+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Таццяна Караткевіч: я не буду браць Аляксандра Лукашэнку на працу на дзяржаўную пасаду

Інтэр’вью Таццяны Караткевіч у межах сумеснага праекта ePramova.org і Naviny.by

Вытрымкі з інтэрв’ю:

Пра свае сны ў часе выбарчай кампаніі

Сплю вельмі добра. Сны бачу вельмі рэдка. Для мяне сёння адзіная магчымасць адпачыць — гэта добра паспаць, і ў мяне гэта атрымліваецца — 6 гадзінаў, бывае так, што і 7.

[…] Працоўны дзень сканчаецца ў 9, 10, 11 гадзін вечара. Гледзячы, як лічыць. Бо ёсьц працоўны дзень мяне, як грамадскага дзеяча, а ёсць працоўны дзень як мамы, гаспадыні дома. Гатую сняданкі, далучаюся да гатавання вячэры.

Пра тое, як сям’я адрэагавала на кандыдацтва

Цярпліва. Гэта вельмі цікавы досвед. І муж, і сын падтрымліваюць. Але я ў дом гэта не нясу, стараюся ў хаце пераключацца на простыя рэчы. Калі я стала кандыдатам і пасля гэтага прыйшла дадому, мама (а мы жывем разам) кажа, што запрасіла Елісея (сын Таццяны. — рэд.) паглядзець, як па тэлевізары нам афіцыйна ўручалі гэтыя пасведчанні. А ён адказвае: “А навошта мне глядзець, вось яна тут сядзіць!”

Пра прамову ў Цэнтрвыбаркаме

Палітыка — гэта ўвогуле камандны від дзейнасці. Канечне, разам пісалі. Ёсць у нас такі мазгавы цэнтр з кола сяброў. Мы думаем, што казаць, потым апрацоўваем… Натуральна, рэпетавала, трэніравалася. Усе мае прамовы вынікаюць з маёй мэты — я звяртаюся да сваіх выбаршчыкаў. А сёння выбаршчыкі жадаюць у першую чаргу не пачуць лозунгі крытычныя, яны хочуць зазірнуць у будучыню: а што вось новы чалавек прапаноўвае?

Пра тое, чаго раптоўна вырашыла ісці ў прэзідэнты

Гэта было цяжкае рашэнне. Ёсць такое меркаванне, што гэта вырашыла каманда, і я камандны чалавек. Але ўсё-ткі калі ты прымаеш такое рашэнне, гэта твая асабістая адказнасць. Нельга сёння сказаць, што ў Беларусі ёсць людзі з досведам працы прэзідэнта, няма ніякіх інстытутаў падрыхтоўкі прэзідэнтаў. Але я ўпэўнена, што шмат людзей маглі б справіцца з гэтымі задачамі.

Пра свой палітычны і сацыяльны багаж

Дастатковы. Можна казаць пра розныя перыяды. Я была, напрыклад, кіраўніком “Зорачкі” ў школе, калі яшчэ былі акцябраты. Асноўным мой досвед грамадзянскай і палітычнай працы, канешне, звязаны з маёй актыўнасцю ў кампаніі “Гавары праўду”. Там яго, паверце, было дастаткова. Гэта каардынацыйная праца, праца з рознымі ідэямі і праектамі, удзел у парламенцкай кампаніі, у мясцовай кампаніі. Самы галоўны досвед, які ў мяне ёсць — гэта праца з людзьмі. Я працавала ў вышэйшай школе 12 гадоў са студэнтамі. Працавала ў сацыяльным цэнтры, шмат сутыкалася з людзьмі розных катэгорый, рознага ўзроўню і адукацыі.

Пра сваю працоўную кніжку ў цяперашні час

Працоўная кніжка цяпер ляжыць у “Сямейнай пляцоўцы” — ёсць такая арганізацыя, якую мы з маімі аднадумцамі стварылі. Гэта такая сацыяльная ўстанова. Там я атрымліваю невялікі заробак. Калі была б адна, то на жыццё не хапала б. Але ж у мяне ёсць муж, таму хапае.

Пра Уладзіміра Някляева

Рашэнне Уладзіміра Някляева не ўдзельнічаць у выбарах было для нас нечаканым. У некаторай ступені гэта было непрыемна. Таму што ты працуеш разам, працуеш на вынік. А тут атрымліваецца, што чалавек спыняе сваю дзейнасць, кажа пра гэта ў адкрытую, пры ўсіх. Шмат для каго было цяжкім прыняць гэтае рашэнне, людзі задаваліся пытаннем — а чаму? а як так? Быў пэўны перыяд, калі трэба было асэнсаваць, прыняць гэта. Але гэта рашэнне чалавека, нам нічога іншага не заставалася, як прыняць гэта. Хоць мы ўгаворвалі і перадумаць, і застацца, і дзейнічаць. Таму што пэўная была перспектыва. Паслухайце, 5 гадоў працавала каманда, і вельмі добра працавала. Трымалі рэйтынг Уладзіміра Пракопавіча, як палітыка, вельмі высока.

Пра сваю ролю ў “Гавары праўду”

Я — сябра Савету арганізацыі, гэта наш кіруючы орган. У нас быў старшыня Уладзімір Пракопавіч і яго намеснік Андрэй Дзмітрыеў. Быў Аляксандр Фядута, але ён сышоў.

Пра тое, ці былі ў “Гавары праўду” іншыя кандыдатуры

Так, былі. Хто — не скажу. Было шмат прапановаў. Акрамя нашага [“Гавары праўду”] ліста з прапановамі, быў ліст ад кожнай арганізацыі, якая ўваходзіла ў кааліцыю “Народнага рэферэндума”. Таму быў такі “лонг-ліст”, потым “шорт-ліст”.

Пра тое, ці з’яўляецца яна сакратаркай Андрэя Дзмітрыева

Не. У нас так склалася ў кампаніі, што няма пэўнай структуры, а ёсць абавязкі. На Савеце мы ўсе роўныя, кожны адказвае за свае абавязкі.

Пра тое, ці ёсць розніца, колькі адсоткаў набярэ на выбарах

Зараз я працую на перамогу, інакш я б тут не сядзела. Сёння канкрэнт Лукашэнку — эканоміка і тая сітуацыя, якая складваецца ў нашай краіне. У нас ёсць некалькі бачанняў перамогі. Ідэальна, каб гэта былі справядлівыя выбары, я б магла разлічваць на пратаколы ЦВК. Але ў нас сітуацыя не тая. Для нас перамогай, акрамя электаральнай, была б сітуацыя, калі хто б ні быў пераможцам, ён не змог бы ігнараваць голас грамадзян.

Пра тое, ці бачыць станоўчыя бакі ў палітыцы Аляксандра Лукашэнкі

Шмат хто кажа, што можна станоўча ацаніць незалежнасць краіны. Але я лічу, што гэта наша заслуга — усіх беларусаў разам. Ёсць добрыя ідэі, якія можна было б працягнуць, лепш рэалізаваць. Напрыклад, было такое выказванне, што ў нашай Беларусі магло б жыць не 10 мільёнаў, а 20 мільёнаў беларусаў. Але сёння нас на мільён менш — за 20 гадоў. Хоць у нас такая актыўная падтрымка была — хачу падкрэсліць, што “была” — шматдзетных сем’яў.

Была добрая ідэя з правядзеннем “Дажынак”. Яна падабалася людзям у рэгіёнах, бо гэта была магчымасць упрыгожыць горад, сустрэць сяброў, даць штуршок развіццю рэгіёна, зрабіць яго больш прывабным для турыстаў. У нас нават была такая акцыя ў Рагачове: там збіраліся подпісы за тое, каб зладзіць “Дажынкі”.

Таксама ёсць праграма развіцця сяла, аграгарадкоў. Але тут таксама не дапрацавалі. Так, ёсць магчымасць маладой сям’і паехаць працаваць на вёску. Заключаеш дамову на 10 гадоў з працоўным месцам, патроху выплочваючы пазыку за дом. Але глабальна за 10 гадоў якасць жыцця ў рэгіёнах пагоршылася. Зачыняюцца школы, скарачаюцца аддзяленні ў лякарнях, колькасць спецыялістаў у сферы медыцыны, тое самае адбываецца з гандлем.

Пра спіс давераных асобаў

Мы падыходзілі вельмі прагматычна да складання спісу. Сёння для нас самае важнае, што давераныя асобы нясуць функцыянальную нагрузку. Яны павінны прадстаўляць мяне, стаяць у пікетах, сустракацца з выбаршчыкамі. Частка людзей, якіх можна назваць VIP, проста не змаглі б гэтага рабіць.

Пра мантру “не здымуся, не здымуся, не здымуся”

Вельмі рэдка ў мяне пра гэта запытваюць. Я спраўды не збіраюся здымацца. Таму што я прадстаўляю тых людзей, якія падпісаліся за мяне, вылучылі мяне. Па-другое, я сёння ствараю дэмакратычную альтэрнатыву, гэта выклік рэжыму. Уладзе прыдзецца змагацца за галасы.

Пра стаўленне да іншых кандыдатаў

Гэта ўсе людзі — і Лукашэнка, і Улаховіч, і Гайдукевіч — я іх мала ведаю асабіста. З Лукашэнкам не знаёмая, але мы бачым вынікі працы, яны сёння вельмі крытычныя. Я змагаюся ў першую чаргу за галасы тых людзей, якія падпісаліся. Гайдукевіч і Улаховіч — не мае канкурэнты. У мяне адзін канкурэнт, Аляксандр Лукашэнка.

Пра сумневы ў колькасці сабраных подпісаў

Ведаеце, я была ў Берасці на свяце горада. Мы ладзілі там пікеты, вялікую падпісную акцыю. І там быў Анатоль Лябедзька. Ён прастаяў там 2 гадзіны, потым сышоў, за ім сышла яго каманда. Мы ж сваёй камандай прастаялі 6 гадзін і сабралі 500 подпісаў. Мы рабілі стаўку на чалавечы капітал. Мэтанакіравана ішлі да лічбы 100 тысяч подпісаў, ды яшчэ з запасам. У нас не было рэсурсаў выстаўляць тысячы пікетаў для таго, каб усе бачылі, што мы ёсць. У малых гарадах мы хадзілі ад дзвярэй да дзвярэй…

[…] Калі прыйшлі людзі правяраць нашыя подпісы, то яны сказалі: дайце нам зараз усе. Мы адказалі: прыходзьце праз два дні, мы вам пакажам усе. Памкненне праверыць подпісы мы ўспрынялі нармалёва. Мы і самі правяраем, бо гэта — стандарт якасці нашай працы, працы нашай каманды. Хоць было і дзіўнае стаўленне. Бо ў гэты перыяд усе грамадзянскія актывісты павінны працаваць з людзьмі, заангажоўваць іх сваімі ідэямі.

Варта было б, каб “Рух за свабоду” рабіў неякія дзеянні, звязаныя з тым, каб больш людзей даведаліся пра ідэю “Народнага рэферэндума” (бо яны былі адказныя за гэтую частку кампаніі). Я дзячыла і Лябедзьку, і Калякіну, якія ўсё ж такі вырашылі ісці ў гэтую кампанію, і яны стаялі цэлы месяц разам з намі ў пікетах і распавядалі людзям пра свае праграмы, пра сваё бачанне, падыходы. Ёсць такое адчуванне, што людзі шукаюць альтэрнатывы, што яны яе не ведаюць.

Пра тое, колькі сёлета плацілі зборшчыкам за адзін подпіс

Вы што?! Ніколькі! Усё дабраахвотна! Я нават не ведаю пра тое, каб плацілі ў 2010 годзе.

Пра тое, ад каго ідзе на выбары

Я іду ад тых людзей, якія хочуць пераменаў. І бачаць, што гэтыя перамены можна зрабіць мірным шляхам. Паступова, эвалюцыйна. Можна сказаць, што ў мяне зборная каманда. Там ёсць прадстаўнікі і сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, дзе я з’яўляюся сябрам. Ёсць і БНФ, напрыклад, Ігар Лялькоў з’яўляецца маім прадстаўніком у ЦВК. Ёсць сябры Партыі БНФ, якія з’яўляюцца маімі даверанымі асобамі. Падчас збору подпісаў далучаліся прадстаўнікі ўсіх арганізацый.

Пра тое, чаму кіраўніцтва БНФ і “Грамады” адхрысцілася ад яе

Яны таму і перадумалі, што не стаялі ў пікетах і не збіралі подпісы. Я кажу пра Янукевіча і пра Вештард, а не пра шараговых сябраў партыі.

[…] Тыя наказы, якія рабіла мне Партыя БНФ, былі вельмі слушныя і актуальныя, у межах стратэгіі “Народнага рэферэндума”… Ведаеце, у гэтую кампанію столькі ўсяго было. Хтосьці там далучаўся, хтосьці выходзіў… Думаю, выбаршчыкам гэта не вельмі цікава. Было б добра, каб не было такіх выхадаў, каб мы былі больш адзінымі.

Пра мірныя перамены

Гэты лозунг сфармуляваны даўно. Калі мы распрацоўвалі стратэгію “Народнага рэферэндума”, мы казалі, што нам трэба паступова-паступова дамагацца таго, каб наша краіна была і незалоежнай, і дэмакратычнай, і з эканомікай, якая дазваляе людзям жыць. Але ў 2010 годзе падавалася, што можна ў адну ноч усё зрабіць. Але мы зразумелі, што ў нас не хапае ні рэсурсаў, ні моцы. А засталася воля. Сёння іншая сітуацыя, ёсць канфлікт Украіны і Расіі, які паказвае, што так таксама могуць адбыцца перамены. Але гэта не наш шлях, мы павінны рабіць высновы з гэтага.

Пра беларускую мову

Сёння нам трэба аб’ядноўвацца. І каб захаваць нашую незалежнасць, трэба адзінства. Таму мы кажам, што ў нас дзвюхмоўе, але няроўная практыка выкарыстання гэтых моў. Канешне, беларуская мова пакутуе. Нам трэба захаваць дзвюхмоўе, але развіваць беларускую мову. Падтрымаць культурніцкія, адукацыйныя праграмы, каб яны ўвалі ва ўжытак людзей беларускую мову. Што тут неканкрэтнага? Магчыма, у будучыні ў нас будзе адзіная дзяржаўная мова — беларуская. Але ж можна і пераймаць досвед еўрапейскіх краінаў, дзе ёсць дзве мовы, а на трэцяй — ангельскай — размаўляюць усе. Мы ў цэнтры Еўропы, нам трэба проста быць цывілізаваней і перспектыўней.

Пра дзяржаўную сімволіку

Калі казаць пра мае прыярытэты, то мая сімволіка — гэта бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня. Але трэба разумець, што за 20 гадоў вырасла пакаленне з іншай сімволікай. Гэтае пытанне трэба вырашаць на рэферэндуме. Але спачатку трэба вярнуць павагу да ўсіх сімволік, якія сёння ёсць. У Пагоні ёсць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У бел-чырвона-белага сцяга пакуль няма. Я гэта бачу не так, што я стала прэзідэнтам — а на другі дзень у нас рэферэндум па пытанню, якая мусіць быць сімволіка. Я думаю, трэба даць магчымасць усім тым беларусам, якія дбаюць і перажываюць за нацыянальную сімволіку, каб у іх была магчымасць пераканаць гэтых людзей, якія 20 гадоў пражылі з іншай сімволікай.

А ёсць жа і трэцяя катэгорыя людзей. Падыходзяць і кажуць: вось Пангоня нам падабаецца, а са сцягам мы б яшчэ падумалі. Што да рэферэндума па пытанню сімволікі, то я не ўяўляю сітуацыі, калі бел-чырвона-белы сцяг не перамагае.

Пра сімпатыі да камуністаў

У мяне няма ніякіх сімпатыяў да камуністаў. Я прыхільнік мірных пераменаў. Каб у грамадстве адбывалася ўсё ўзгоднена. Гэта класная ідэя — ўсе гэтыя помнікі адправіць у адно месца. Я б яе падтрымала. Але лічу, гэта не прэзідэнцкая справа. Тыя злачынствы, якія былі зробленыя камуністамі, трэба перагледезць у нашай гісторыі, зрабіць празрыстымі. Трэба грамадскае абмеркаванне. Сёння ў падручніках іншая гісторыя. А нам трэба аб’яднаць тую гісторыю, якую распавядаюць камуністы і цяперашняя ўлада — і тую гісторыю, якую пішуць незалежныя гісторыкі.

Пра Расію

Нашая эканоміка ў вельмі вялікай долі залежыць ад Расіі. Расія — асноўны наш гандлёвы партнёр. Наша прамысловасць звязана з расійскаю, мы ў агульным Мытным, Еўразійскім саюзе, з’яўляемся сябрамі АДКБ.

[…] Нам трэба было раней думаць пра тое, як не жыць ад пазыкі да пазыкі. Трэба было даўно самастойна жыць. Я лічу, тое, што мы прапаноўваем — гэта падтрымка прыватнай ініцыятывы, стварэнне ўмоваў для развіцця бізнеса, новых кірункаў у сферы эканомікі — гэта якраз і будзе пляцоўкай для стварэння нацыянальнага бізнесу.

Пра перспектыўныя кірункі эканомікі Беларусі

Гэта IT-тэхналогіі, якія сёння паказваюць рост. Гэта медычны турызм, нават з Расіі да нас прыязджаюць падлекавацца. Гэта вытворчасць, звязаная з запчасткамі для розных сфераў машынабудавання. Сфера паслуг. Думаю, што будуць і новыя сферы.

Пра тое, ці варта закрываць МТЗ

Такіх рашэнняў не хацелася б. Наша меркаванне вельмі простае пра такіх гігантаў: запрасіць спецялістаў, найлепшых менеджараў і распрацаваць антыкрызісны план.

Пра будучы лёс Аляксандра Лукашэнкі

У яго пенсія. У яго ёсць досвед. Ён будзе сам, напэўна, вырашаць, чым яму займацца. Я не буду браць яго на працу на дзяржаўную пасаду. Яму трэба адпачыць.

Пра Міколу Статкевіча

Шкадую, што не атрымалася сустрэць Міколу. У мяне быў перадых між зборам подпісаў, я была адзін дзень за мяжой. Я сачыла за гэтым у інтэрнэце, гэта быў вельмі святочны вечар. Магчыма, чалавека спецыяльна выпусцілі ў апошнія гарачыя выходныя жніўня, калі ў многіх ёсць свае планы.

Пра першы візіт на пасадзе прэзідэнта

Ён будзе ў Расію. Гэта вельмі важнае пытанне, куды будзе першы візіт. Мой адказ звязаны з тым, што Расія з’яўляецца сёння нашым асноўным эканамічным партнёрам. Нам трэба думаць пра будучыню. Калі мы кажам пра стасункі з Расіяй, то як і з іншымі краінамі, мы будзем будаваць іх на прынцыпе адказнага добрасуседства. Як і з Украінай, як і з Еўразвязам.

Пра зялёных чалавечкаў

Беларусы не думаюць, што мы можам быць наступнымі пасля Украіны. І я так не думаю. У нас ёсць прыклад, як гэта адбылося ва Украіне, і што нам трэба рабіць. Нам трэба пакрокава ісці да самастойнасці. Нам трэба больш яднацца, бо беларусы раз’яднаныя.

Пра тое, што будзе 12 кастрычніка

Той жа працоўны дзень. Праца кандыдата не сканчваецца на гэтым. Вельмі важна будзе дачакацца вынікаў кампаніі назірання. Зрабіць ацэнку выбарчага працэса. І гэта змагу зрабіць толькі я. Калі будуць нейкія парушэнні, у мяне будзе магчымасць звярнуцца ў суд ці напісаць скаргі. Я буду сканчаць пачатую працу. А далей хацелася б адразу перайсці да перспектываў. Хацелася б пераскочыць момант расчаравання, апатыі з боку каманды.

Пра тое, якім шляхам зменіцца ўлада

Выбары, магчыма, калі ў іх будзе ўдзельнічаць як мага больш людзей. Магчыма, будуць спрацоўваць іншыя стратэгіі, як “Народны рэферэндум”. Толькі мы, беларусы, можам змяніць уладу ў нашай краіне і паўплываць на будучыню. Як гэта зрабіць? Бліжэйшым часам перспектыва — пайсці і прагаласаваць 11 кастрычніка.

Пра тое, ці пагодзіцца на прапанову пайсці пасля выбараў на дзяржаўную працу

Гэтая прапанова адразу стане адкрытай, бо я не самавылучэнец, у мяне ёсць каманда. І яна стане адкрытай для грамадскасці. А далей усё будзе залежаць ад таго, што гэта будзе за прапанова, ці ўкладаецца яна ў нашую стратэгію, ці не.

«Белорусские новости»

25 сентября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…