+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: Я і вам усім скажу – усё толькі пачынаецца!

Цяжка палічыць колькасць папрокаў ды правакацый за месяцы перадвыбарчай кампаніі – ад адкрытых ворагаў да тых, хто павінен быў быць калі не сябрам, то прынамсі добразычліўцам Таццяны Караткевіч, ад агідных мянушак “спарынг-партнёра” да прыхаванага “агента КДБ”. І ўсё гэта ў адносінах да 38-гадовай кабеты з чыстай біяграфіяй — выпускніцы факультэта псіхалогіі, магістратуры педагагічнага ўніверсітэта, дзе і стала выкладчыцай. Пасля Таццяна была ў Менску дырэктарам сацыяльнай установы “Сямейная пляцоўка”. У падлеткавым узросце уваходзіла ў юнацкую зборную СССР па веласпорце. Брала ўдзел у выбарах 2010 ў якасці даверанай асобы Уладзіміра Някляева. Праз 2 гады няўдала балатавалася ў Палату прадстаўнікоў. А тут – першая жанчына, зарэгістраваная кандыдаткай у прэзідэнты! А цяпер яшчэ і адна з лідараў ўжо добра вядомай грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.

e93f9e5f-b926-4143-b3d5-793f60025214

РР: Спадарыня Таццяна, даўно хацеў з вамі сустрэцца. Але ў час выбараў даводзіцца мысліць і гаварыць лозунгамі, ды няма часу спыніцца і азірнуцца. Першыя месяцы пасля выбараў прайшлі…

Таццяна Караткевіч: Калі б гэта скончылася, я сказала б – усё, я сцішаная ды вольная! Але палітычнае жыццё толькі набірае абароты. Не злазіла з колаў – прайшлі сустрэчы з рэгіянальнымі сябрамі ды прыхільнікамі, якія б хацелі браць удзел у будучых парламенцкіх выбарах 2016 у якасці кандыдатаў ад нашай кампаніі.

РР: Памятаецца, Вы ў час наведвання ПП і да Лідзіі Ярмошынай звярнуліся з двума канкрэтнымі прапановамі-патрабаваннямі. Можаце самі іх агучыць разам з адказамі, што атрымалі…

Таццяна Караткевіч: Патрабуем, каб у кожнага кандыдата была магчымасць уключыць у выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Нагадаю, Ярмошына адказала, што гэта немагчыма, бо будзе невядома якія зарэгістраваныя, якія не. Але гэта тэхнічныя пытанні, бо ў партыйных кандыдатаў будзе такая магчымасць. З часам будзем сустракацца ў “інстанцыях” і весці размову, каб такі механізм быў выпрацаваны. Што тычыць адкрытага, празрыстага падліку галасоў, здаецца, няма праблемаў – зарэгіструйце больш назіральнікаў! Мы і вылучылі такія патрабаванні, пра якія можна размаўляць усім! Тым больш, у парламенцкай кампаніі, дзе градус канкурэнцыі меншы…

РР: Што ж, прыгадаем крыху атмасферу прэзідэнцкай кампаніі – вуснамі кіраўніка Лідскай суполкі Партыі БНФ Уладзіміра Круцікава ды экс-рэжысёра забароненай уладамі тэлепраграмы “Крок-2” Уладзіміра Міхарскага.

Уладзімір Круцікаў: У Лідзе ніхто за Караткевіч подпісы не збіраў. Увогуле, не бачыў ніводнага пікета ні за каго. Па хатах таксама ніхто не хадзіў…

Уладзімір Міхарскі: Караткевіч – усё ж такі адзін свежы твар. Прынамсі, без вусоў! Усё астатняе замшэлае. Адчуванне, што акунуўся ў 50-60 гады мінулага стагоддзя – зараз, як і тады, выбараў няма…

Таццяна Караткевіч: На афіцыйныя лічбы ЦВК не звярталі і не звяртаем увагі. Сёння ўнікальная сітуацыя, калі нікому, каго сустрэну, не трэба даказваць, што за мяне прагаласавала больш. Больш таго, у вядомых структурах галасы прыхільнікаў “за мірныя перамены” падлічылі – я ўпэўненая! Нерэпрэзэнтатыўна ведаем і мы – ад 15 да 30 %. Таму дагэтуль перакананая – у выбарах трэба ўдзельнічаць. Можа прагучыць як слоган – убачыла і адчула гэта сама. Таму і кажу ў час сённяшніх сустрэч тым, хто не ведае з чаго пачаць – а мы ведаем! Лічым, што мая праграма “за мірныя перамены” не страціла актуальнасці. Але трэба знаходзіць і новыя падыходы, каб шукаць аднадумцаў, а не ворагаў.

РР: Але ад Вашых сустрэч у той жа “палатцы”, кажуць у апазіцыйным асяроддзі, нікому ні горача, ні халодна…

Таццяна Караткевіч: Ну так можна сказаць і пра выбары ўвогуле. Але тым жа дзеючым дэпутатам я кажу – давайце рэалізоўваць мае прапановы, калі ў вас няма сваіх. Гэта лакмусавая паперка – ці могуць яны дзейнічаць, нечым дапамагчы. Зараз парламент у нас “зачыненая кантора”. Не ведаем, пра што спрачаюцца, на што рэагуюць. І ці наогул нешта робяць? Мая мэта – каб гэтыя “заканадаўцы”, што забыліся на выбаршчыкаў, публічна пачулі чаго хочуць людзі. 

РР: Спадарыня Таццяна, Вы не маеце пакуль традыцыі выказвацца на міжнародныя тэмы. Не так даўно Ваш гарантаваны канкурэнт-пераможца АГЛ сваё светаадчуванне выявіў у двух словах – “свет ашалеў!” Меліся на ўвазе турэцка-расейскія адносіны, пра што днямі дакладна на прэс-канферэнцыі выказаўся Пуцін. Некаторыя ж казалі пра блізкасць рэальнай Трэцяй сусветнай. Для беларусаў наўпрост усё тычыцца магчымасці размяшчэння расейскай вайсковай базы ў Бабруйску, дзякуючы якой маглі б страціць хоць вонкавы нейтралітэт…

Таццяна Караткевіч: Я б хацела, каб мы імкнуліся да нейтралітэту, без’ядзернага свету. І былі “экспарцёрам міра”.

РР: Дарэчы, што думаеце пра адкрыты ліст былых палітвязняў Міколы Статкевіча, Алеся Бяляцкага і Андрэя Саннікава, дзе яны заклікаюць Еўразвяз не скасоўваць у лютым санкцыі супраць Беларусі. А з-за сітуацыі з правамі чалавека – яны не могуць аднавіць свае палітычныя і грамадзянскія правы. Вы б падтрымалі?

Таццяна Караткевіч: Я ведаю, што ўплыў на сітуацыю можна было б узмацніць і з беларускага боку, каб гэтыя палітыкі мелі больш значны ўплыў у грамадстве. Еўрапейцы могуць казаць “так” ці “не”, але найперш гэта нашы справы. Трэба, каб так лічылі не толькі  пералічаныя палітыкі, а большасць беларусаў! Тым больш, сёння ніхто з простых беларусаў ніяк не адчувае таго, што на тры месяцы прыпынілі санкцыі. Хіба што колькасць камунікацый павялічылася.

РР: Успомніў, як сёлета ў часе святкавання Слуцкага збройнага чыну адбыліся ў розныя дні дзве дазволеныя “бэнээфаўскія” маніфестацыі. У вас з праварадыкальнай апазіцыяй няма шчыльных стасункаў. Той жа Статкевіч сказаў некалі, што Лукашэнка можа весці дыялог толькі з тымі, хто перад ім на каленях. Што думаеце пра ўчарашні зварот прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да кансалідацыі ўсіх дэмакратычных апазіцыйных сіл?

Таццяна Караткевіч: Я лічу, што ўзровень маёй падтрымкі ў той жа Партыі БНФ пасля вядомых рашэнняў сойма не змяніўся. У нас тактыка маруднай, эвалюцыйнай працы з грамадствам. Без падзелу апошняга на “правых” і “левых”, “радыкальных” “нерадыкальных”. А аб’яднаўчай працы з людзьмі, што нешта хочуць зрабіць. Нельга ігнараваць патрэбы беларусаў у пераменах, што гады і гады робіць улада. Мы атрымалі больш за паўтысячы заяў ад людзей, што спытваюць – “што рабіць, чым дапамагчы?” Не трэба шукаць і ворагаў, “здраднікаў” унутры сістэмы, што прагаласавалі за Лукашэнку. Яны мелі такое права і яго рэалізавалі. Дрэнна, што альтэрнатывы бракавала…

РР: Гістарычная рэмінісцэнцыя ад вядомага на Гарадзеншчыне гісторыка Валерыя Сліўкіна – наконт таго, што менавіта жанчына мусіць перамагчы Лукашэнку і стаць наступным прэзідэнтам Беларусі.

Валерый Сліўкін: У Беларусі жанчына ва ўсе часы грала адмысловую ролю. Пачынаючы з “дзяржаўніц” Соф’і Гальшанскай, Эміліі Плятэр. Альбо з такіх сталпоў чысціні, праўды і ўстойлівасці, як Еўфрасінья Полацкая ды Ларыса Геніюш.

Таццяна Караткевіч: Канешне, і мы разважалі хто будзе прадстаўляць праграму “мірных пераменаў”. І сёння магу пацвердзіць, што ў часе кампаніі адчула магутную жаноцкую салідарнасць. Але і з боку мужчынаў! Таму што ўсе разумеюць – калі ты крычыш, лямантуеш, абражаеш – цябе не чуюць! Проста выбралі іншую танальнасць размовы пра праблемы. Кажам, што не адзін чалавек мусіць іх вырашаць. Людзі за 20 год стаміліся ад бессэнсоўнага, бяздумнага і бяздушнага крыку. Вырасла і новае пакаленне, якое яго проста не ўспрымае. І таму галоўны пункт маёй палітычнай павесткі – змена ўлады. Разуменне таго, што ўсё трывае не толькі на людзях, а і на законах – давайце іх паважаць!

РР: А як вы ставіцеся да прэзідэнта-ёга Гандзі, што зрабіў Індыю Індыяй?

Таццяна Караткевіч: (смяецца ) Я была б шчаслівая, каб у нас такое адбылося. Я сустракала тых, хто казалі – Таццяна, будзь нашай Гандзі! Не, я буду Таццянай Караткевіч. Гэта стаўка на выбарнасць улады, каб кожны грамадзянін адчуваў, што яна яго паважае. Каб не прачынаўся і даведваўся, што з’явіліся новыя “драконаўскія” законы і падаткі. Што будзе падтрымка дзелавой ініцыятывы, годная сацыяльная палітыка.

РР: Акурат пытанне як да жанчыны. Ці хапае часу прыгатаваць ежы майму цёзку – Вашаму мужу Віталю, займацца 12-гадовым Елісеем?

Таццяна Караткевіч: Імкнуся паспяваць! Але я працаголік. І падчас кампаніі не адчула, што графік жыцця змяніўся. Калі мяне няма, Віталь гатуе, ёсць – я. Што да Елісея, лічу галоўная мая місія як маці – выхаваць самастойнага чалавека. Самому паесці, зрабіць урокі. Каб не было гэтага навязлівага бацькоўскага патранажу. На бытавой глебе ў нашай сям’і канфліктаў няма. Як і ў палітыцы, лічу, каб існавалі два правілы. Кожны працуе на сваю мэтавую групу, пашырэнне падтрымкі. Правіла нумар два – ніхто нікога не абражае. У часе кампаніі, калі пачыналася лаянка паміж пікетамі, людзі іх проста ўсіх абыходзілі. Бо іх цікавіць, якія ў вас ёсць ідэі і што вы для гэтага робіце.

РР: Якія адкрыцці ў жыцці хацела б яшчэ зведаць?

Таццяна Караткевіч: Стаць прэзідэнтам, канешне! (смяецца ) Мо стаць маці яшчэ раз… Каб быў такі пазітыўны настрой, што кожны б дзень успрымаўся як нейкае адкрыццё.

РР: Маглі б паўтарыць лозунг 90-х – “усё толькі пачынаецца”?

Таццяна Караткевіч: З вашай падачы – канешне. Кожны дзень. Толькі “ТАК” – Таццяна Караткевіч. Жыве Беларусь!

«Беларускае Радыё Рацыя»

18 декабря 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…