+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Патрэбна мадэрнізацыя мазгоў!

Экс-кандыдатка на пасаду Прэзідэнта Беларусі Таццяна Караткевіч разам са старшынёй рады грамадскай ініцытывы “Гавары праўду” Андрэем Дзмітрыевым праехалі па некторых населеных пунктах Рэчыцкага раёна і сустрэліся з жыхарамі.

12688132_1123909147633965_7983736855371469433_n

Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў пабылі ў вёсцы Жмураўка, Казазаеўка, Броннае, паразмаўлялі са старшынёй Жмураўскага сельсавета і адным з мясцовых дэпутатаў аб надзённых праблемах жыхароў падведамаснай тэрыторыі. Пасля гэтага яны наведалі карцінную галерэю імя вядомага мастака Аляксандра Ісачова, які доўгі час жыў і працаваў у Рэчыцы. 

 

Увечары ў грамадска-палітычным цэнтры ў Рэчыцы адбылася сустрэча Таццяны Караткевіч і Андрэя Дзмітрыева з грамадскімі актывістамі ды жыхарамі горада. 

Мадэратарам размовы паміж рэчычанамі і менскімі палітыкамі стаў Андрэй Дзмітрыеў. Ён акрэсліў асноўныя праблемы, якія маюцца сёння ў прыватнасці ў найбольш значнай сферы існавання дзяржавы – эканоміцы. Асноўная з іх: вялікая колькасць буйных прадпрыемстваў, якія працуюць не эфектыўна, а папросту праядаюць грошы з дзяржаўнага бюджэту – грошы падаткаплацельшчыкаў. На думку Дзмітрыева, калектывы нават на тэхнічна мадэрнізаваных прадпрыемствах перагружаныя і дзеля таго, каб гэтыя прадпрыемствы пачалі акупацца, патрэбна разгрузіць іх – людзей, якія не патрэбныя для работы новага высокатэхналагічнага абсталявання рана ці позна давядзецца скарачаць. Але гэта немінуча выкліча павышэнне афіцыйна рэгістраванага беспрацоўя. Хаця, сёняшнія чатырохдзёнкі і заробкі ў тры мільёны рублёў – гэта тое ж самае беспрацоўе, толькі схаванае, бо ў развітых краінах дапамога афіцыйным беспрацоўным значна перавышае суму такіх заробкаў.

У той жа час, сістэма занятасці насельніцтва нашай краіны працуе паводле савецкіх яшчэ стандартаў. У нас адсутнічае нармальная магчымасць перанавучання, адкрыць уласную справу юрыдычна быццам бы і не складана, але атрымаць ад дзяржавы стартавую дапамогу на пачатак бізнэса, развіваць малыя прыватныя прадпрыемствы, якія б стваралі канкурэнцыю неэфектыўным дзяржаўным гігантам, практычна не магчыма. І гэта, на думку кіраўніка “Гавары праўду”, асноўнае, што патрэбна мяняць.

Але Аляксандр Лукашэнка, адразу пасля пераабрання на прэзідэнцкую пасаду выказаўся пра тое, што аніякіх зменаў не будзе, краіна будзе працягваць ісці тым жа курсам, якім і рухалася раней. А гэта азначае толькі адно – далейнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, змяншэнне канкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі як на вонкавых, так і на ўнутраным рынку, рост схаванага, а магчыма і афіцыйнага беспрацоўя. Пры гэтым, неабходнасць зменаў эканамічнага механізма разумеюць і многія ва ўладных колах, але яны знаходзяцца ў сістэме, і сістэма ім не дазваляе ажыццяўляць насамрэч рынкавыя, прагрэсіўныя змены. 

Таццяна Караткевіч адзначыла, што ў грамадстве наспела цікавасць да таго, якія павінны быць змены. Пакуль жа дзяржава бачыць адзіны шлях для ратавання эканомікі – залезці ў кішэню сваім грамадзянам, вынаходзячы ўсё новыя падаткі і зборы, падвышаючы тарыфы, ствараючы штучныя перашкоды для набыцця больш танных тавараў на рынках суседніх краінаў і г.д. Таму, адзначыла Караткевіч, усім тым, хто не абыякавы да развіцця нашай краіны, варта выходзіць на дыялог – гэта адзіная пляцоўка, якая можа прывесці да мірных зменаў. 

– Кепска, што мы вінавацім ва ўсім аднаго чалавека, – сказаў рэчычанам Андрэй Дзмітрыеў. – У нас побач ёсць краіна, дзе народ прыбраў ад улады аднаго чалавека, але сістэму разбурыць не здолеў. І сістэма працягвае працаваць гэтак жа, як і працавала раней. Мы зменімся не са зменай аднаго чалавека. Тэхнічная мадэрнізацыя праведзена. Цяпер патрэбна мадэрнізацыя мазгоў! Трэба змяніць сістэму. А для гэтага ўсім, хто можа, трэба ўдзельнічаць! 

– Так! Мы стаім на пазіцыях удзелу ў палітыцы, – працягнула калегу Таццяна Караткевіч. І, на жаль, пакуль тых, хто ведае, якія патрэбны змены, хто гатовы рабіць крокі да іх, меншасць, хаця неабходнасць зменаў разумеюць амаль усе. 

На думку экс-кандыдаткі на прэзідэнта, неабходна растлумачваць патрэбу ў мірных, павольных, але мэтанакіраваных і рашучых зменах усім і ўсюды, дзе гэта магчыма. Трэба, каб ужо да сёлетніх парламентскіх выбараў грамадства прыйшло такім, у якім большасць была б за змены і не давярала дзяржаўнай прапагандзе, якая перад прэзідэнцкімі выбарамі ў час разгару ўкраінскіх падзей, ставіла грамадства перад выбарам “мір ці змены”, а цяпер вылучае новы лозунг “хлеб ці змены”. Цалкам магчыма, каб быў і хлеб, і змены. Інакш, у хуткім часе большасці беларусаў на адзін хлеб з вадой і давядзецца перайсці. 

У ходзе дыялогу палкую палеміку выклікалі фальсіфікацыі, якія былі зафіксаваныя мясцовымі назіральнікамі на выбарчых участках падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў і тое, як пазбегнуць такога надалей. Таксама быў узняты шэраг мясцовых праблемных пытанняў, вырашэнне якіх можа стаць мэтай маючай адбыцца ўжо сёлета парламентскай выбарчай кампаніі. Таццяна Караткевіч прадставіла прысутным прэтэндэнтку на кандыдата ў дэпутаты парламента, якая мае намер змагацца ў Рэчыцы за дэпутацкае месца – Іну Маненкову.

У завяршэнне Таццяна Караткевіч сказала, што яна не лічыць паразай тое, што адбылося ў кастрычніку мінулага года, працягвае палітычную дзейнасць і будзе імкнуцца да таго, каб мірныя змены, якія яна абвяшчала за мэту падчас сваёй прэзідэнцкай кампаніі, сапраўды насталі ў Беларусі.

Речица без цензуры

18 февраля 2016

Коментарии

  • Andy Voter18 февраля 2016 #

    Система проржавела и сгнила, и вот-вот рухнет. А вы предлагаете только еще «растлумачваць патрэбу» в мирных и решительных (?) переменах. Удивительно: вы же сами прошлым летом отвергли предложенную вам серию образов «Перемены — это жизнь!». Их «нашатырной» эмоции вы тогда предпочли тёпленький бульончик. Испугались.
    Р.S. Касательно «фальсификаций» можете прочесть среди комментариев к материалу «Гавары праўду» ведае, як даць рады росту цэнаў у ЖКГ». — http://www.svaboda.org/content/article/27558184.html

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…