+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Менчукі: “А каму патрэбны гэты парад, калі нельга даехаць дамоў”?

Падрыхтоўка да парада з нагоды Дня Перамогі выйшла бокам тысячам менчукоў – непрыемнасьцяў з грамадзкім транспартам было яшчэ больш, як штогод.

20120703-4_parad

Тыдзень таму мне ўпершыню за шмат год давялося набыць праезны на тралейбус, каб даязджаць з Нямігі на масаж у Зялёны луг. Але 6 траўня скарыстацца з паслугаў дзяржавы, як высьветлілася, было вельмі няпроста.

А 19-й на Нямізе сабралося з добрую сотню менчукоў, якія доўга чакалі наземнага транспарта, што рушыць па Багдановіча. Стомленыя пасьля працоўнай змены, гэтыя людзі клялі на чым свет стаіць парад, Мінтранспарта і абыякавасць мясцовых уладаў.

“Гэта ж трэба! Раней заўсёды ўночы трэніраваліся, а зараз цэлы тыдзень дабірайся дадому, як хочаш! – абуралася спадарыня ўзросту маёй мамы з вялікімі пакункамі ў руках. – Ды каму ён наагул патрэбны, той парад? Ветэранаў ужо не засталося. Для каго яго ладзіць?”

Маладая дзяўчына побач намагалася высьветліць, наколькі дапаможа расклад. “Кожныя 10 мінут павінен мой тралейбус прыходзіць, але зараз ужо мінут 20 стаю, і не было ніводнага – зусім ніякіх”, — паціскае яна плячыма.

Тым часам праносяцца маршруткі, але мала хто, заплаціўшы за праезны за месяц, вырашае дадаткова аддаць яшчэ 10 тысячаў.

Нарэшце прышоў даўгачаканы тралейбус №53, і увесь прыпынак кінуўся ў яго – праз натоўп мне так і не давялося прыкласьці праезны да валідатара. Але гэта была найменшая нязручнасць. На Белай вежы праз вакно бачу, што танкі стаяць напагатове. Пасьпелі!

Тралейбусы не маглі ехаць нікуды: адключылі электрычнасць

Пасьля масажа я завітала ў госьці, і вярталася дадому акурат каля паловы на дзясятую. Каб ведала, што з гэтага атрымаецца, добра б падумала, ці выпраўляцца куды наагул гэтым травеньскім днём.

На вуліцы барабаніў дождж. Тралейбус №46 не давез мяне да Нямігі, як павінен быў: замест гэтага ён нечакана абвесціў канцовы прыпынак ужо на Някрасава, не праехаўшы і паловы маршрута. “Багдановіча перакрылі, еду ў дэпо на Карастаянава”, — у адказ на ўсе пытаньні крычэла кіроўца. Слова “Карастаянава” мала каму з пасажыраў патлумачыла сітацыю, і яны яшчэ доўга спрабавалі высьветліць, ці даедуць да мэтро.

Канешне ж, менавіта сёньня, паддаўшыся на травеньскую цеплыню, я не ўзяла куртку, і таму надарэмна намагалася схавацца ад дажджу пад дахам прыпынка. Тут ужо стаяла з дзясятак тых, хто марна спрабаваў зьехаць.

“Аўтобус!” — узрадаваліся дзяўчаты. І надарэмна: ён нават не супыніўся. Праз колькі мінут дзве зь іх пабеглі на маршрутку, а яшчэ праз некаторы час прыехаў тралейбус №53. І правез нас па Багдановіча… роўна два прыпынкі.

trolleybus

Гэтым разам злаваліся ўжо не пасажыры, але сам кіроўца. “Быццам бы не маглі папярэдзіць – нікому нічога ня трэба! І што, стаяць тут цяпер?” — наракаў мужчына. На просьбу адвезьці “хоць да нейкага мэтро” ён толькі разьвёў рукамі: “Ды я бы рад! Вядома, павярнулі бы зараз і каля Опэрнага праскочылі б. Але ток абрубілі!!!”

Сапраўды, праз цёмныя вокна было не відаць, што стаім мы на Харужай, і не таму, што прашпект перакрыты. Ехаць можна – але гэта быў ужо трэці тралейбус маршрута 46, што стаяў тут праз адсутнасць электрычнасці. І так крыўдна: да Белай вежы, ля якой будзе зварочваць з Багдановіча на Машэрава “парадная” вайсковая тэхніка, заставаўся ўсяго толькі прыпынак.

Пасажыры усіх трох тралейбусаў, выходзячы, ужо не абураліся: даносілася адно брудная лаянка. Супрацоўнікі ДАІ энэргічна расшышчалі Багдановіча, прымушаючы ўсіх зварочваць. Праз просьбу кіроўцы прапусьцілі-такі да Камароўкі пару таксовак. Якраз сваечасова, бо праз мінуту калёна рушыла.

Людзі на прыпынках гатовыя ехаць “хоць куды”

Тым часам у абодва бакі па вуліцы Харужай стаяць усе астатнія – па тры дзясяткі легкавікоў у два шэрагі, якія ня мелі дазволу ехаць далей. “Не падкажыце, што там: назад яны рухаюцца? Адкуль куды?” — пытаецца кіроўца пустое таксоўкі. Яму ня толькі нельга ехаць, але нават нябачна, што адбываецца. Пачуўшы, што танкі ўжо ідуць па Багдановіча, вырашыў пачакаць, “пакуль дадуць звярнуць на Някрасава”. Разварочвацца пакуль ніхто не зьбіраецца.

Калі даходжу да прыпынка на Куйбышава, тут чакаюць тралейбуса №12 змерзлыя хлопцы. Такія ж, як і я, змоклыя бяз куртак. Мабыць, лепей было бы прайсьці пад дажджом на мэтро да Якуба Коласа, але падманваю сябе, што “зараз нешта прыедзе, і перасядаць на іншую лінію будзе ня трэба”. У адваротны бок сапраўды праносіцца тралейбус №53 – мабыць, паспеўшы да адключэньня тока зьехаць з Багдановіча, ён вырашыў змяніць маршрут. “Нашага” ж тралейбуса няма і няма, хоць даўно павінен быць. Толькі з Харужай пачынаюць разварочвацца легкавікі.

Калі ўжо думаю, ці ня марнае гэтае чаканьне, падыходзіць аўтобус, ці то №24, ці то №44. “Куды ён?” — у зьдзіўленьні пытаецца свайго сябра адзін з хлопцаў. “Паехалі хоць куды!!!” – адказвае той, і мы нарэшце едзем да Нямігі. У мэтро на гадзінніку роўна 23:00.

У выніку – паўтары гадзіны з дэпо “Зялёны луг” замест 25 мінут, абяцаных раскладам. Я люблю цябе, мэтро! І як шкада, што тваёй трэцяй лініі пакуль няма, якая давозіла бы мяне на масаж за 10 хвілін. З якой цеплынёй я прыгадваю твае плякаты “З намі – ніякіх пробак”, “З намі – камфортна”! Трэба дадаць яшчэ адзін: “З намі – ніякіх парадаў”, за што я люблю родны метрапалітэн яшчэ болей.

Паўліна Калтавічанка, www.zapraudu.info

8 мая 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…