+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: «Калі будзе перамога і падтрымка — ніхто ня зможа яе адабраць у мяне»

Лідар «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч адказвае на пытаньне, ці лічыць яна, што мае шанцы трапіць у парлямэнт, разважае пра тое, як «агаварыпраўдзіліся» астатнія палітычныя сілы, і пацьвярджае, што зьбіраецца вылучацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

1308-03

— Давайце пачнём размову з вашага новага зьнешняга іміджу, які выклікае інтарэс у многіх людзей. Новая прычоска, іншы макіяж — гэта было ваша ўнутранае пажаданьне ці паліттэхнолягі падказалі?

— Я асоба і палітык, якая разьвіваецца. Можа, мае зьмены камусьці заўважныя, але для мяне — не, і для маіх выбарцаў таксама не. Яны мяне пазнаюць, вітаюцца, у маёй акрузе большасьць яшчэ і зьбіраецца за мяне галасаваць.

— Кампанія заканчваецца, ужо можна рабіць нейкія папярэднія высновы. Ці дасягнулі вы тых мэтаў і задачаў, якія ставілі перад сабой?

— Мэта ў нас пастаўленая даўно, яшчэ на пачатку 2015 году. Мы хочам рэалізаваць нашу праграму мірных пераменаў. І адразу сказалі, што для нас гэта маратон. Будзем удзельнічаць у наступных кампаніях — парлямэнцкіх, прэзыдэнцкіх і мясцовых выбараў. Для нас галоўнае — каб пачаліся перамены ў грамадзтве.

І яшчэ мы маем вялікі мабілізацыйны эфэкт. З 29 прэтэндэнтаў зарэгістраваныя 17 кандыдатаў ад «Гавары праўду». Усе яны прадстаўляюць адзіную праграму — за перамены ў эканоміцы, за годную сацыяльную бясьпеку, за ўладу, якая паважае грамадзянаў.

— Ці памятаюць вас людзі з прэзыдэнцкіх выбараў? Наколькі гэта дапамагае вам у гэтай кампаніі?

— Канечне, мяне пазнаюць. Я гэты час выбарчай кампаніі выкарыстоўвала вельмі актыўна, я сама хадзіла, зьбірала подпісы, па кватэрах, падʼездах. І для некаторых гэта было сьвята — адчыняюць дзьверы, а тут кандыдат у прэзыдэнты. «О, вось гэта сустрэча, як такое можа быць!»

На вуліцах сапраўды пазнаюць, вельмі адкрыта рэагуюць на мяне. Шчыра кажуць, за каго яны галасавалі — і зьбіраюцца галасаваць і надалей за мірныя перамены і Тацяну Караткевіч.

— Ці лічыце вы, што ў вас ёсьць шанцы трапіць у парлямэнт? Заўважце, я кажу не пра электаральную перамогу ў вашай акрузе, а менавіта пра канкрэтны вынік — апынуцца ў парлямэнце. Ад чаго, па-вашаму, гэта залежыць? Калісьці вы казалі пра шанцы 50 на 50, але я гляджу на гэта значна больш пэсымістычна.

— Я працую кожны дзень. Сёньня я магу сказаць шчыра, што ў мяне ўнікальная сытуацыя. Некаторыя толькі пачынаюць свой шлях, а я працягваю сваю палітыку і прасоўваньне нашай праграмы. І для мяне шанцы павялічваюцца кожны дзень. Я сустракаюся з сотнямі выбаршчыкаў асабіста, і яны мне абяцаюць, што будуць за мяне галасаваць. У мяне вельмі шмат шанцаў. Бо я адзін зь вядомых, папулярных і чаканых палітыкаў у гэтым парлямэнце.

— Вы ж разумееце, што тое, ці пройдзеце вы ў парлямэнт, залежыць ня толькі ад вашых выбаршчыкаў. А перш за ўсё ад таго, якое рашэньне наконт гэтага прыме ўлада.

— Рашэньне, якое прымуць улады, будзе залежаць ад таго, ці ёсьць электаральная перамога па маёй акрузе. Я думаю, што рашэньне па шматлікіх дэмакратычных кандыдатах будзе якраз такое. Калі будзе ў дэмакрата электаральная перамога — то будзе і рашэньне пра праход у парлямэнт.

Тое, што мы зрабілі падчас прэзыдэнцкай кампаніі, — гэта пабудавалі падмурак для дыялёгу ў грамадзтве на самыя важныя тэмы. Галоўнае — каб людзі адчулі, што яны могуць уплываць сёньня на палітыку і што палітыка — гэта сфэра дзейнасьці, у якой яны павінны быць. Што тычыцца маіх намаганьняў, то калі будзе перамога і падтрымка — ніхто ня зможа яе адабраць у мяне.

— Ці прыходзілі вам ад улады нейкія намёкі ці сыгналы наконт таго, якім можа быць вынік на гэтых выбарах?

— Ведаеце, я перш за ўсё скіраваная на працу з грамадзтвам. Самае галоўнае — я ведаю, што і ва ўладзе, і ў бізнэсе, паўсюль ёсьць людзі, якія летась галасавалі за Караткевіч. Яны хочуць зрабіць гэта яшчэ раз. Гэта для мяне галоўны сыгнал. Я ня бачу іншых сыгналаў. Я сёньня працую менавіта на гэта, каб дамагчыся перамогі. І я буду працягваць сваю дзейнасьць, нягледзячы на тое, буду ў парлямэнце ці не.

— Нядаўна аглядальнік Арцём Шрайбман у перадачы «Экспэртыза Свабоды» заявіў наступнае: «Шанцы Тацяны Караткевіч я ацэньваю яшчэ больш пэсымістычна, чым раней. Калі раней я даваў працэнтаў 30 на яе трапляньне ў парлямэнт, то сёньня не засталося і 10. Мне падаецца, што ўлада неяк перагледзела сваё стаўленьне да „Гавары праўду“, узмацніла жорсткасьць. У іх больш за ўсё адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў, іх увогуле практычна не дапусьцілі ў склад выбарчых камісіяў. Мне здаецца, улады ў сваім успрыняцьці вырашылі вярнуць ГП у апазыцыйнае поле». У сацыяльных сетках гэтае ягонае меркаваньне выклікала, як мне здаецца, моцнае нездавальненьне і ў вас, і ў Дзьмітрыева. Вы нязгодныя з такой ацэнкай Шрайбмана?

— Няма падставаў, моцных аргумэнтаў, каб рабіць такую выснову. Мне як палітыку хацелася б, каб журналісты і аналітыкі былі больш актыўнымі на «лініі фронту», што называецца. Калі б вы, Віталь, паехалі са мной на пікет — вы б пабачылі, як мяняецца стаўленьне да Тацяны Караткевіч у грамадзтве, якія ў мяне шанцы.

— Аналітыкі таксама кажуць, што ў пэўны момант «Гавары праўду» адстаранілася ад астатняй апазыцыі і вырашыла гуляць у сваю гульню паміж апазыцыяй і ўладай.

— Мы прадстаўляем інтарэсы грамадзянаў, нашых выбаршчыкаў. Гэта ня мэта — адмежавацца ад іншых. Сёньня ўсе дэмакратычныя сілы прынялі нашу тактыку, удзельнічаюць у выбарах. Паглядзіце выступы — усе кажуць пра перамены мірным шляхам.

— «Агаварыпраўдзіліся»…

— Так. І гэта азначае, што наша тактыка і стратэгія спрацоўвае. Гэтым мы і абʼядналі дэмакратычную супольнасьць. А тое, ці будзем мы фармальна блізкімі, — гэта нічога не азначае. Сёньня кожны кандыдат павінен пашыраць сваю падтрымку ў грамадзтве.

— Мінулым разам, калі вы прыяжджалі запісвацца ў нашу студыю падчас прэзыдэнцкай кампаніі, разам з вамі быў Яраслаў Берніковіч, як я разумею, на той момант даволі набліжаны да вас удзельнік вашай каманды. Але потым менавіта ён зрабіў скандал, калі заявіў, што вы не сабралі ў прэзыдэнцкай кампаніі неабходныя сто тысяч подпісаў. Мне здаецца, ваш адказ на гэтыя заявы тады быў ня вельмі пераканаўчы, па сутнасьці, вы замаўчалі праблему. Ці хочаце зараз нешта дадаць?

— Я ўпэўненая ў кожным подпісе, які людзі аддалі ў маю падтрымку. А камэнтаваць тое, што было даўно і ніяк не паўплывала на той давер, які мне аказваюць людзі, — ня мае сэнсу.

— А давер да вас на Захадзе?

— Тут. У Беларусі нашы галоўныя партнэры, нашы выбарцы і кантакты.

— Ці плянуеце вылучацца на прэзыдэнта на наступных выбарах? І што будзеце рабіць, калі, напрыклад, Андрэй Дзьмітрыеў заявіць пра свой намер вылучацца?

— Канечне, буду ўдзельнічаць. Мы сказалі пра гэта на наступны дзень пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. А тое, якія рашэньні будуць, зь якімі партнэрамі будзем ісьці, — час пакажа.

«Радыё Свабода»

5 сентября 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…