+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Стась Карпаў: Чаму я буду галасаваць за Таню Караткевіч, ці Хвастцы, хвастцы, хвастцы…

 

Я даўно здагадаўся, што ў спрэчцы не нараджаецца ісціна, і таму, будзем лічыць, не спрачаюся. Будзем лічыць, што гэты маналог адрасаваны да тых, хто любіць чытаць анекдоты ў адрыўных календарах. Гэта самыя лепшыя людзі з усіх, каго я бачыў. Яны проста любяць новае. Бярыце прыклад.

Акрамя таго, тут ёсць нюанс. Будучы чалавекам ад прыроды шчырым, я скажу адразу, што хацеў бы абысціся без раскідвання фекаліяў, і як шчыры ж чалавек адзначу, што не змог. Затое я скажу, што думаю ў зручнай форме, таму ўсіх пакіну з носам, бо падазраю, што астатнія ці кажуць не тое, што думаюць, ці не так, як хочуць.

Дык вось, я буду галасаваць за Таню Караткевіч. У мінулы раз я галасаваў за Статкевіча і ні разу не шкадаваў, цяпер прагаласую за Таню — і не пашкадую. Адказваючы на пытанне Вадзіма Пракопчыка — ці няма ў тых, хто падтрымліваў Мікалая, а цяпер Таню, канфлікту сімпатыяў, — скажу, што няма. Справа ў тым, што я не прыносіў васальнай вернасці ні першаму кандыдату, ні другому. У 2010-м я галасаваў за Статкевіча, бо мне з усіх кандыдатаў найбольш падабаўся Статкевіч, а ў гэтым, 2015-м, — Караткевіч. Так што — вось.

Выбары, выбары! Кандыдаты — лідары

Які выбар у мяне? Ёсць Улаховіч, якога ў некаторым сэнсе хочацца назваць мяккім і арганічным, маючы на ўвазе, натуральна ж, мяккасць характару і арганічнасць беларускага казацтва. І ёсць наша матэматычная, а лепей сказаць арыфметычная канстанта — свет Рыгоравіч.

Да іх усіх у нашай «апшчэсцвеннасці» прэтэнзіяў няма. Ёсць толькі да Тані, ці лепей так: яна і Лукашэнка — двуадзінае зло, якое мусіць быць пераможана кандыдатам, імя якому — байкот.

Тады пра байкот. Скажам шчыра: не мой кандыдат, і ў гэтага кандыдата ёсць бэкграўнд, які проста немагчыма, мой дарагі чытач, ігнараваць. На працягу чалавечай гісторыі ён, наколькі мне вядома, нідзе нічога не дамогся і нават не мае механізму, для таго каб перамагчы.

Нехта вапіе: няўжо вы думаеце, што Таня можа перамагчы Лукашэнку?

Ладненька, я так не думаю, але маю сустрэчнае пытанне: няўжо вы думаеце, што байкот можа перамагчы Лукашэнку? Цікава даведацца — як?

Кандыдат-байкот

Па-першае, вы ніколі ў жыцці не ўгаворыце людзей не прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Яны усё адно прыйдуць, і няхай гэта будзе не народ, а «лепшыя людзі горада», іх ружовыя ад таннага бухла лагодныя твары вам і ўсяму цывілізаванаму свету пакажа БТ. Што будзе пасля?

Пасля, па-другое, Аляксандар Грыгоравіч скажа (і не адзін раз), што апазіцыя настолькі баіцца прадэманстраваць «сваім западным спонсарам» рэальную (мізэрную) падтрымку, што нават не дазваляе жменьцы сваіх прыхільнікаў выразіць свае упадабанні ў лічбах. І кожны раз, калі вы, дарагія мае дыктатаненавіснікі, будзеце казаць нешта пра адсутнасць легітымнасці ў ППРБ, вас будуць тыкаць адухаўлёнымі тварамі ў гэты немудрагелісты тэзіс, які стане асноўным на наступныя 5 гадоў.

Вам будуць казаць: «Так вы ж нават не ўдзельнічалі!» І калі вы пачняце сваю адвечную няскладную песню пра тое, што нельга выйграць у шулера, на вас будуць глядзець як на баранаў. Бо глядзець будуць тыя, хто хадзіў, каб прагаласаваць за свайго кандыдата, Аляксандра Рыгоравіча. Як вы збіраецеся пераканаць чалавека, які верыць Лукашэнку, што вы не вылучылі свайго кандыдата таму, што іх любімы Лукашэнка, напрыклад, «шулер», а не таму, што вас, як і кажа іхны ідал — два з паловай чалавека?

Як вы патлумачыце, што ваш кандыдат не збіраецца зачароўваць сваіх апанентаў праз тэлек і замест гэтага выбраў шлях Клеапатры, ствараючы гурток будучых самагубцаў, дзе ў вузкім коле скардзіцца на жыццё, шукае вінаватых і перабывае ва ўпэўненасці, што гэтым актам павялічвае сваю падтрымку па экспаненце.

Вас запытаюць: «Што ваш кандыдат зрабіў, каб мы за яго прагаласавалі?» Вы ужо падрыхтавалі адказ? Калі так — падзяліцеся ў каментах, будзьце ласкавы.

Ёсць яшчэ цэлая катэгорыя людзей, якая кажа: «Я б прагаласаваў за нейкага там альтэрнатыўнага, але я нікога не бачу». Звычайна я такім людзям адказваю, што той факт, што ты не ведаеш, як гуляе Рэд Сокс — не значыць, што Рэд Сокс не гуляе. Гэта значыць, што ты не цікавішся бейсболам. Але калі аматары байкоту перамогуць — што я адкажу тым, хто «не бачыць». Прыйдзецца прызнаць, што Рэда Сокса няма.

А які цудоўны падарунак кандыдат-байкот прынясе нашаму нязменнаму!

Калі Лукашэнку патэлефануе умоўная Ангела і скажа:

— Што ж такое у вас там адбываецца, гер Аляксандр? Дзе дэмакратычная альтэрнатыва, за якую паўнавартасным еўра плочана?

А гэр Аляксандр скажа ёй, падкручваючы вуса (з маленькай літары):

— Ой, ну я і сам расперажываўся, но не магу жэ я іх угаварыць участваваць, еслі людзі не хацят участваваць. Я жэ ужэ усех выпусціў. Дажэ угалоўнікаў эціх. Ідзіце ў народ, гавару, сабірайце подпісі. Так ані ж не могут дажэ 100 тысяч сабраць. Што ж мне ім сваіх адсЫпаць, ці як?

І абрадаваная такой жалезнай логікай Ангела паведаміць падшэфным немцам, што і сапраўды, усе працэдуры выкананыя і, бачачы, як чырвонае вока Пуціна злосна зырыць з-за крамлёўскага зубца, вырашыць, што трэба браць «Алекса хоць такога». Таму што, калі хто не разумее, калі хочаш прабачыць і дараваць — ты прабачыш і даруеш. Раз Еўропа хоча бачыць Лукашэнку харошым — ёй для гэтага не патрэбны нават сам Лукашэнка. Хопіць і сна пра Лукашэнку ці рэха смеху Лукашэнкі. Прыгажосць, як мы ведаем, у вачах таго, хто глядзіць.

Таму, быў бы я балванам — я бы сказаў, што рознага кшталту байкотчыкі — гэта і ёсць кадэбэшны праект, але я не балван, і таму нікога ў гэтым не абвінавачваю, што не азначае, што мне няма чаго сказаць тым, хто заклікае беларусаў сесці на попу яшчэ раўней, чым да таго.

Ёсць такая праблема, і праблема гэтая — абсалютна не наша нацыянальная. Яна наогул такая праблема. У прынцыпе.

Хвастцы

У свеце шмат бессэнсоўнага. За нашымі межамі — гэта, напрыклад, той-тэр’еры. Унутры нас — хвастцы. Але, ведаеце, калі хвасцец становіцца дамінантным у арганізме — бессэнсоўным робіцца ўвесь чалавек. Бессэнсоўныя людзі-хвастцы, якіх усё ніяк не даб’е эвалюцыя, у адрозненне ад той-тэр’ераў, нікому не прыносяць радасці: яны нічога не могуць прынесці. У іх няма думак, ідэй, у іх няма бадзёрасці і нават жадання быць. Іх нідзе не ўжывеш, але ў іх няма смеласці ні на тое, каб прызнацца сабе ў гэтым, ні на тое, каб знікнуць. Страх знікнуць, у адрозненне ад жадання жыць, у іх ёсць.

Таму людзі-хвастцы збіваюцца ў нейкія гурткі, групы, партыі, у якіх яны нічога не робяць, акрамя таго, як разважаюць пра тое, як яны стануць патрэбнымі усім астатнім людзям, «як толькі прыйдзе час». Але час не прыходзіць, і для іх пажадана, каб не прыйшоў, бо, што рабіць, яны не ведаюць і сваёй задачай маюць кіраваць тымі, хто бясконца чакае і бясконца ж стварае стратэгіі, «як правільна чакаць». Яны любяць расказваць: як не ўдзельнічаць, як не паддавацца, як не пагаджацца, як не верыць і як не падтрымліваць.

Падобна таму, як прыхільнікі Лукашэнкі ставяць яму ў заслугу тое, чаго ён НЕ зрабіў (не разваліў, не распрадаў, не пачаў вайны), адэпты хвастцоў вельмі шчаслівыя ад таго, што не паддаліся, не паўдзельнічалі, не падтрымалі.

Ідэалогія хвастцоў у тым, каб з адсутнасці ідэяў і бяздзеяння зрабіць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Напрыклад, я не магу прыгадаць, што прапанаваў Някляеў, Лябедзька ці, прасцігоспадзі, Калякін. Можа, нехта памятае? Я не пра глабальнае, тыпу «лепшае палепшым». Я пра канкрэтныя штодзённыя ўчынкі.

З Андрэя Дзмітрыева смяюцца, што ён абзваньвае кожны дзень 10 выбаршчыкаў у сваёй акрузе — чыста патрындзець. Можа, і не тэлефануе. А можа, і тэлефануе. Праверыць я не магу. Але вы хаця б чулі ад Калякіна, што ён цікавіцца хоць некім яшчэ? Каго ён можа абзваніць? Маркса з Энгельсам?

Еслі б не была зімы в гарадах і сёлах!

Ок. Мне не падабаецца шмат з таго, што прапануе Андрэй Дзмітрыеў. Мне не падабаецца шмат з таго, што кажа Таня Караткевіч. Але скажыце: што б абмяркоўвалі хвастцы, калі б Караткевіч проста не было?

На працягу ўсёй выбарчай кампаніі ГП усім прапаноўвалі варыянты тыпу «што рабіць». Хвастцы на працягу сваіх выбарчых кампаніяў выказваліся выключна на тэму таго, чаму яны не могуць пагадзіцца з ГП і яшчэ — на тэму таго, як бы ўсім было здорава, калі б Караткевіч наогул не было. Лябедзька б сабраў, напэўна, у свайго мільёна рабочых месцаў сто тысяч подпісаў, Калякін — ажывіў бы Леніна, у Цярэшчанку б лепей увайшоў маркоўны фрэш, не пафарбаваўшы пацыента.

То бок чыста заалагічна — я не маю нічога супраць таго ж Лябедзькі. Можа быць, па-людску, ён вельмі прыстойны ва ўсіх адносінах. Але калі казаць пра выбары-выбары, то скажыце, чым вас за апошні час так натхніў Лябедзька, што ён стаў маральным аўтарытэтам? Ён 20 год бяззменна робіць нічога з нічога, што не выбіваецца з майго разумення закона захавання масы, хаця аднойчы — здзівіў, з нічога стварыўшы Раманчука, які пасля паказаў усім, што такое сапраўдны змагар, закляйміўшы ўсіх пайменна і пратаптаўшы пентаграму вакол ППРБ на паўсагнутых.

Відэа для дарослых

Давайце цяпер пару хвілін пра славутае відэа з Дзмітрыевым, якое прынята суправаджаць охамі і называць «страшным» і «злачынным». У прынцыпе, пытанне у мяне адно: калі вы бачылі гэтае відэа, то скажыце, а што, уласна кажучы, такога страшнага сказаў Андрэй, за што выклікаў столькі нянавісці ад людзей, якіх, часцей за ўсё, не было не тое што на Калектарнай, а на Плошчы наогул?

Так, ён сказаў, што на нас напалі не мянты. А «нейкія» п’яныя маладыя людзі. Яны пачалі раскачваць машыну ДАІ і гэдэ і тэпэ. Ну, скажам, машыну ДАІ і сапраўды разгойдвалі, але, натуральна, нападаў АМАП, хаця і без апазнавальных. Але няўжо той факт, што напужаны чалавек сказаў, што мянты, якія білі ў тым ліку і яго, яго не білі, а вінаватыя — «ніхто» — гэта і ёсць нацыянальная здрада? Так яна па-вашаму выглядае? Прагаварыце па складах: я ненавіджу Дзмітрыева (а заадно і Таню Караткевіч) таму, што гэты чалавек пад ціскам сказаў, што мянты, якія аддубасілі калону, у якой ён ішоў — калону не дубасілі, а дапамаглі разняць бойку.

У мяне прэтэнзіяў да Андрэя няма. Так і запішыце. У Калякіна, які не праект КДБ і не гуляе на ўладу, трэба думаць, прэтэнзіяў шмат. З Някляевым наогул сумная гісторыя. Сапраўды сумная. Хто б хацеў апынуцца на яго месцы, але… Справа не ў тым, што я на ўласныя вочы бачыў лагоднага паэта з чаркай, калі мы разам віншавалі Андрэя з нараджэннем сына, справа ў тым, штО ён як палітык у стане сказаць на любую іншую тэму — у адрыве ад Дзмітрыева з Караткевіч.

Калі робіш у купе

Ну ўявіце сабе: няма Дзмітрыева. Тані няма. ГП няма. Ёсць толькі Уладзімір Пракопавіч і Лябедзька з Калякіным.

Куды скіраваць сваю нянавісць? Журналістам, якія займаюцца прапагандай, не складаючы звання журналістаў. Палітыкам, якія хлусяць і заклікаюць да расколу, не перастаючы дэклараваць мэту аб’яднаць грамадства?

Калі Таня насамрэч такая дробная фігура, то чаму вы не можаце знайсці наводнай тэмы, буйнейшай за яе асобу?

Калі Кастусёў у фэйсбуку намякае, што Дзмітрыеў атруціў Цярэшчанку, я паціраю вочы і думаю: як?!

На самой справе я сустракаўся з Кастусёвым толькі раз і прагаварыў з ім недзе гадзіну. Калі жонка спытала ў мяне, пра што я мог гадзіну гаварыць з незнаёмым чалавекам, я шчыра адказаў:

— Я не ведаю. Я задаў яму адно пытанне і пасля гадзіну спрабаваў зразумець і ўдакладніць, што ён мне адказвае.

То бок, калі я пытаю: «Як?!» — я не здзіўляюся чалавечай дурасці і подласці, я пытаю: як ён змог сфармуляваць намёк, дый яшчэ так, каб яго зразумелі.

Такім чынам, я прашу ўсіх, хто так радасна — менавіта радасна — ненавідзіць Гавары Праўду, задумацца. Што вам прапануюць тыя, хто супраць? Яны вам прапануюць ненавідзець, не пагаджацца, не ўдзельнічаць, не выбіраць, не давяраць і чакаць, што менавіта вы зменіце Беларусь і менавіта гэтым «актам». Ну-ну.

Таня, подпісы і КДБ

Вось усе кажуць: ах, гэтая Таня. Ах, яна праект КДБ. А чаму праект? А таму, што яе «падтрымала Ярмошына» і «несабраныя подпісы ёй залічылі за сапраўдныя». Давайце разгледзім гіпатэтычны варыянт, што подпісы яна не сабрала, але ўлада іх прымае як сапраўдныя, бо ёй трэба прадэманстраваць некага больш апазіцыйнага апазіцыянера за Цярэшчанку. Ну няхай.

Тады, напэўна, самы час быў бы абрадавацца! Гэта ж і называецца абыгрываць шулера! Ты, маючы недастатковы рэсурс, каб сабраць подпісы, карыстаешся патрэбамі ўлады, ловіш «папутны вецер» і вымушаеш дыктатурку табе ж дапамагчы. У выніку ты, хай і не надта ўпіраючы на рэвалюцыйную рыторыку, афіцыйна ставіш пікеты з БЧБ, вядзеш агітацыю, а пасля выступаеш па целеку і, можа быць, ажно прымусіш уладу праз пару годзікаў прапусціць цябе ў парламент, а там! «Надежды маленькій оркестрік». Але што мы бачым? «Ды яна не сабрала!» «Ды гэта падман усіх нас!» Каго ўсіх вас падман? А вы як хацелі?

Нават калі арбітр назначае пеналь на карысць вашай каманды, і вы дакладна бачылі, што памыліўся ачкарык-суддзя, — вы паціраеце ладкі, а не патрабуеце усіх адлучыць. І тым болей за тыдзень да матча вы не строчыце на форумах, што суддзя сімпатызуе вашай камандзе, а таму давайце яе на ўсялякі выпадак дыскваліфікуем.

Карацей, калі Таня нават не сабрала 100 тысяч, то… Як казала Гіпіус, «еслі надо об’яснять, то не надо об’яснять».

Мы выйдзем шчыльнымі

І вось ГП сталі для ўсіх галоўным ворагам, засланіўшы Лукашэнку.

Спачатку іх пачынаюць ненавідзець тыя, што выбылі «на пачатку гульні». Пасля — былы паплечнік. Ён абвінавачвае рух у сувязі з КДБ, і гэта, бадай, адзінае, што ён сказаў з таго моманту, як атрымаў магчымасць казаць, «што думае».

Пасля з’яўляецца такая, тыпу «аналітыка», якую ўсе радасна лайкаюць з адчуваннем таго што «мы разам» выкрылі страшнага махляра. «Аналітыка» выглядае так:

У 2006 годзе Мілінкевіч, маючы 5135 чалавек ініцыятыўнай групы, сабраў 55 303 подпісы па Мінску.

У 2010 годзе Някляеў сабраў па Мінску 44 987 подпісаў. З ініцыятыўнай групай 3271 чалавек.

Значыць, калі Караткевіч, маючы ў ІГ 1993 чалавекі, сцвярджае, што яна сабрала 54812 подпісаў па Мінску, яна хлусіць.

Карацей — найлепшы ўзор школы Зімоўскага. Піцеру прывет. Бо калі зірнуць на лічбы не чужымі, а ўласнымі вачамі, то аказваецца, што ў 2010 годзе ініцыятыўнай групай, большай за Таніну (акрамя ППРБ), маглі пахваліцца толькі Саннікаў і Някляеў, чый штаб узначальваў подлы запраданец КДБ Дзмітрыеў, супраць чаго Уладзімір Пракопавіч на той момант і не думаў баставаць, з прыдыханнем расказваючы, як расквітнее наш сад «тамака» і «тутака», ад чаго мае вушы выпускніка філфака пакрываліся крывавай коркай раз за разам.

Вось вам рэальныя лічбы за 2010 год:

Кастусёў 1 306 сяброў, сабрана 107 083 подпісаў
Міхалевіч 1 795 сяброў, сабрана 111 399 подпісаў
Раманчук 1 461 сяброў, сабрана 123 206 подпісаў
Рымашэўскі 1 698 сяброў, сабрана 102 817 подпісаў
Саннікаў 2 001 сяброў, сабрана 142 023 подпісаў
Статкевіч 1 545 сяброў, сабрана 111 159 подпісаў
Цярэшчанка 1 301 сяброў, сабрана 109 012 подпісаў
Ус 1 355 с сяброў, сабрана 104 102 подпісаў

Да нас едзе рэвізор!

Далей на базе абсалютна шызафрэнічных «аргументаў» і падлогаў пачынаецца не менш шызоідная гістэрыка з патрабаваннем праверкі подпісаў, чаго ніхто і ніколі сабе не дазваляў. Яшчэ раз: Ніколі. Ні разу. Ніхто.

Як Кастусёў у 2010-м годзе 100 тысяч подпісаў сіламі 1306 чалавек сабраў, не ведае ніхто, затое ўсе ведаюць, што Таня з амаль дзвюма тысячамі — не сабрала.

Сам жа Кастусёў тым часам названьвае светачу апазіцыі Цярэшчанку, і разам яны выкрываюць злодзея Дзмітрыева, які атруціў выбітнага эканаміста маркоўным фрэшам.

Скажыце, вы усё яшчэ упэўнены, што хочаце застацца без Дзмітрыева і Караткевіч з гэтымі добрымі людзьмі?

Дарэчы, на гэтым весялуха не заканчваецца. БНФ на чале з Аляксеем Янукевічам ціха пакідае Таццяну Караткевіч таму, што яна «не адказала ім на пытанні», якія яны ёй так і не задалі.

Трэба сказаць, што пры гэтым шмат каму ў БНФ было за сябе сорамна. Ды і не ў першы раз. Ды і так ім і трэба.

Цябе чакаем, будучыні нейкай

Мне цікава, а колькі вы гатовы чакаць прэзідэнта, які вас задаволіць? А калі Лукашэнка заўтра, ну, «знікне» і выбары будуць адбывацца паміж Таняй, Цярэшчанкам, Гайдукевічам і Улаховічам — вы зноў прагаласуеце за байкот? Ці ўсё ж за Таню? Калі за Таню, дык, значыць, зараз вы проста вырашылі падтрымаць Лукашэнку? Спіс вашых прэтэнзіяў да яго «лягчэйшы» за вашы падазрэнні ў тым, што Таня не сабрала сто тысяч подпісаў? Ах, як мне цяжка паміж вамі, анёламі… Мне, ведаеце, млосна ад вашай любові да сваёй дасведчанасці і непахіснай упэўненасці ва ўласнай глыбіні, і «як казаў Заратустра», некаторыя «сядзяць цэлымі днямі з вудамі на балоце і таму лічаць сябе глыбокімі, але хто вудзіць там, дзе няма рыбы, таго не назаву я нават павярхоўным».

Што ж, вы гатовыя ахвяраваць мізэрным шансам на перспектыву ці нават магчымасцю зрабіць хоць нешта проста для таго, каб, прымкнуўшы да секты людзей-хвастцоў, пахваліцца адзін перад адным тым, што вы ў чарговы раз не паўдзельнічалі, не паверылі, не пагадзіліся, не сталі. О, так. Такіх, як вы, — не правядзеш.

Што тычыць мяне, мне падаецца, што «няўдзел» у гульнях, арганізаваных дзяржавай, — гэта не дзеяслоў і не дзеянне. Не ўдзельнічае ў лукашэнкаўскіх гульнях і «тунгус, і друг степей калмык», і афрыканскі пігмей, але ён не патрабуе маёй увагі і не прэтэндуе на званне носьбіта адказаў.

Мая краіна пад белым сцягам

Я б хацеў сказаць, што ў нас прынята манапалізаваць Радзіму. І манапалізаваць разуменне таго, што гэтай радзіме патрэбна. Аляксандр Рыгорыч, напрыклад, лічыць, што Радзіме бракуе мянтоў. Зборны ліцвін — што не хапае Пазняка. Умоўны ліберал — што не хапае Еўропы. Камусьці — Вільні. Большасці — бабла. Я, напрыклад, лічу, што Радзіме не хапае нармальных людзей з нармальнымі памерамі хвастцоў. А я, паўтару свой жарт двойчы, і ад таго ён будзе ў два разы смяшнейшым: я прагаласую за прэзідэнта, якога пры сустрэчы з радасцю пацалую ў шчочку.

Стасть Карпаў

2 сентября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…