+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Прамова па тэлебачанню Ягора Левачова

13717189_1028822523891875_2369856071322304173_o

Вітаю, шаноўныя выбаршчыкі!

Маё імя – Ягор Левачоў, я кандыдат у дэпутаты па Лепельскай выбарчай акрузе. Гэта тры раёны: Чашніцкі, Бешанковіцкі і Лепельскі. Я з адзнакай скончыў БДУ і атрымаў ступень магістра геаграфічных навук. Нарадзіўся і вырас у Бешанковічах, дзе і жыву зараз.

У мінулым годзе на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь многія з вас прагаласавалі за кандыдата ад кампаніі «Гавары праўду» Таццяну Караткевіч, падтрымаўшы нашу праграму «Мірных пераменаў». У гэтым годзе мы камандай ідзем у парламент, каб працягнуць пачатае.

Мірныя перамены:

• гэта ўлада, якая паважае грамадзянаў і раіцца з імі;

• гэта эканоміка, у якой ствараюцца ўмовы для таго, каб працаваць і годна зарабляць;

• гэта дзяржава, якая забяспечвае сацыяльную абарону кожнаму з нас.

Сёння ў нашай акрузе ўлада нас не паважае. Ямы ў нашых дварах, затопленыя падвалы, адсутнасць асвятлення — вось прыклады такой непавагі. Таму нам трэба самастойна абіраць уладу. Бо абраны кіраўнік выканкама будзе адказваць перад народам, а не перад вышэйстаячым чыноўнікам. І будзе думаць, што яго грамадзянам патрэбна гарачая вада ў Бешанковічах кожны дзень, адэкватная транспартная сетка ў Лепелі, чысты пляж у Навалукомлі, асветленыя і асфальтаваныя вуліцы. Інакш мы не абярэм яго зноў на наступны тэрмін, і ён не будзе кіраваць раёнам. А зараз атрымліваецца: сказалі зверху «эканоміць» — значыць, будзем эканоміць, а вы там хадзіце па пабітых дарогах, яшчэ і святло выключым.

«Мірныя перамены — гэта эканоміка, дзе зарабляюць». Трэба не «душыць» прадпрымальнікаў праверкамі, а, наадварот, дапамагаць ім, стварыць такія ўмовы, каб з’явілася больш прадпрыемстваў і ІП, бо гэта новыя працоўныя месцы. Сёння чыноўнікі толькі ўстаўляюць палкі ў колы бізнэсу, не даюць развівацца канкурэнтам дзяржпрадпрыемстваў.

Вось чаму ні ў адным з раёнаў так і не адчынілі «Еўраопт»? Таму што гэта не выгадна райсаюзу. А хто на баку райсаюзаў? Правільна, мясцовая ўлада. Прадаўцоў гэтых райсаюзаў за людзей не лічаць: абяцаных заробкаў не бачна, перапрацоўку гадзінаў не аплочваюць, прэміі пазбаўляюць за любыя правіннасці. Павінна быць здаровая канкурэнцыя, і тады будуць новыя працоўныя месцы і грошы ў бюджэце на сацзабеспячэнне, якасную бясплатную адукацыю і якасную бясплатную ахову здароўя.

Сацыяльнае забеспячэнне трэба так выбудаваць, каб пенсія, хвароба або страта карміцеля не былі для чалавека катастрофай. Дапамога па беспрацоўі — на ўзроўні пражытачнага мінімуму. Годныя пенсіі, якія будуць разлічвацца з усяго заробку і ўключаць службу ў войску, дэкрэтны адпачынак і вучобу.

Калі я стану дэпутатам, абяцаю вырашыць праблему вады ў Бешанковічах: каб яна была гарачай кожны дзень і летам таксама, а то атрымліваецца як у тым анекдоце «кількі той зімы»; каб ваду можна было піць, а не ездзіць па яе ў крыніцы. У Лепелі трэба аптымізаваць транспартную сетку гарадскіх і прыгарадных маршрутаў, каб людзі ездзілі не толькі на працу і вечарам назад, але і па сваіх справах.

Дарогі — мабыць, галоўная праблема ў нашай акрузе; я маю на ўвазе не цэнтральныя магістралі і не вуліцы чыноўнікаў, а нашы вуліцы, дзе мы жывем. Упэўнены, у Бешанковічах, Лепелі, Чашніках і Новалукомлі часцяком прыходзіцца рамантаваць падвеску аўтамабіля. Але мы плацім тройчы за дарогі: дарожны збор, збор на добраўпарадкаванне, частка акцызу на паліва. І куды ідуць гэтыя сродкі? Будзем разбірацца.

Мяне як магістра геаграфічных навук турбуе экалагічная сітуацыя ў нашай акрузе: возера Лукомльскае «квітнее» раней, чым звычайна з-за скідаў з ДРЭС, фабрычнае возера ў Чашніках таксама ў запусценні. У шматлікіх прыватных сектарах нашых гарадоў практыкуецца вываз смецця раз на тыдзень: не паспеў — чакай наступнага разу. Гэтую практыку трэба прыпыніць і ўсталяваць смеццевыя бакі на вуліцах.

Я не будую паветраных замкаў і не абяцаю вам басейнаў, мастоў, лядовых арэнаў і лодачных станцый, але праца, вада, дарогі і экалогія — гэта вельмі важныя праблемы, якія трэба вырашаць ужо цяпер.

11 верасня мы зробім выбар. Галасуйце за мяне — Ягора Левачова. Так, я малады, але менавіта таму я не буду адседжвацца ў крэслі гэтыя 4 гады, а буду працаваць над нашымі праблемамі, так, я малады і менавіта таму я ведаю, якой мы, маладыя, бачым Беларусь!

Прыйдзіце на выбарчыя ўчасткі 11 верасня і прагаласуйце за кампанію «Гавары праўду», за мяне, Ягора Левачова, дайце дарогу маладым!

Мірныя перамены — дабрабыт у кожны дом!

BESHANKOVICHY.BY

25 августа 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…