+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Палітолаг Андрэй Казакевіч: Шырокія канцэпцыі не спрацуюць, будучыня — з фрагментаў і кампрамісаў

Новая ўтопія ці новы «праект» — бессэнсоўныя на практыцы. Гэта можа быць цікава інтэлектуалам як гульня, але тое, што гэта будзе ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы, — верагоднасць вельмі малая. Як зрабіць паспяховым «праект Беларусь», што паспрыяе аб’яднанню беларусаў і ці сапраўды яны так фатальна падзеленыя? На гэтыя і іншыя пытанні Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» адказвае дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

simv141201_503

— Ці згодныя вы з меркаваннем, што зараз беларускае грамадства знаходзіцца калі не ў дэпрэсіі, то ў надзвычай апатычным стане? Чарговыя выбары прайшлі з прадказальным вынікам, змены хоць чагосьці ў беларускім жыцца неяк не праглядаюцца…

— Я б, хутчэй, пагадзіўся з такой ацэнкай, хаця звычайна кажу пра «стомленасць». Такі зараз перыяд — стомленасці ідэйнай ды эмацыйнай. Ужо сем гадоў трывае эканамічны крызіс, фактычна, два гады — рост узброенай небяспекі ў нашым рэгіёне. Сёлета дадаліся яшчэ ўцекачы, Сірыя, тэрарыстычныя акты. Непасрэдна гэта нас не тычыцца, але агульныя адчуванні не самыя жыццесцвярджальныя. Гэта ўжо не адзінкавая падзея ці кароткатэрміновы працэс, гэта сямігадовы перыяд, можна сказаць, эпоха, якая яшчэ не завершана — са сваімі новымі героямі, ідэямі, тэкстамі. Але тое, што гэта незавершваецца чымсьці «лепшым», «святлейшым», усё больш стамляе. Аслабляе вера, губляюцца арыенціры, распадаюцца ўтопіі.

Большасць тых, хто верылі у Еўразійскую «светлую будучыню» (эканамічную, палітычную, культурную), адчуваюць, што не спрацоўвае. Прынамсі, не спрацоўвае так, як чакалася.

Але і прыцягальнасць еўрапейскай ідэі значна аслабла, зараз ўсё больш губляецца вера, што Еўропа можа хутка і значна палепшыць сітуацыю. Адначасова сама Еўропа знаходзіцца на хвалі еўраспектыцызму.

Ёсць і складаны прыклад Украіны. Краіна і яе грамадства зрабіла адназначны «еўрапейскі выбар», але ці дало гэта чаканы вынік? Рэсурсаў самой Еўропы для «выцягвання» такой вялікай краіны не дастаткова, агрэсіўная рэакцыя Масквы прывяла да страты тэрытарыяльнай цэласнасці і вайны. Нават такі адназначны выбар, які яшчэ пару гадоў таму ўяўляўся панацэяй, аказваецца, сам сабой не вырашае аніяк тых праблем, якія назапасіліся ў грамадстве.

Калі не спрацоўваюць ідэі і руйнуюцца праекты і планы, гэта, безумоўна, спараджае стомленасць ды апатыю.

— У нядаўнім інтэрв’ю «Нашай Ніве» гісторык Андрэй Чарнякевіч кажа пра кола беларускіх праектаў, пра тое, што аўтары праектаў нават XXI стагоддзя робяць прыкладна тыя ж памылкі, што і папярэднікі часоў БНР. Маўляў, нельга назваць памылкай, калі дзіця ідзе, робіць першы крок і падае, але калі такое робіцца ў 30 гадоў — гэта ўжо інфантылізм, а падгузнік у 30 гадоў — гэта прыкмета хваробы. Дык можа ўсе гэтыя праекты цягам стагоддзя не далі ўвогуле плёну беларусам у шырокім сэнсе? Ёсць жа і меркаванні пра тое, што беларуская нацыя так і не паспела сфармавацца — у адрозненне ад суседзей, і калі так, то ці мае сэнс увогуле будаваць нейкія канцэпты будучыні?

— Я маю зусім іншыя пункт гледжання па гэтым пытанні. Па-першае, нацыя сфармавалася. Магчыма, яна сфармавалася не так, як хацелася некаму, але тое, што яна ёсць, — гэта факт. Можам ужо толькі спрачацца пра дэталі — дакладнае напаўненне ідэнтычнасці, накірунак развіцця і г.д, але тое, што гэтая супольнасць — сацыяльная і палітычная — існуе, няма сэнсу адмаўляць. Тое, што ўсе праекты беларускага «нацыябудаўніцтва» (ці лепш — «нацыятварэння») былі правальнымі ці безвыніковымі, — глупства. Дыскусія вельмі даўняя, знойдзем дзясяткі інтэлектуалаў, якія пісалі і 80 гадоў таму, і 30-ць, што «ўсё прапала», «мы робім тыя самыя памылкі» і таму падобнае. Але калі рэальна параўнаць, што было з беларускім пытаннем на пачатку ХХ стагоддзя і што ёсць зараз… Ёсць дзяржава — Беларусь, каля 9 мільёнаў лічаць сябе беларусамі, ёсць беларуская літаратура, гістарычная навука, культура, цэлая інфраструктура па прадукаванню беларускай ідэнтычнасці і г.д. Сапраўды, крытычная сітуацыя толькі з моваю, але, у любым выпадку, казаць, што ўсё было правальным, проста не выпадае. Натуральна, што ў кожным «праекце» не ўсё атрымоўваецца так, як задумвалася. Не былі цалкам рэалізаваныя ні праект БНР, ні праект БССР. Калі прыглядаешся да дэталей, то паўстае пытанні, а ці былі гэта ўвогуле цэласныя праекты? Хутчэй, разнародныя кааліцыі вельмі розных плыней, ідэй, інтарэсаў, нутраных і знешніх інтэнцый. Часам яны супрацоўнічалі, часам ваявалі, часам ігнаравалі адзін аднаго. Беларуская нацыя ёсць вынік гэты працэсаў, таму проста няма падстаў казаць, што гэта вынік нейкіх памылак і тым больш вынік памылак нейкай асобнай палітычнай групы.

І яшчэ тут адзін момант, які мне падаецца вельмі важным. Вельмі часта, калі інтэлектуалы пачынаюць разважаць пра мінулыя «праекты», то кажуць пра нейкія відавочныя і зразумелыя памылкі. Маўляў, каб кіраўнікі БНР не арыентаваліся на энтралінгвістычную нацыю, калі б першая хваля Адраджэння не мела б сацыялістычны ўхіл, ці калі б Зянон Пазьняк у 1990-х адкінуў пытанні мовы і пераключыўся на эканоміку і сацыяльныя пытанні і г.д. Але пры блізкім разглядзе, усё гэта не выглядае відавочнымі памылкамі, а некаторыя рэчы проста па-іншаму нельга было рабіць. На пачатку ХХ стагоддзя не было ніякай альтэрнатывы этнамоўнаму вызначэнню беларусаў, проста не існавала іншых з’яў ці інстытутаў, якія можна было апазнаць як «беларускія», акрамя мовы і этнічнай (народнай) культуры. У першай палове ХХ стагоддзя ў беларускім руху практычна не было «правага» спектру не таму, што ніхто не спрабаваў яго стварыць (можна прыгадаць краёўцаў, пазней — хадэкаў), але для яго проста не знайшлося сацыяльнай базы. На пачатку 1990-х БНФ тэарэтычна мог адмовіцца ад моўнай праграмы, але менавіта яна і нішто іншае дазваляла мабілізаваць новых прыхільнікаў. Пры гэтым партый і арганізацый, што эксплуатавалі выключна эканамічныя і сацыяльныя пытанні, было некалькі дзясяткаў.

Беларускае нацыятварэнне — гэта не тое, што рабіла адна партыя ці рух. Нават калі казаць пра палітычны ўзровень, то і на пачатку ХХ стагоддзя, і ў 1990-я гады гэта быў шырокі спектр. А на ўзроўні культуры ды грамадства ўсё было яшчэ складаней. Засяроджванне ўвагі на нейкім вузкім сегменце, высоўванне яго менавіта як адзінага выразніка працэсу — гэта проста няправільна.

— Але пры ўсім тым, як мне здаецца, у беларускім грамадстве існуе даволі выразная падвоенасць, выразны падзел, пачынаючы з элементарных рэчаў-сімвалаў — сцяга і герба. Беларусаў назваць кансалідаванай хоць у нечым нацыяй не выпадае, на маю думку. Ці ж можа быць тады паспяховым любы праект будучыні з такімі вось ледзь не адваротнаскіраванымі гульцамі?

— Гэта добрае ўдакладненне. Але, па-першае, не варта перабольшваць уніфікаванасць і кансалідаванасць сучасных нацый увогуле. Існуюць вельмі розныя прыклады. Італія выразна падзеленая па геаграфічнай прыкмеце, на грані расколу балансуе Бельгія, у Злучаных Штатах Амерыкі хапае этнічных і расавых праблем. Нават такія маналітныя краіны, як Францыі ці Грэцыі, часам перажываюць радыкальную палярызацыю. А калі ўзгадаць усплёск сепаратысцкіх рухаў: Каталонія, Шатландыя, Краіна баскаў…

Такая вось няцэласнасць — гэта, хутчэй, уласцівасць сучасных нацый. Нацыя — гэта ўсё-такі суіснаванне адрознасцей, адрознасцей палітычных, сацыяльных, культурных. Я, натуральна, прызнаю тое, што беларусы ёсць падзеленымі, сапраўды, і ёсць розныя візіі таго, якой Беларусь мусіць быць, але гэта не ставіць пад пытанне саму ідэю беларускай нацыі. Прынамсі, гэтая дыстанцыя, як мне падаецца, не настолькі значная — прынамсі, калі мы кажам пра большасць.

Акрамя гэтага, важна ўлічваць дынаміку. Калі ўзяць Беларусь, напрыклад, 20 гадоў таму, то дыстанцыя паміж тымі, хто быў арыентаваны на нацыянальныя праект, і тымі, хто ставіў на савецкі праект, была значна большая, чым зараз. Людзі тады рэальна маглі проста не разумець адзін аднаго. Не проста не пагаджацца ці не прымаць довады, але элементарна разумець. Напрыклад, значна частка насельніцтва (магчыма, большасць) проста не ведала, што такое Полацкае княства і Вялікае княства Літоўскае, не ведалі прозвішчы Сапегаў ды Радзівілаў і што гэта іх гісторыя, а не Іван Грозны. Зараз сітуацыя відавочна іншая. Усё-такі асноўная дынаміка такая, што кансалідацыя, знаходжанне нейкага агульнага грунту — адбываецца. І зараз дыстанцыя паміж рознымі канцэпцыямі беларускай нацыі відавочна меншая, чым было 25 гадоў таму.

— Дык як усё зрабіць праект Беларусь? І каб паспяховы, і кансалідуючы беларусаў? Вельмі ж ужо шмат было тых канцэпцый.

— Я думаю, што шырокія інтэлектуальныя канцэпцыі не спрацуюць. І зараз прыдумваць новую ўтопію ці новы маштабны «праект» — бессэнсоўна, з практычнага пункту гледжання. Гэта можа быць цікава інтэлектуалам як гульня, і, магчыма, ад гэтага нешта застанецца ў інтэлектуальнай гісторыі, але тое, што гэта будзе ўплываць на палітычныя ды сацыяльныя працэсы, — верагоднасць вельмі невялікая. Магчыма, некалі прыйдзе новая эпоха «ўсеагульных праектаў», але адбудзецца гэта не хутка.

Мне падаецца, што бліжэйшая будучыня будзе стварацца эвалюцыйна, без стратэгіі, часткамі, кавалкамі, фрагментамі. І ў гэтых фрагментах і будзе заключацца рэальны беларускі кампраміс, таму што іншага варыянту, мне падаецца, няма. Перамога адной плыні не будзе канструктыўнай. Таму канцэнтравацца трэба на нейкіх канкрэтных, магчыма, нават лакальных рэчах — не на маштабных інтэлектуальных праектах.

— Але ж трэба яшчэ выйсці са стану апатыі…

— Сапраўды, зараз менш веры ў нейкія выратавальныя сродкі выпраўлення сітуацыі, але гэта не абавязкова мусіць быць крыніцай апатыі і песімізму. Мне падаецца, што проста дэталёвае асэнсаванне гэтага стану як «перыяду-эпохі» паказвае пэўныя накірункі выхаду. Так, не варта чакаць і штучна выклікаць нейкую чарговую эйфарыю, шукаць выйсце ў цудадзейным сродку ці ідэі. Мусіць быць разуменне таго, што можна зрабіць, на што можна ўплываць у такой сітуацыі. Не марыць пра глабальныя ўтопіі ці пра хуткія змены, але паслядоўна працаваць у сваёй сферы. На першым плане мусіць быць праца арганічная, а не рамантычная.

Eurobelarus

8 января 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…