+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Сяргей Дубавец: Чым цікавыя нецікавыя выбары

Улады паводзяцца так, быццам гэта ўжо ня іх народ і ня іх краіна. Усё, што звычайна пад выбары паляпшаецца, цяпер пагаршаецца. Ну проста сада-маза з боку першага прэзыдэнта: перамагу, маўляў, хай лясьнецца сьвет. Але яшчэ больш гэта нагадвае пакаваньне чамаданаў, як у «амаль п’есе» Сяргея Астраўцова. Тут ужо не да выбараў, калі заўтра пад пытаньнем апынецца і краіна і народ. Адным словам, нічога цікавага ня сьвеціць.

Але і крытыка гэтых выбараў – не бадзёрыць. Прамаўляецца, але як у падушку. Крытыка цалкам пазбаўленая інтрыгі, а значыць, таксама не выклікае цікавасьці. Нехта трапна заўважыў, што народ на Плошчу ня пойдзе не таму, што няма чаго апратэстоўваць, а таму, што нічога ад пратэсту чакаць не выпадае. Ні радасьці, ні смутку, адна пустата.

Усе ведаюць, што выбараў няма, але паўтарэньне гэтае мантры толькі зьвініць увушшу. Маю на ўвазе ўвесь гэты таварняк пратухлага прадукту пра прызнаньне, легітымнасьць, санкцыі, байкот, зьняцца з выбараў, праца на ўладу… Чаго ў гэтым корпацца, калі выбараў няма? Бессэнсоўна і нецікава.

Найперш таму, што за самой крытыкай – толькі нулі (учорашнія партыі, сякая-такая публічнасьць, можа быць, нават нейкія колішнія прынцыпы). З пазыцый чаго ці каго ты крытыкуеш? Ці ёсьць такія пазыцыі, што надаюць тваёй крытыцы хоць нейкую, самую мізэрную вагу? Ужо няма. 

Але цікаўнасьць, як той казаў, – галоўны рухавік існаваньня ўсяго існага. З гэтай базавай асновы, на маю думку, і ёсьць сэнс размаўляць пра выбары. Усё іншае ператварылася ў нішто. За ўсім іншым няма ні людзей, ні рэсурсаў, ні прынцыпаў, ні хоць кропелькі крэатыву. 

Пра публічныя сваркі і абразы ўвогуле няма слова, настолькі гэта ўсё без патрэбы і хоць якога рацыянальнага зерня. Зрэшты, як і «крытыка выбараў» у цэлым.

Калі ўплыву ўсіх разам узятых крытыкаў на працэсы і сьвядомасьць людзей нуль, застаецца толькі яна – цікаўнасьць.

Мне папраўдзе цікава сачыць за выбарчай кампаніяй Тацяны Караткевіч. Зьнябыўся па людзкасьці, па пазытыве, па адэкватнасьці. Заўважце, чым бы гэта ні скончылася (а яно і на ранейшых выбарах невядома было, чым скончыцца), маем найлепшы за ўсе папярэднія кампаніі прэцэдэнт. 

1. Караткевіч – рэальна адзіны кандыдат ад апазыцыйна настроенага народу. Быў аднойчы Ганчарык, але як вымушаная кампрамісная фігура, якую выбралі на нейкіх канфэрэнцыях. Народу ён не прадстаўляў.

2. Караткевіч не нясе ў сабе канфлікту. Жыць, а не змагацца за фантомы з хімэрамі. Усе ранейшыя кандыдаты ў сваёй рыторыцы ішлі на бой, на паўстаньне, на рэвалюцыю, быццам у краіне існавалі хоць нейкія перадумовы для закалоту.

3. Караткевіч кажа пра рэальныя клопаты, пра што народ гаворыць і чым абураецца на працы, на кухні дома, у фэйсбуку.

Нарэшце, кампанія Караткевіч – збалянсаваная. Цалкам слушна яна зьвярнулася з тэлевізіі па-расейску. Па-беларуску ў цяперашняй сытуацыі было б не па-беларуску. На жаль, гэта рэальнасьць. Сказалі б, выскачка ці там нацыяналістка, словам, канфліктная пэрсона. А большасьць проста ня стала б слухаць. Зь іншага боку, бела-чырвона-белы сьцяжок на яе стале сьведчыць пра тое, якой будучыні для Беларусі кандыдатка жадае.

Збліжэньня пазыцый «нашых» палітыкаў з нашымі непалітычнымі людзьмі бракавала даўно, заўсёды. Экзальтацыя, харызма, вэрбальныя шашкі нагало – усё гэта за 20 гадоў стала неад’емным стылем «нашых» палітыкаў, пакуль не аказалася, што палітыкаў больш няма. А экзальтацыя, харызма і шашкі штодня гучаць з тэлевізара, з вуснаў улады. 

Хто «стаіць за Караткевіч» істотна настолькі ж, наколькі важны вынік гэтых выбараў, «якіх няма». Значыць, нінаколькі. Важна, што ў Беларусі нараджаецца зусім іншы палітычны стыль, зусім іншая апазыцыя, і асабіста я да людзей, якія робяць гэта, не адчуваю нічога, апроч удзячнасьці. Бо яны вяртаюць спадзеў на перамены, беларушчыну, эўрапейскую пэрспэктыву.

Глябальна ў сучаснай Беларусі бракуе толькі аднаго – свабоды для раскрыцьця чалавечага патэнцыялу. Нацыянальныя каштоўнасьці і грамадзянскую супольнасьць мы здольныя ўзьняць і стварыць самі. Трэба свабоды. Пры цяперашняй уладзе гэтай свабоды ніколі ня будзе болей. Але цяжка ўявіць сабе ўладную альтэрнатыву, пры якой гэтай свабоды будзе меней. Хіба што калі пачнецца вайна.

21 сентября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…