+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: аднавіць «раскулачаную» сядзібу Старавойтава

Пачула папрок: за пару дзён да фініша фармавання ініцыятыўнай групы паехала па глыбінных вёсках, што, на погляд суразмоўцы, неразумна.

Так, вялікую падтрымку сёння я тут не пабачу. Адкуль у тамтэйшых грамадзянскага імпэту, як тут ні прэсы незалежнай, ні інтэрнету?

Прэзідэнцкая кампанія якраз і дазваляе выйсці на розныя сацыяльныя слаі. Таму і еду. Першай на нашым шляху стала бялыніцкая вёска Гута. Якое тут жыццё?

Адзін толькі прыклад. Кабета расказала, што яе муж у мясцовай лякарні. Дапамогі амаль ніякай. Прасіла завезці яго ў Магілёў – адмаўляюцца. «Цяжкіх хворых у нас заўсёды вось так – дадому адправяць, каб не псаваў сатыстыкі… Сканае мой гаспадар у сябе на ложку…»

Які лёс людзей – такі і гутаўскіх дамоў. Напаўразбураныя, занядбаныя…

Характэрны ў гэтым сэнсе лёс лецішча двойчы Героя Сацыялістычнай працы Васіля Старавойтава. Новапабудаваную сядзібу ў яго канфіскавалі, калі пачалося ганебнае следства. Перадалі на баланс лясгаса. Вынік – дом у страшэнным стане.

А што, раз ужо «раскулачылі» двойчы героя, чалавека-легенду – няўжо нельга было там аграсядзібу арганізаваць? Шмат каму б захацелася пабачыць, які дом пабудаваў сабе славуты на паўзямлі гаспадарнік…

У тым і справа, што ён – з вялікай літары Гаспадар зямлі, краіны. А тыя, хто яго цкаваў і выконваў дурныя зўагады – звычайныя прыблуды… Без патрыятызму ў сэрцы і разліку ў галаве.

Гледзячы на тое, што адбываецца ў навакольных вёсках – у Барку, дзе нарадзіўся і вырас Васіль Канстанцінавіч, Лебядзянцы ды іншых, выразна ўсведамляеш: хоць і ўкладаюцца сотні мільёнаў долараў у сельскую гаспадарку, але толку асаблівага няма, эффект на выхадзе зусім не такі, як чакалася. Таму што паступова імем «народнай улады» раскулачылі па сутнасці большасць з тых, хто не прагінаўся перад моцнымі, бо сам меў моц. Хто прыкіпеў да гэтай зямлі усёй сваёй істотай, сутнасцю. А як такога кіпення ў крыві няма – пішы прапала.

Уласна, тыя мільярды не прападюць – ого як «рупліўцы» шчыруюць на «распіле»! Яны багацеюць, а мы ў выніку бяднеем – гляньце, колькі каштуюць беларускія прадукты, проста ганьба! А Старавойтава як ні хацелі абвінаваціць у крадзяжы, але не змаглі пераканаць у тым народ. Бо людзі ведалі: хто-хто, а гэты не крадзе — стварае, не балбоча, не рапартуе, а дасягае еўрапейскіх, сусветных вышынь.

Вось на такіх гаспадарнікаў, як Старавойтаў, як Лявонаў — хай нават вельмі часам нязручных, якраз і трэба кіравацца, ім трэба даваць права эксперыментаваць… І давяраць. 

Тады й вырашыла пайсці ў Бялыніцкі райвыканкам, а заўтра і ў Магілёўскі аблвыканкам з просьбай і патрабаваннем аднавіць сядзібу найславутага беларуса, зрабіць там як не музей, то узорную аграсядзібу. З дашкой-напамінам пра тое, хто гэты дом збудаваў. Узорную, бо сам Васіль Старавойтам і быў, і застаецца узорам беларускага гаспадарання на сваёй зямлі.

…Пачула сумнеў: дарма кіпіш, не дадуць аднавіць памяць «ворага народа»… Я адказваю: Старавойтаў не баяўся – ішоў і дабіваўся свайго. Мне падабаецца гэты «кулацкі» алгарытм. Іду.

…Сёння ж, у панядзелак, сустрэлася за намеснікам старшыні Бялыніцкага райвыканкама Ірынай Фурсавай. Абмеркавалі праблему і, падаецца, знайшлі паразуменне: мне паабяцалі, што мясцовыя ўлады возьмуцца за прывядзенне дома Васіля Канстанцінавіча ў належны парадак.

«Белорусский партизан»

13 июля 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…