+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Парламент VI склікання: дазаваны плюралізм і разнастайнасць пад кантролем

Беларускія ўлады карэктуюць склад парламента для ажыўлення яго дзейнасці і стварэння перадумоў для палітычнай канкурэнцыі ў будучым. Улады разлічваюць зменшыць раскол у грамадстве і змякчыць настроі сярод пратэстнага электарата за кошт уключэння дэпутатаў з апазіцыйнымі поглядамі ў заканадаўчы орган. Хутчэй за ўсё, беларускае кіраўніцтва вымушанае павялічыць вагу парламента ў выпрацоўцы дзяржаўнага курса і прыняцці сацыяльна-эканамічных рашэнняў для пашырэння адказнасці за непапулярныя ініцыятывы урада па скарачэнню сацыяльных гарантыў. Павелічэнне колькасці парламенцкіх партый і дэпутатаў скіраваны на тэставанне новай канфігурацыі партыйнай сістэмы, чаго ўжо даўно дабіваюцца ад прэзідэнта А. Лукашэнкі розныя наменклатурныя групоўкі.

ris2016-09-28

Беларускае кіраўніцтва закладае падмурак для пашырэння сацыяльнай базы сваёй падтрымкі за кошт павелічэння публічнай ролі парламента і развіцця палітычных партый у сітуацыі, калі прэзідэнцкая ўлада пачынае страчваць давер у беларускага насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы паступова губляе вобраз «народнага» прэзідэнта, падтрымка якога грунтуецца на «простых людзях». Паводле апошняга чэрвеньскага апытання НІСЭПД сярод тройкі групаў, на якія апіраецца прэзідэнт А. Лукашэнка, апынуліся – «вертыкаль» (54,4%), сілавікі (47,1%) і дзяржслужбоўцы (32,1%).

Узроставы і гендарны склад: дагнаць і перагнаць Еўропу

Нягледзячы на тое, што, на першы погляд, дэмаграфічны склад беларускага парламента мала чым адрозніваецца ад заканадаўчых органаў іншых краін Еўропы, адсутнасць канкурэнцыйнага асяроддзя ў палітыцы вядзе да скажэння прадстаўнічасці, слабой матывацыі і ініцыятыўнасці народных абраннікаў, невысокага ўзроўню іх прафесіяналізму як палітыкаў.

Сярэдні ўзрост новага дэпутацкага корпуса (50 год) зменшыўся на тры гады ў параўнанні з папярэднім складам парламента (53 гады), што адпавядае сярэднееўрапейскім паказнікам і значна менш у параўнанні з Палатай прадстаўнікоў Кангрэса ЗША (57 год).

Тым не менш, узроставая структура беларускага парламента дэфармавана ў бок асобаў перадпенсійнага ўзросту (50-59) гадоў, якія па-ранейшаму складаюць найбольшую групу ў беларускім парламенце – 58 чалавек (53%).  Па еўрапейскіх мерках гэты ўзрост (50-59) з’яўлецца найбольш «папулярным» для дзейнасці ў заканадаўчых органах улады і пікам палітычнай кар’еры, як і для больш старэйшай группы палітыкаў (60+).

Аднак беларускіх дэпутатаў-«пенсіянераў» (60+) у цяперашнім складзе парламента ўсяго толькі 6 чалавек (5%). У той час як у сярэднім па Еўропе гэтая ўзроставая группа (60+) вызначаецца высокай палітычнай актыўнасцю і сярод дэпутацкага корпусу складае болей за 20%. Па ўсё верагоднасці, невялікая колькасць дэпутатаў – «пенсіянераў» з’яўляецца наступствам дэфармаванасці ў Беларусі канкурэнцыйнага асяроддзя і адсутнасці магчымасці для працягу палітычнай кар’еры пасля сканчэння прафесійнай дзейнасці. У еўрапейскіх краінах гэтыя людзі з вялікім аўтарытэтам маюць магчымасць выкарыстаць свой досвед у прадстаўнічых органах улады. У Беларусі жа большасць з «упраўленцаў», якія так і не ператварыліся ў палітыкаў, проста зыходзяць на пенсію. Прычым дзяржава «набывае» лаяльнасць высокакваліфікаваных і аўтарытэтных упраўленцаў за кошт адмысловага «сацыяльнага пакета». Гэты пакет уключае доступ да размеркавання дзяржаўных рэсурсаў (магчымасць ільготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва, дзяржаўная дапамога ў працаўладкаванні пасля сканчэння кадэнцыі, высокія пенсіі і інш.). Аднак лепшае пенсійнае забеспячэнне можна страціць у выпадку канфрантацыі з дзеючым кіраўніцтвам дзяржавы (як, напрыклад, у выпадку з экс-старшынём Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам).

Узроставы склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ VI — га склікання

Узроставы перыяд 30-39 40 — 49 50 — 59 60 і старэйшыя
Колькасць дэпутатаў 8 38 58 6
%, ад дэпутацкага складу 7% 35% 53% 5%

 

У парламенце 6-га склікання колькасць жанчын павялічылася адразу на траціну з 29 да 38 чалавек і дасягнула ліміту «прэзідэнцкай» квоты ў 30-35% ад дэпутацкага корпуса[4]. Гендэрны склад парламента дазваляе афіцыйнаму Менску заняць больш моцныя пазіцыі ў розных міжнародных структурах, адчувальных да гендэрнай праблематыкі, і змякчыць крытыку ў адносінах да выканання правоў чалавека і палітычных вольнасцяў у краіне. Акрамя таго, павелічэнне адсотку жанчын у парламенце адлюстроўвае становішча сярод дзяржаўных служачых, пераважная большасць (68,5%) якіх складаюць жанчыны[5].

Прафесійны склад парламента: ігнараванне недзяржаўнага сектара

Прафесійны склад Палаты прадстаўнікоў пакуль застаецца абмежаваны амаль выключна дзяржаўнай сферай эканомікі і кіравання, дзяржаўнымі некамерцыйнымі арганізацыямі. Нягледзячы на адносна вялікую долю прыватнага сектара ў эканоміцы краіны, кіраўніцтва дзяржавы асцерагаецца палітычнага прадстаўніцтва інтарэсаў бізнэса ў парламенце.

Паводле ацэнак эканамістаў на прыватных прадпрыемствах занята 31,4% ад агульнай колькасці работнікаў. На працягу ўсё сваёй прэзідэнцкай кар’еры А. Лукашэнка папярэджваў аб жорсткіх наступствах для бізнэсоўцаў, якія вырашаць заняцца «палітыкай». За выключэннем адзінага апазіцыйнага дэпутатата Ганны Канапацкай ад АГП, якая мае прыватны бізнэс, незалежныя ад дзяржавы сектары эканомікі і сферы грамадства фактычна пазбаўлены прадстаўніцтва ў парламенце. (гл. інфаграфіку).

Пры гэтым традыцыйна высокую долю ў вышэйшым прадстаўнічым органе маюць выхадцы з дзяржаўных органаў кіравання, мясцовага кіравання і самакіравання. З улікам пераабраных на другі тэрмін дэпутатаў яны складаюць болей за 43% складу парламента.   

Колькасць дэпутацкіх мандатаў ад той ці іншай сферы сведчыць аб уплывовасці наменклатурных групаў і перспектывах пераразмеркавання дзяржавай бюджэтных рэсурсаў, якія працягваюць скарачацца.

Паводле эканамістаў уплыў аграпрамысловага сектара на размеркаванне бюджэтных сродкаў з’яўляецца найбольшым у параўнанні з іншымі сферамі і не адпавядае долі сельскай гаспадаркі ў эканоміцы. Гэты сектар паглынае да 50% бюджэтных рэсурсаў, якія выдаткоўваюцца на нацыянальную эканоміку, хоць на долю сельскай гаспадаркі прыходзіцца менш за 8% ВУП і менш за 10% занятасці. Відавочна, што дзяржава мае намер скараціць гэтае фінансаванне, што адлюстроўваецца і ў прафесійным складзе парламента. Менш за 2% мандатаў у ім належаць прадстаўнікам аграпрамысловага комплекса, хаця да іх таксама трэба дадаць некалькі выхадцаў з мясцовых органаў улады, звязаных з аграрыямі. Паводле праекту бюджэту Беларусі на 2017 год выдаткі на аграпрамысловы комплекс у 2017 годзе скароцяцца на 16%.

Парламенцкія партыі: фармаванне новай канфігурацыі партыйнай сістэмы

Беларускія ўлады пачынаюць ствараць перадумовы для фармавання паўнавартаснай партыйнай сістэмы. Колькасць парламенцкіх партый сведчыць аб разглядзе беларускім кіраўніцтвам сцэнару ўвядзення ў будучым прапарцыйнай або змяшанай сістэмы. Верагоднасць такога развіцця падзей пацвярджаецца перыядычнымі развагамі кіраўніка Центрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай аб пераходзе да змяшанай або прапарцыйнай сістэмы.

Варта адзначыць, што ў новым складзе беларускага парламента прысутнічаюць партыі рознага накірунку з перавагай палітычных сіл з левай ідэалогіяй, што адлюстроўвае прыхільнасці беларускага насельніцтва да патэрналізму і сацыяльнай роўнасці – Беларуская патрыятычная партыя (БПП) – 3 дэпутаты, Беларуская партыя працы і справядлівасці (БППС) – 3 дэпутаты і Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) – 8 дэпутатаў. Прычым усе гэтыя партыі дэкларуюць розныя варыянты інтэграцыі з усходнім суседам і з’яўляюцца прыцягальнымі для прыхільнікаў «рускага міра».

У сваю чаргу, беларускае кіраўніцтва не бачыць урадлівай глебы для распаўсюду ў краіне ліберальных настрояў. Прадстаўнікі партый з ліберальнай ідэалогіяй маюць усяго толькі два мандаты ў ніжняй палаце парламента – па аднаму ад апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і лаяльнай уладам Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП). У дадатак у верхняй палаце ЛДП прадстаўлена адным сенатарам – кіраўніком партыі і неаднаразовым экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта Сяргеем Гайдукевічам.

Па ўсёй верагоднасці, сацыяльная база патрымкі прэзідэнта А. Лукашэнкі працягвае скарачацца, і ўлады не бачаць магчымасцяў падтрымкі патэрналісцкай сістэмы з захаваннем сацыяльных гарантый насельніцтву. Кіраўніцтва дзяржавы вымушана нейтралізаваць пратэстныя настроі за кошт павелічэнне ролі падкантрольных уладам палітычных партый. Партыі левага ідэалагічнага спектру, прадстаўнікі якіх пераважна і прайшлі ў парламент, павінны згуртаваць вакол сябе насельніцтва, незадаволенае існуючай палітыкай скарачэння дзяржавай сацыяльных гарантый. Акрамя таго, эксперымент з пашырэннем партыйнага прадстаўніцтва за кошт лаяльных уладам партый з’яўляецца водгукам вышэйшага кіраўніцтва на запатрабаванне наменклатуры надаць ёй большую ролю пры вызначэнні кадравага складу парламента.  

Партыйнае прадстаўніцтва ў ПП 5-га і 6-га склікання

Партыя АГП БАП БПП БППС КПБ ЛДП
Парламент 5-га склікання 1 1 3
Парламент 6-га склікання 1 3 3 8 1

Відавочна, што ў бліжэйшыя гады будзе змяншацца роля аграпрамысловага сектару на размеркаванне дзяржаўных рэсурсаў. Нягледзячы на павелічэнне партыйнага прадстаўніцтва, улады не выдзелілі адмысловай квоты ў новым парламенце для Беларускай аграрнай партыі (БАП), якая з часу свайго заснавання ў 1992 годзе заўсёды была прадстаўлена ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны. Хаця на працягу ўсяго прэзідэнцтва А. Лукашэнкі скарачалася, у Палаце прадстаўнікоў V-га склікання гэтая партыя мела свайго чальца разам з БППС (1) і КПБ (3).

Хутчэй за ўсё, вышэйшае кіраўніцтва краіны заклапочана тым, што скарачэнне бюджэтнага фінансавання сельскагаспадарчай галіны можа выклікасць напружанне сярод аграрыяў. БАП узначальвае віцэ-прэм’ер і экс-міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы. Прадстаўніцтва ў заканадаўчым органе аграрыяў надало бы аграпрамысловаму сектару значна большыя магчымасці для адстойвання сваіх інтарэсаў.

У перыяд станаўлення існуючай палітычнай сістэмы падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 года былы кіраўнік БАП і экс-старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі разам з аднапартыйцамі выступілі супраць ініцыятыў прэзідэнта А. Лукашэнкі. Хоць потым кіраўніцтва партыі змянілася і яе чальцы засведчылі адданасць дзеючаму кіраўніцтву, сродкі для падтрымання лаяльнасці аграрыяў у дзяржавы ўжо значна скараціліся.

Улады таксама асцерагліся вяртаць БНФ у публічную прастору ў якасці парламенцкай партыі. Магчыма гэта выклікана тым, што БНФ яшчэ з 1990-х з’яўляецца найбольш вядомай апазіцыйнай арганізацыяй з патэнцыялам прыцягнення да сябе пратэстнага электарата. Тым не менш, рост папулярнасці ў грамадстве нацыянальных каштоўнасцяў не засталіся па-за ўвагай беларускага кіраўніцтва. Пазіцыі беспартыйнага дэпутата Алены Анісім ад ТБМ з’яўляюцца прыцягальнымі для шмат каго з нацыянал-дэмакратаў. 

У сваю чаргу, беларускае кіраўніцтва ўжо мае паспяховы досвед кааптацыі прадстаўнікоў АГП ва ўладныя структуры, што не прывяло да якіх небудзь значных збояў у працы палітычнай сістэмы. На пачатку 2000-х некалькі прадстаўнікоў лібералаў ужо дзейнічалі ў Палаце прадстаўнікоў ІІ склікання. Пры гэтым, АГП адчувае рызыку страціць сваю апазіцыйную ідэнтычнасць і прыцягальнасць для пратэстнага электарата з-за пераходу ў статус парламенцкай партыі. Тым не менш, лібералы імкнуцца захаваць правацэнтрысцкую кааліцыю з рухам «За свабоду» і БХД, каб пазбегнуць апазіцыйнага астракізму.

Аб’яднанне «Белая Русь» па-ранейшаму знаходзіцца ў чаканні вышэйшага дазволу трансфармавацца ў «партыю ўлады». Кіраўніцтва аб’яднання неаднаразова падкрэслівала жаданне стаць цэнтрысцкай палітычнай сілай.  Па выніках парламенцкіх выбараў «Белая Русь» замацавала свой уплыў у парламенце, сярод дэпутацкага корпуса якога 68 чальцоў гэтай арганізацыі.

Такім чынам, беларускія ўлады распачалі эксперымент з пашырэннем удзелу партый у парламенце для стварэння ўмоў для развіцця партыйнай сістэмы ў будучым. Дзякуючы ўзмацненню ролі парламенцкіх партый беларускае кіраўніцтва плануе захаваць кантроль над тымі групамі насельніцтва, якія яшчэ нядаўна падтрымлівалі або пакуль падтрымліваюць прэзідэнта А. Лукашэнка, аднак выказваюць усё большую незадаволенасць дзяржаўным курсам па скарачэнню сацыяльных гарантый. 

«Наше мнение»

29 сентября 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…