+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: «Мы знайшлі падыход — як казаць праўду»

Круглы стол па блізкіх парламенцкіх выбарах прайшоў 18 траўня ў Палаце прадстаўнікоў. Абмяркоўвалася, як і якія змены ў заканадаўства трэба і можна ўнесці, каб выбары ў нас сталі яшчэ больш сумленнымі і дэмакратычнымі.

karat_parl_1

Склад удзельнікаў прадстаўнічы: тут і дэпутаты беларускага і еўрапейскага парламентаў ды Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (на фота — дакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні), кіраўніцтва айчыннага Цэнтрвыбаркама і прадстаўнікі БДІПЧ АБСЕ, Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і гэтак далей. Усё высокія чыноўнікі і палітыкі.

Сярод запрошаных за круглы стол і нечаканыя госці — лідары кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў. У праграме Караткевіч пазначаная як “сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, а Дзмітрыеў увогуле пазначаны як пардстаўнік гармадзянская супольнасці.

dmitriev-rigoni

Якім чынам прадстаўніца дэмакратычных сіл трапіла на такую прадстаўнічую сходку на дзяржаўным узроўні?

Таццяна Караткевіч: Мне прыйшло запрашэнне адначасова ад дзвюх арганізацый: ПАСЕ і — па пошце — ад Палаты прадстаўнікоў. Без ніякага тлумачэння — проста фармальнае запрашэнне.

Еўрарадыё: Запрашэнне ад ПАСЕ я магу зразумець, а чаму вас і другі бок вырашыў запрасіць?

Таццяна Караткевіч: А што яны самі на гэта кажуць? Бо я адказу не ведаю. Але ведаю, што калі ёсць такое запрашэнне, то той факт, што мы з’яўляемся ініцыятарамі дыялогу ўнутры краіны, пацвярджае тое, што мы тут і цяпер сядзім і размаўляем пра будучыню: што можна змяніць, што трэба змяняць.

Еўрарадыё: Сфармулюю інакш: чаму, на вашу думку, вас запрасілі на гэтую сустрэчу, а іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл — не?

Таццяна Караткевіч: Ну, таму, што мы — ініцыятары дыялогу! Таму, што мы паказваем, што гэта наша стратэгія, што мы лічым: тыя хібы, што ў нас ёсць у заканадаўстве выбарчым, трэба вырашаць праз дыялог. Паглядзім, які плён дасць гэты дыялог.

Еўрарадыё: Зараз скажуць: калі яе на такія сустрэчы ў парламент запрашаюць, то яна гарантавана стане дэпутатам — “дагаварняк” відавочны”!

Таццяна Караткевіч: Не думаю, што гэта будзе высновай гэтага круглага стала… Асабіста я расцэньваю тое, што нас запрасілі сёння, як плён даверу, што я атрымала падчас прэзідэнцкай кампаніі, і як тое, што мы знайшлі падыход — як казаць праўду. Праўду з пункту гледжання не пошуку ворагаў, а вырашэння праблемы. Сёння ўсе зацікаўленыя ў тым, каб большасць людзей брала ўдзел у палітыцы, каб большасць давярала выбарчаму працэсу і яго вынікам. Бо калі мы не аб’яднаемся ў гэтай сітуацыі крызісу, то нічога добрага не будзе. Мы ізноў проста завіснем.

Еўрарадыё: Хто з кім аб’яднацца мусіць?

Таццяна Караткевіч: Не хто з кім…

Еўрарадыё: …а хто супраць каго?

Таццяна Караткевіч: І ніхто не супраць каго. Я кажу пра тое, што, да прыкладу, прайшлі выбары, і мы маем такую ж сітуацыю, як, у прынцыпе, у 2010 годзе: палова выбаршчыкаў думае, што працэс быў чысты, празрысты і справядлівы, а палова — што не. Пры гэтым частка людзей, што падзяляюць гэтыя думкі, актыўна ставіцца да выбараў, а частка — не. Дык вось, мая мэта — каб большасць людзей удзельнічала ў выбарчым працэсе. Разумела, што без палітыкі не будзе прагрэсу. Без яе… ну… сутнасці. Каб не было імітацыі палітычнай дзейнасці, а каб рэальная палітыка прыводзіла да лепшых зменаў унутры Беларусі.

Еўрарадыё: Можа, вас адну сёння запрасілі, каб канчаткова пасварыць апазіцыю?

Таццяна Караткевіч: Гэта не ўплывае… Сёння выбаршчыкам нецікава, яны не паспяваюць сачыць за гэтым: хто ды як, з кім. Сёння трэба без нейкіх дадатковых структур ісці і працаваць з людзьмі. Расказваць, што такое палітыка, як яна спрацоўвае, дзе яе вынікі, для чаго мы — палітыкі.

korotkevich-rigoni

Падчас круглага стала Таццяна Караткевіч адзначыла, што «трэба паляпшаць правапрымяняльную практыку», напрыклад, «замацаваць празрысты падлік галасоў, каб назіральнік бачыў кожны бюлетэнь». Лідар «Гавары праўду таксама перакананая у «неабходнасці ўключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў кандыдатам з правам кансультатыўнага голасу». «Выбарчы працэс павінен змяніцца ў бок павелічэння актыўнасці выбаршчыкаў і кандыдатаў», — рэзюміравала Караткевіч. 

«Еўрарадыё»

Фота — TUT.BY

18 мая 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…