіч: Чаму так складана з «Ў нескладовым» у Полацку?

Прыехала ў Полацк – маці гарадоў беларускіх, Беларушчыны… Стаяць тут помнікі Еўфрасінні Полацкай, Францішку Скарыне, мемарыяльныя знакі, прысвечаныя літары “Ў” – “Ў нескладоваму”, і таму факту, што горад гэты – цэнтр Еўропы…

Кажуць: праз помнікі ажывае гісторыя… Дык каб насамрэч ажыў славуты наш першадрукар, то сказаў бы: “Божухна, што ж у маім Полацку, адкуль пайшла беларускасць, робіцца з Беларушчынай!”

А была ж тут раней славутая 7-я школа беларускамоўная (цяпер 1-я гімназія), былі іншыя школы і садкі, дзе навучалі дзетак па-беларуску… І таму адсюль выйшлі вядомыя ўсёй Беларусі выбітныя знаўцы матчынай мовы, нашай культуры, гісторыі – Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Вінцэсь Мудроў, Алесь Аркуш, Лера Сом ды шмат якія іншыя выбітныя творцы…

Ну а зараз – аніводнай беларускамоўнай школы, аніводнага беларускага садка… І як вынік – гэтых знакамітых землякоў сваіх, іх калегаў-літаратараў з іншых гарадоў амаль не пушчаюць у выдатна адрэстаўраваныя аўдыторыі, актавыя залы таго самага “скарынаўскага”, “еўфрасіннеўскага” Полацкага ўніверсітэта.

І так па ўсёй Беларусі. Вось табе і “цэнтр Еўропы”… Гэта недапушчальна. Гэта трэба мяняць. Не з дакладнасцю “да наадварот”, але сітуацыя патрабуе выпраўлення: прыярытэт беларускай мовы пры канстытуцыйным двухмоўі. Матчынай мове, беларускай культуры, літаратуры зараз патрэбна дзяржаўная, агульнанародная падтрымка і дапамога.

… Пабачыла: вандалы даўно спаганілі знак “Ў нескладовае”, а ўлады дагэтуль не паправілі анічога, хаця грамадскасць пратэставала. Хоць там працы – кот наплакаў.

І гэта сімвалічна: НЕ складваецца ў цяперашняй “вертыкалі” з нацыянальнай культурай, з роднай мовай. Тое НЕдапушчальна. Становішча трэба выпраўляць. Часу на бяздзейнасць не засталося.

Таццяна Картакевіч,  zapraudu.info

5 июня 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…