+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Сяргей Дубавец. Абое рабое – «сэксоты» і «змагары»

У фэйсбуку абмяркоўваюць новаадкрытыя дакумэнты пра Леха Валэнсу, былога польскага прэзыдэнта і нобэлеўскага ляўрэата, які ў 1970-я гады нібыта супрацоўнічаў са спэцслужбамі ПНР.

Warszawa 17/05/2007 czwartek Konferencja pt. "Europejskie Standardy Demokratyczne", z udzialem Aleksandra Kwasniewskiego, Andrzeja Olechowskiego i Lecha Walesy (Audytorium Maximum, Uniwersytet Warszawski) n/z Lech Walesa FOT. ADAM JAGIELAK / WPROST

Лідэр славутай «Салідарнасьці» кажа, што гэта фальшыўка. Але ў абмеркаваньні мне падалося важным ня тое, праўда гэта ці не, а сам погляд грамадзтва на такое супрацоўніцтва.

«Глядзі ты, агент спэцслужбаў, а ўсю іхную сыстэму разваліў», «Аказваецца, спэцслужбы толькі загартоўваюць сапраўдных змагароў», «Такі ўдар для тых, хто лічыць усіх агентаў КГБ здраднікамі і спадручнымі дыктатур!» І нават такое: у сыстэме татальнага кантролю сапраўднаму змагару нічога не застаецца, як прыкінуцца «сацыяльна блізкім», каб нечага дасягнуць у сваім змаганьні. 

А, між іншым, яшчэ ў 1970-я гады сэрыял пра Шцірліца прапаноўваў савецкай публіцы тое, што стала неад’емнаю рысай сучаснага сьвету, а менавіта – нелінейны погляд на падзеі і людзей. (Сымбалічна, як рукі сьвярбелі размаляваць чорна-белы сэрыял у розныя колеры! – само прасілася.) Вось чаму сёньняшнія ўсплёскі агентафобіі сярод палітыкаў-змагароў выглядаюць анахранізмам і не выклікаюць такога праведнага гневу, на які разьлічваюцца.

Апэлююць звычайна да маралі. А вы ўявіце, што тую паперу падпісалі абсалютна ўсе фігуранты палітычнай дзейнасьці. Хто ж ведае? Пры тым афіцэр, у якога падпісвалі, гаварыў па-беларуску і пра тое, што беларусам трэба быць разам перад навалай зьнешніх пагроз… Ці вы не дапускаеце, што сярод супрацоўнікаў КГБ ёсьць такія, хто рэальна за Беларусь, за яе дзяржаўнасьць і незалежнасьць? А з трэцяга боку, гледзячы на маштабы дзейнасьці спэцслужбаў, можна дапусьціць, што і ўвесь народ у нас цераз аднаго – «там». Тады – толькі хавацца ў бульбу?

А зайдзіце проста ў звычайную беларускую школу, напрыклад, 23 лютага. Бравурная музыка, прыўзьняты настрой, «Дзень абаронцаў айчыны», школьніцы ўзбуджана пытаюцца адна ў адной: «Что ты подаришь мальчику?»… Зайдзіце і спытайцеся, як яны ставяцца да таго, што нехта – агент КГБ? Здорава, – скажуць, – пашанцавала чалавеку. Я да таго, што масавы публічны настрой тут не на баку змагароў. Праўда, масы і крымнаш падтрымліваюць, але тое, пра што мы гаворым, нашмат глыбей. Крымнаш, дарэчы, таксама з тых глыбіняў.

Не бяруся нічога сьцьвярджаць ці адмаўляць, бо настае той момант, калі насамрэч робіцца не вырашальным тое, ці меў чалавек гутарку ў КГБ ці не. У нашых беларускіх умовах гэта не крытэр ацэнкі чалавека, грамадзяніна, палітыка. І тое што Алесь Міхалевіч назваў публічнае прызнаньне ў супрацоўніцтве з КГБ «грамадзкай споведзьдзю» хоць і гучыць прыгожа, насамрэч публікай успрымаецца як нонсэнс, калі ня здрада. Вось ты служыў бясьпецы сваёй краіны на самым тонкім і небясьпечным узроўні, разьведчыкам быў, у чым тут спавядацца? 

З позьнесавецкіх часоў ведалі мы і публічныя заявы пра супрацоўніцтва, і непублічныя, і непрызнаньні таксама, і скандалы з Прунскене ў Літве і прызнаньне Гюнтэра Граса пра службу ў Вафэн-СС… Але ніколі гэтыя факты не рабіліся галоўнай прычынай «паставіць» на чалавеку «крыж». Калі ты рэальна дасягнуў посьпеху сваёй краіны як першы прэм’ер-міністар у часы здабыцьця незалежнасьці або як нобэлеўскі ляўрэат – гэта нашмат больш, чым абставіны твайго пазамінулага жыцьця, эпізоды біяграфічнага раману, дзе галоўны герой усё ж такі ты.

Праўда, з адным «але». Калі ў тых дакумэнтах усплыве твая шкода камусьці іншаму – забіў, катаваў, пакінуў бяз хлеба. Рэальна камусьці прычыніў зло. Толькі ж для гэтага зусім не абавязкова быць агентам КГБ. Значыць і тут гэта не крытэр. 

У прынцыпе не крытэр.

Між іншым, дыфузія адбываецца і з супрацьлеглым самаазначэньнем – змагар. Нашы часы зусім не гераічныя, каб называць так сябе ці кагосьці з сучасьнікаў. Гэтая гіпэрбалізацыя таксама была апраўданая ў чорна-белым сьвеце, які сёньня зусім іншы. Зрэшты, як і ў выпадку з агентам, змагар таксама пазнаецца і ацэньваецца не намінацыяй, а тым, што ён робіць, кажа, думае, а галоўнае – чаго дасягае.

«Радыё Свабода»

25 февраля 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…