+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч у Спораве: Рака, возера, лес павінны быць народным здабыткам

Канфліктная сытуацыя з арэндай возера каля вёскі Спорава на Берасьцейшчыне працягваецца.

Тацьцяна Караткевіч на сходзе ў Спораве

Тацьцяна Караткевіч на сходзе ў Спораве

Вяскоўцы знайшлі ў сьпісах «мёртвыя душы».

Сяляне кажуць, што будуць пратэставаць далей. Раённая газэта граміць апазыцыянэраў, якія «бяз мыла лезуць» у спораўскі канфлікт.

27 траўня Спорава наведала прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнта Тацьцяна Караткевіч. Выслухала актывістаў «Гавары праўду» і сацыял-дэмакратаў, якія расказалі пра азёрную праблему, сустрэлася зь вяскоўцамі.

Жыхары Спорава пратэстуюць супраць таго, што мясцовыя ўлады аддалі возера ў арэнду бізнэсоўцу Анатолю Заблоцкаму, не спытаўшыся думкі тутэйшых жыхароў.

Спораўцы падзяліліся сваімі праблемамі

Спораўцы падзяліліся сваімі праблемамі

Сяляне выявілі мёртвыя душы ў падпісных лістах за арэнду возера

Жыхары Спорава накіравалі скаргу ў аблвыканкам на дамову, паводле якой прадпрымальнік Анатоль Заблоцкі стаў арандатарам возера. У скарзе вяскоўцы даводзяць, што 320 подпісаў вяскоўцаў за дазвол арэнды спадару Заблоцкаму былі сабраныя яшчэ ў 2011 годзе. На момант конкурсу на арэнду возера ў 2014 годзе, кажа споравец Уладзімер Воўчак, памерла сама менш 15 чалавек з тых 320 падпісантаў. Пасьля 2011 году адносіны паміж спораўцамі і прадпрымальнікам сапсаваліся, таму цяпер, паводле спадара Воўчака, столькі подпісаў за арэнду сабраць бы не ўдалося:

атэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты паабяцала дапамогу ў змаганьні за Спораўскае возера

атэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты паабяцала дапамогу ў змаганьні за Спораўскае возера

«У 2014 годзе Анатоль Заблоцкі не сабраў бы і 10 подпісаў. Вы ж паглядзіце — цяпер супраць ягонага арандатарства падпісаліся больш 600 чалавек, на сход прыйшло больш 350 чалавек», — дадае Ўладзімер Воўчак.

На падставе гэтага сяляне патрабуюць прызнаць подпісы фіктыўнымі, страціўшымі законную моц і разарваць арэнду возера з прадпрымальнікам Анатолем Заблоцкім.

«Раёнка» граміць апазыцыянэраў і вінаваціць сьвятара

Газэта Бярозаўскага райвыканкаму «Маяк» выйшла з артыкулам галоўнага рэдактара Аляксандра Іванова пра сытуацыю ў Спораве. Аўтар выкрывае «партыйцаў з апазыцыі», якія лезуць усюды, дзе «збой ці непаразуменьне».

Жыхар Спорава

Жыхар Спорава

Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада»Валянцін Лазарэнкаў кажа, што гэта — закід у ягоны бок:

«Але нягледзячы на тое, што там майго прозьвішча і не напісана, рэдактар зрабіў мне добрую рэкляму, бо людзі ж разумеюць, што тут да чаго».

У газэце райвыканкаму выказваюцца прэтэнзіі і да праваслаўнага сьвятара, які стаў на бок сялянаў.

«Ён паводле сану свайго, руплівец Божы, абавязаны ўціхамірваць, заклікаць авечак праваслаўных да міру і супакою, а тут сьвяшчэннаслужыцель на трыбуне нечым быў падобны да абвінаваўцы…», — піша раённая газэта.

Спораўцы кажуць карэспандэнту Радыё Свабода, што вельмі абураныя артыкулам раёнкі:

Побач Спорава – возера, таму людзі трымаюць шмат вадаплаўных птушак

Побач Спорава – возера, таму людзі трымаюць шмат вадаплаўных птушак

«Справа ў тым, што гэта ж ня першы артыкул. І калі нас ужо тут галоўны рэдактар газэты „аблажыў“, то каму тут пісаць? У райвыканкам? То яны ж па камандзе гэтага райвыканкаму і пішуць. Пішуць артыкул абсалютна супраць нас!»

Тацяна Караткевіч у Спораве: «Вы вельмі хутка змабілізаваліся і атакавалі»

27 траўня Спорава наведала патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Тацяна Караткевіч з сваімі паплечнікамі. Сустрэча адбывалася ў працоўны час, на яе змаглі прыйсьці больш за дзясятак вяскоўцаў, збольшага пэнсіянэры. Спораўцы распавялі спадарыні Караткевіч пра свае праблемы, выказалі меркаваньне, што «з вашай дапамогай» возера ўдасца адстаяць.

Тацьцяна Караткевіч і вэтэран Сяргей Шындыч

Тацьцяна Караткевіч і вэтэран Сяргей Шындыч

Тацяна Караткевіч: «А чаго б хацелася для вашай мясцовасьці і Беларусі ўвогуле?»

Спадар: «Хацелася б, каб як даў Бог гэтыя азёры, каб яны і былі надалей для народу. А то пэўныя людзі — гаспадары, як гэта можна?.. І нават мы ня ведаем гэтых асобаў, ніхто нам іх не прадстаўляў, адкуль яны і што яны».

Тацьцяна Караткевіч: «Мяне вельмі парадавала ў вашай гісторыі, што вы вельмі хутка змабілізаваліся і разам атакавалі. Я тут з вамі згодная — рака, возера, лес павінны быць народным набыткам».

Тацьцяна Караткевіч каля Спораўскага возера

Тацьцяна Караткевіч каля Спораўскага возера

Спадарыня запыталася ў прысутных, якія ў іх чаканьні ад блізкіх ужо прэзыдэнцкіх выбараў.

«Звычайна кандыдатаў у нас хутка „зачыняюць“», — сьмяюцца спораўцы.

Спораўцы падзякавалі апазыцыянэрам за падтрымку ў іхнім змаганьні за возера:

«Бо мы ўжо ня ведалі, куды біцца і ў якія вароты грукацца, калі ўсе ідуць супраць нас мясцовыя ўлады».

Тацьцяна Караткевіч і актывісты «Гавары праўду» Валянцін Лазарэнкаў (справа) і Яраслаў Берніковіч у Белаазёрску.

Тацьцяна Караткевіч і актывісты «Гавары праўду» Валянцін Лазарэнкаў (справа) і Яраслаў Берніковіч у Белаазёрску.

Крыніца: «Радыё Свабода»

28 мая 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…