+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Сяргей Чалы: «Лукашэнка быў адзіным кандыдатам, які вёў кампанію байкоту»

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» эканаміст Сяргей Чалы тлумачыць, чаму на самой справе некаторыя палітыкі ня бралі ўдзелу ў выбарах, чаму ён далучыўся на выбарах да каманды «Гавары праўду», якую раней зацята крытыкаваў, і чаму ён верыць, што рэформы ў Беларусі яшчэ магчымыя.

— Чаму вы — нечакана для многіх — падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі сталі даверанай асобы Тацяны Караткевіч?

— Тое, што я буду так ці іначай удзельнічаць у выбарчай кампаніі — я казаў у сваіх інтэрвію, пачынаючы ад 2010 году. А чаму Караткевіч? Бо гэта быў адзіны кандыдат, якога можна назваць апазыцыйным. Вы ж памятаеце, што ўся гульня ладзілася на тым. што адзіны кандыдат будзе, — і меркавалася, што гэта будзе Мілінкевіч. Прыкладна на гэта я і разьлічваў. Але выйшла як выйшла.

— Я адмыслова задаю вам гэтае пытаньне, бо ў 2010 годзе вы вельмі рэзка выказваліся на адрас «Гавары праўду». Называлі іх ледзь не двайнымі агентамі, праектам Адміністрацыі — і цяпер уступілі ў кампанію кандыдата ад «ГП». Як так? У вас не было дысанансу?

— Калі ёсьць магчымасьць выбіраць, то можна выбіраць. Калі няма выбару, то даводзіцца мець справу з тым, што ёсьць. Прапускаць выбарчую кампанію нельга было, бо варта было агучыць вельмі шмат важных рэчаў, на якія ўлада ня мае адказу. Потым, я лічу, што адзіны спосаб перамагчы на выбарах — гэта ўдзельнічаць у выбарах.

— То бок вы не адмаўляліся ад усіх тых жорсткіх словаў, якія казалі на іхні адрас?

— На самой справе яны вельмі здорава памяняліся. Таму што большасьць прэтэнзіяў тады была ў тым, што яны залівалі грашыма ўсе праблемы, усіх куплялі, сваіх актывістаў у іх не было. А цяпер гэта была зусім іншая кампанія — зь мінімумам грошай, на вялікім энтузіязьме, з валянтэрамі. Гэта нагадала старыя добрыя часы, 90-я гады. Людзі пагаджаліся працаваць пры мінімуме фінансаваньня.

Мы бачым, як многія апазыцыйныя арганізацыі вырашаюць так: «Захад грошай не дае — значыць, мы ў выбарах ня ўдзельнічаем». То бок становімся на «маральную пазыцыю», якая залежыць на самой справе ад заходняга фінансаваньня. А мне было цікава, што можна зрабіць фактычна зь мінімальнымі рэсурсамі.

— Як бы вы ацанілі палітычныя вынікі кампаніі Караткевіч?

— Каб ацэньваць вынікі — трэба ведаць, якія мэты ставіліся. Я зыходжу з таго, што адзіны спосаб перамагчы — гэта перамагчы на выбарах. Зразумела, што ў нашых абставінах перамагчы можна, толькі маючы ашаламляльную перавагу. Прыкладна так. як гэта было ў 1994 годзе.

— Вы сур’ёзна разьлічвалі на перамогу?

— Не, я проста кажу, што гэта адзіная стратэгія. Адсюль: каб перамагчы — трэба набіраць ашаламляльную большасьць. Гэта азначае, што арыентавацца толькі на галасы ўстойлівага апазыцыйнага электарату немагчыма. Тым больш што гэты электарат з гадамі з розных прычын скарачаецца. Таму так ці іначай, але трэба зьвяртацца да тых людзей, якіх усе гэтыя гады называлі «балотам». Зь якімі ўсе гэтыя гады ўвогуле ніхто не спрабаваў размаўляць.

Дарэчы, у тым ліку і Лукашэнка. Ён увогуле быў адзіным кандыдатам, які вёў кампанію байкоту. У яго ўсяго было дзьве сустрэчы з выбарцамі, і мэсыдж быў такі — «Што я вам буду расказваць?».

Трэба знаходзіць тыя рэчы, якія могуць закрануць тых людзей. Бо менавіта там ключ да перамогі. І пры ўсім супраціве, які быў з боку традыцыйных апазыцыйных сілаў (яны ж не з рэжымам змагаліся, а з Караткевіч), пры тым, што кампанія байкоту пазбаўляла Караткевіч электарату, — па сустрэчах з выбарцамі было відаць, што людзі, якія гатовыя за яе галасаваць, — гэта ня тыя, хто традыцыйна ходзіць на плошчу пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. І вынік, які атрымаўся, вельмі добры. Ён кажа, што гэтая стратэгія працуе і трэба рухацца далей.

— Ці зьвязваеце вы сябе з далейшымі плянамі «Гавары праўду»? Яны ўжо агучылі свой намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Ці будзеце вы ісьці ў парлямэнт?

— Самому ісьці — гэта нейкі выхад у іншы вобраз. Усе гэтыя гады я функцыянаваў як кансультант, экспэрт. Ня ведаю, ня ўпэўнены. Я не зьяўляюся членам «Гавары праўду», нават іхнім староньнікам.

— Шмат хто з аналітыкаў да выбараў лічыў, што Лукашэнка вымушаны будзе пайсьці на пэўныя эканамічныя пераўтварэньні. Але ён ужо тры разы падкрэсьліў, што ніякіх рэформаў у Беларусі не павінна быць.

— Я не лічу, што пытаньне вырашанае. Калі б яно было вырашанае, Лукашэнку не давялося б тры разы пра гэта гаварыць. Калі ён пра гэта ўвесь час кажа, — гэта азначае, што ён з кімсьці дыскутуе і пытаньне не закрытае.

Я сапраўды лічу, што так ці іначай рэформы пройдуць. Калі прэзыдэнт знаходзіцца на пасадзе доўгі час, то яму ўжо сумна займацца бягучымі пытаньнямі. У 2010 годзе ён упершыню сказаў, што больш ня хоча займацца эканомікай, хай гэтым займаецца ўрад. А ён пачынае мысьліць катэгорыямі вечнасьці. І апошнія выступы гучаць у гэтым рэчышчы — глядзіце, колькі добрага мы стварылі, як гэта ўсё можна разбурыць?

— Што з гэтага вынікае, якія ягоныя дзеяньні?

— Паколькі «сумныя» пытаньні ляжаць на ўрадзе, то адзіны адказ, які могуць даць людзі ва ўладзе, — гэта паступовыя зьмены. Таму так ці іначай яны будуць адбывацца.

— Як вы ацэньваеце публічную актыўнасьць маладых чыноўнікаў-«рыначнікаў» — Рудага, Снапкова? Можа, яны сваімі «сьмелымі» заявамі проста рыхтуюць народ да эканамічных цяжкасьцяў?

— З апошнім я дакладна ня згодны. Хутчэй, усё адбываецца наадварот. На апошнім ток-шоў Гігіна сабралі максымум рэтраградаў на квадратны мэтар, якія даводзілі, што «нельга нічога ламаць».

Я думаю, што публічная актыўнасьць Снапкова і Рудага кажа пра тое, што існуе нейкае процістаяньне, да канца не разьвязанае. І калі непублічны чалавек зьяўляецца ў публічнай сфэры, гэта азначае, што ў яго не хапае апаратных рэсурсаў для рашэньня сваіх пытаньняў. Гэта азначае, што яны шукаюць падтрымкі ў экспэртаў, у «народу», каб стварыць крытычную масу. Лукашэнка меў два месяцы кампаніі, каб «параіцца з народам». Але ён бегаў ад народу па замежных паездках, каб цяпер ладзіць імітацыйны Ўсебеларускі сход. І пытаньне круціцца вакол таго, ці ўдасца паказаць, што народ гэтага хоча. Але раней немагчыма было ўявіць, каб Снапкоў выступаў фактычна з процілеглых пазыцыяў ад пазыцыяў свайго шэфа.

— Нават калі празь сілу нейкія эканамічныя перамены адбудуцца, не абавязкова яны будуць добра ўплываць на сытуацыю ў грамадзтве.

— Так, я і хацеў сказаць, што сцэнар палавіністых рэформаў горшы, чым іх поўная адсутнасьць. Бо няпосьпех рэформаў на гэтым шляху (які больш імаверны) потым на гады наперад стыгматызуе саму ідэю рэформаў.

— Якія дзеяньні ўлады ў эканоміцы можна спрагназаваць на бліжэйшыя месяцы?

— Некалькі рэчаў яны ўжо агучылі. Адыход ад дырэктыўнага плянаваньня да індыкатыўнага. Ніводзін плян за апошнія пяць гадоў не выконваўся. Таксама — падзяленьне функцыяў дзяржавы як уласьніка і рэгулятара.

Пытаньне ў тым, што будзе зроблена ўладамі і якія зьмены адбудуцца насуперак іхняй волі. Я думаю, што цягам бліжэйшых двух гадоў структурныя зьмены адбудуцца без жаданьня ўладаў. Напрыклад, праблема буйных дзяржаўных прадпрыемстваў вырашыцца сама сабой — бо проста не застанецца тых прадпрыемстваў, праблемы якіх трэба вырашаць.

«Радыё Свабода»

 

12 ноября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…