+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Сяргей Дубавец. Кампанія 2015: Дзе хавалася перамога

Пра сёлетнюю прэзыдэнцкую кампанію давялося пісаць шмат. Ці то бракавала падзеяў, ці то наадварот – шмат было нетыповага і ўпершыню. Падводзячы рысу, пераглядаю ўласныя тэксты, міжволі шукаючы – дзе ў гэтай гульні быў схаваны залаты прыз.

Пачалося ўсё за год да кампаніі з нататкі «Проста Статкевіч». Ідэальны мабілізацыйны сцэнар з Міколам у галоўнай ролі, прыдатны на ўсе, самыя безнадзейныя часы. Сіла яго ў тым, што ён пэрпэндыкулярны лёгіцы Лукашэнкі і ягонага рэжыму, а таму – зьнянацкавы. Прыблізна, як нобэлеўская прэмія ў літаратуры. Бачыце, яшчэ да Алексіевіч у нас мог зьявіцца свой Мандэла, прычым што б ні рабіў рэжым у дачыненьні да Статкевіча, усё ішло б на карысьць пратэсту. Што турма, што вызваленьне. І кожны крок Статкевіча-адзінага быў бы пераможным для ўсіх. Гэта быў змагарны сцэнар з закладзеным у фінал трыюмфам.

Лёгіку вылучэньня Міколы ня трэба было нікому тлумачыць. Супрацьстаяньне сатрапа і героя разумеюць нават трохгодкі. Якія могуць быць яшчэ кандыдаты, калі папярэднія выбары ня скончыліся, пакуль наш кандыдат у турме? Ня так і цяжка было б заклеіць усе слупы краіны партрэтамі Статкевіча. Сцэнар падтрымалі б усе апанэнты рэжыму. Вось дзе адкрывалася прастора і для байкоту, і для грамадзянскага непадпарадкаваньня, і для страйкаў, і для Плошчы, словам, для рэвалюцыі. 

Але не атрымалася. Духу не хапіла аж на такі размах і трыюмф. Вялікую ідэю загаварылі, раздрабілі, пахавалі. Стала зразумела, што краіна да змагарнага разьвіцьця падзеяў не гатовая.

Варта было б для гісторыі адшукаць той вырашальны момант, калі нехта з лідэраў апазыцыі парваў на шматкі казырнага туза і на сцэнары «Статкевіч – адзіны кандыдат» быў пастаўлены крыж. 

На наступнай стадыі мог спрацаваць дармаед Шульган. Зусім няшмат не хапіла. А толку ня так і мала, калі ўлічыць, што публічна пасьмяяцца з «сур’ёзнага мерапрыемства» – справа часам больш карысная, чым іншы апазыцыйны кангрэс.

Калі й на гэта не хапіла рашучасьці, засталося тое, што ёсьць. Дакладней, выступіў на арэну эвалюцыйны шлях разьвіцьця – не змаганьне, а паліттэхналёгія.

Першая жанчына-касманаўт, «наша Валя», якой пішуць пра свае беды ўсе жанчыны Савецкага Саюзу. А Валя-дэпутат дбае пра кожную савецкую кабету – каму кватэру, каму садок дзіцячы, каму мужа. Вобраз вельмі блізкі нашаму савецкаму ўсё яшчэ ў масе сваёй чалавеку. Маці народная замест непанятнага бацькі.

За гэты выхад новага палітыка з нулявога рэйтынгу на 20 адсоткаў можна ставіць «выдатна». Калі не Караткевіч, дык нехта іншы, але абавязкова пойдзе шляхам «мірных перамен». У Беларусі, нарэшце, зьяўляецца альтэрнатыўная палітыка. А тое, што Лукашэнка ўляпіў Караткевіч «трайбан», паказвае, наколькі нетрывалы ўжо гэты рэжым пэрсанальнае ўлады і як моцна хваробы разьядаюць ягоны арганізм.

Уразіла, зь якой рашучасьцю нашы ўсе, каму на Статкевіча не хапіла адвагі, а на дармаеда – гумару, адвярнуліся ад жанчыны. Ну ня бачаць яны ў палітыцы прыгожай гульні, не стае іх на захапленьне ад спэктаклю. Хай спэктакаль і безвыніковы, але ён жа і ставіцца, каб ва ўсіх проста ўпала сэрца – а-а-ах! Ня ведаюць экстазу творчасьці. Што таксама можна зразумець у нашым асэксуальным грамадзтве.

Засталося прыкрае пачуцьцё ад таго, што тыя, хто не пацягнуў змагарнага сцэнара, накінуліся на сцэнар паліттэхналягічны менавіта з той прычыны, што ён не змагарны. Во як.

Засталося і пазытыўнае ўражаньне ад таго, што сцэнар «нашай Валі» не настолькі залежны ад гэтых папрокаў, каб яны маглі яго абрынуць.

Пасьля кампаніі 2015 стала ясна, што новых спробаў рэвалюцыі ў Беларусі ня будзе. Будзе разьвівацца паліттэхналягічная дыфузія апазыцыі з «лепшымі сіламі КПСС», то бок з маладымі і «мэнтальна іншымі» прадстаўнікамі ўлады. Сур’ёзнай стратай выглядае выміраньне клясы вулічных лідэраў, якія ў выпадку абвалу эканомікі маглі б узначаліць працоўныя калёны, як гэта было на мяжы 1980-х і 90-х. Выглядае, што цяпер ратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў і лідэраў працоўныя калёны будуць вылучаць сабе самі.

Страчанага ня вернеш, а новы дзень прынясе і новыя ўнутрыпалітычныя расклады і сцэнары. У кожным разе, пасьля гэтай кампаніі сьвятло ў канцы тунэлю відно. Ня тое, што пасьля папярэдняй, калі тунэль надоўга закрылі на рамонт.

Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»

11 ноября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…