+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Тацяна Караткевіч, палітычны камікадзэ, якая сьвядома ідзе на амбразуру

Першае праграмнае інтэрвію Радыё Свабодзе патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад кампаніі «Народны рэфэрэндум» Тацяны Караткевіч, якую падтрымалі «Гавары праўду», Партыя БНФ і БСДП «Грамада».

Пра вылучэньне

— Ваша вылучэньне стала вялікім сюрпрызам. Маглі б вы ўзгадаць, калі ўпершыню было ўзьнята пытаньне аб вашым вылучэньні і чыя гэта была ініцыятыва?

— Ведаеце, мы займаемся палітыкай, у нашых шэрагах шмат актывістаў, і кожны з нас павінен быць гатовы да таго, каб удзельнічаць у галоўных падзеях у краіне — мясцовых, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Кааліцыя «Народнага рэфэрэндуму» стварала агульны сьпіс, у які ўваходзілі прозьвішчы і імёны прадстаўнікоў усіх арганізацыяў. А калі гэта адбылося канкрэтна — мне складана сказаць.

— А ўсё ж такі гэта была ваша ініцыятыва ці вам прапанавалі стаць кандыдатам?

— Ну, гэта была наша ініцыятыва. Яна была агучана, напэўна, першы раз пасьля парлямэнцкіх выбараў.

— Чаму вы наважыліся на гэта? Усё ж такі ў Беларусі ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах — вельмі небясьпечная справа…

— Для мяне небясьпечна — нічога не рабіць. Для мяне важна быць пасьлядоўнай. Тое, што мы рабілі на працягу двух гадоў, працавалі зь людзьмі, ішлі да іх, зьбіралі подпісы за рэфэрэндум — гэта для мяне шмат што азначае. Таму прыняць такое рашэньне было для мяне нармальна. Хоць я не скажу, што гэта проста, бо ўсё ж такі для мяне гэта ў першую чаргу адказнасьць.

Пра амбразуру

— Ваш былы паплечнік па «Гавары праўду» Аляксандар Фядута нядаўна ў інтэрвію «Беларускаму партызану» сказаў, што вас, на жаль, «кідаюць на амбразуру», ведаючы, што вы зь яе ўжо ня ўстанеце. Сапраўды, цяперашняя прэзыдэнцкая кампанія выглядае зусім безнадзейнай для апанэнтаў Лукашэнкі, а вы пры гэтым відавочна станеце аб’ектам жорсткай крытыкі ў дэмакратычным лягеры, плюс — ня варта забываць пра пэрспэктыву рэпрэсіяў, якія традыцыйна зазнаюць альтэрнатыўныя кандыдаты. У гэтай сытуацыі вы адчуваеце сябе свайго роду палітычным камікадзэ?

— Я адчуваю, што я не адна. Я адчуваю, што ў мяне ёсьць падтрымка 120 тысяч людзей, якія хочуць перамен (маюцца на ўвазе 120 тысяч подпісаў за ідэю «Народнага рэфэрэндуму». — РС). Але я лічу, што сёньня ня толькі я быццам бы на амбразуры — сёньня кожны беларус на амбразуры. Ён заўсёды стаіць перад складаным выбарам: зьмяніць працу, наважыцца нарадзіць дзіця і стварыць сям’ю, наважыцца нарадзіць другое дзіця, сказаць праўду начальніку, калі яго прымушаюць працаваць звыш нормы. У Верхнядзьвінску мне распавялі проста жудасную гісторыю, як супрацоўнікаў саўгасаў-калгасаў проста прымушаюць падпісваць пагадненьні, што яны будуць добраахвотна адлічваць 30% зарплаты на райпо, будуць прывязаныя да крамы райпо і будуць менавіта там набываць прадукты, пры тым, што там даражэй, чым у іншых гандлёвых сетках. Гэтыя людзі таксама на амбразуры, яны стаяць перад выбарам: сказаць «не» — ці пагадзіцца. На жаль, такія людзі сёньня пагаджаюцца. Я іду на выбары менавіта дзеля таго, каб у іх зьявіўся шанец сказаць «не» і адчуваць, што яны не адны. Сёньня кожны чалавек у нас на амбразуры, і я разам з гэтымі людзьмі.

Пра шлях у палітыку

— Усе ведаюць, што вы пяць гадоў працавалі ў кампаніі «Гавары праўду», але ніхто ня ведае, што было да таго. Калі і як вы прыйшлі ў палітыку?

— Мой шлях у палітыцы значна даўжэйшы, чым пяць гадоў. Хачу сказаць, што да таго, як прыйсьці ў «Гавары праўду», я працавала загадчыкам аддзяленьня сацыяльнай адаптацыі ў сацыяльным цэнтры Ленінскага раёну. Я вельмі любіла сваю працу і лічу, што я клясны працаўнік у гэтай сфэры, я была на сваім месцы. Але там не было магчымасьцяў самарэалізавацца. Я зразумела, што сёньняшняй уладзе не патрэбныя актыўныя, прафэсійныя працаўнікі — яны проста выціскаюць тых людзей, якія маюць свае ідэі, сваё бачаньне таго, як трэба разьвіваць свой кірунак працы. Таму я прыняла рашэньне: калі вы не даяце мне магчымасьці самарэалізавацца, я знайду іншы шлях. Так было заўсёды ў маім жыцьці. Перада мной зачыняюцца адны дзьверы, але адчыняюцца іншыя. І так адбылося, што 31 красавіка я сышла зь дзяржаўнай працы, а 1 траўня я прыйшла ў «Гавары праўду».

— Але раней вы былі сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі…

— Так, пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту мяне заангажавалі, я была сябрам «Маладой Грамады» — моладзі сацыял-дэмакратаў. Потым я ўступіла ў партыю і даволі актыўна там дзейнічала, пакуль не стварыла сям’ю, не ўзяла адпачынак на тое, каб выгадаваць дзіця.

Пра канкурэнцыю

— У сваіх інтэрвію вы ня раз казалі, што мэта вашага ўдзелу ў выбарах — аб’яднаць людзей вакол ідэі мірных пераменаў. Ці ня выйдзе так, што галоўным вашым супернікам на выбарах будзе зусім не Лукашэнка, а іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты, якія будуць апэляваць да той самай аўдыторыі — да людзей, якія хочуць зьменаў у краіне?

— Шмат што ў нас удалося зрабіць дзеля таго, каб паказаць людзям пазытыўны досьвед аб’яднаньня. Мы пачалі гэтую дзейнасьць даўно, і нам ёсьць чым пахваліцца. Тое, што мы распачалі сваю кампанію фактычна яшчэ два гады таму, ужо надае нам моцы і адчуваньня падтрымкі. Я ня думаю, што наша мэта — канкураваць, наша мэта — аб’ядноўваць.

— Але фактычна на гэтым шляху вы будзеце канкураваць зь іншымі апазыцыйнымі кандыдатамі…

— Вядома, мы будзем канкурэнтамі — гэтага не абмінеш! Але мы лічым, што ў нас шанцаў больш.

Пра крытэр посьпеху

— Вяртаючыся да вашай тэзы пра аб’яднаньне людзей як мэту ўдзелу ў выбарах. Усё ж такі гэта даволі абстрактная мэта. Які ўзровень падтрымкі (канкрэтна ў адсотках) вы будзеце лічыць посьпехам?

— (Паўза.) У нас будзе шмат аргумэнтаў на тое, каб пабачыць нашу перамогу. Складана, вядома, будзе гарантаваць адсоткі ў пратаколах Ярмошынай (хоць будзем глядзець і на тое, якія адсоткі будуць яны «маляваць»). Але мы будзем арыентавацца на незалежныя дасьледаваньні. Таму я цяпер так актыўна праводжу сваю кампанію, сустракаюся зь людзьмі. Для мяне паказальнікам перамогі будзе тая колькасьць людзей, якая падтрымае ідэю «Народнага рэфэрэндуму», будзе пра яе гаварыць…

— Але ўсё ж такі я хацеў бы зразумець канкрэтныя крытэры посьпеху. На які адсотак падтрымкі вы разьлічваеце?

— Я накіраваная на перамогу. Я не хачу вызначаць нейкія парогі — 15% або 20%. Я хачу перамогі.

— То бок — больш за 50%?

— Вядома.

— Вось вы атрымалі жаданы ўзровень падтрымкі, і яго зафіксавала сацыялёгія. Аднак ЦВК усё роўна абвесьціць пра перамогу на выбарах Лукашэнкі. Што вы будзеце рабіць далей, каб мірныя перамены, вакол якіх вы аб’ядналі людзей, усё-ткі адбыліся? Які ваш плян дзеяньняў у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве?

— У нас ёсьць дамоўленасьць, зараз у кааліцыі «Народнага рэфэрэндуму» мы ствараем адзіны сьпіс будучых кандыдатаў у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах. І, умоўна кажучы, 16 лістапада яны пачнуць сваю працу, каб далей працягваць дамагацца перамогі.

— Добра, вы возьмеце ўдзел у парлямэнцкай кампаніі, але ЦВК зноў абвесьціць аб перамозе праўладных кандыдатаў. Якім канкрэтна чынам вы плянуеце дамагчыся пераменаў — выбары, вулічныя пратэсты, забастоўка?

— Галоўнае — падтрымка грамадзтва. Далей мы будзем працягваць нарошчваць патэнцыял падтрымкі мірных пераменаў, той праграмы, якая будзе сфармуляваная. У нас ёсьць упэўненасьць у тым, што калі мы аб’яднаемся, то наш голас будзе мацнейшы…

— …і вы лічыце, што калі голас будзе моцны, улада пойдзе на саступкі?

— Так, канечне.

Пра Плошчу

— З аднаго боку, вы ўдзельнічаеце ў выбарах, а з другога боку — кажаце, што не разьлічваеце на перамогу паводле пратаколаў ЦВК. Як вы растлумачыце людзям неабходнасьць прыйсьці на выбарчы ўчастак — ва ўмовах, калі іхні голас, як вы самі кажаце, усё роўна скрадуць?

— На сёньня я ўжо шэсьць гарадоў праехала, сустракалася зь людзьмі. Я ім кажу пра тое, што яны павінны адстаяць свой голас і быць такімі ж актыўнымі, такімі ж нястрыманымі і такімі ж гарачымі, як і электарат дзейнай улады. Выбары павінны адбыцца на выбарчых участках. Гэта вельмі важна, бо ідэя мірных вулічных пратэстаў сёньня непапулярная. Таму ў нас застаецца адзін шлях. Тым, хто мае сумневы — трэба ўдзельнічаць у кампаніі назіраньня. Нам трэба, каб з нашага боку было больш людзей ва ўсіх палітычных працэсах. Сёньня, калі мы ня будзем удзельнічаць у палітычным працэсе, такім, як прэзыдэнцкія выбары, — гэта азначае проста легітымізацыю рэжыму Лукашэнкі.

— Вы ня раз казалі, што ня будзеце заклікаць людзей на Плошчу, але не застаняцеся ўбаку, калі людзі самі пойдуць. Гэта проста словы ці вы сапраўды лічыце, што падчас або пасьля выбараў людзі могуць выйсьці на вуліцу самастойна, бяз заклікаў апазыцыі?

— Я думаю, што такая магчымасьць ёсьць, што людзі захочуць проста падзяліцца сваімі ўражаньнямі. Ведаеце, і 2010 год быў спачатку пазытыўны — тыя людзі, якія былі на Плошчы, яны былі ўсе пазытыўна настроеныя, яны хацелі падзяліцца сваімі ўражаньнямі. Я думаю, што, магчыма, і зараз людзі захочуць выйсьці, паразмаўляць, абмяняцца думкамі. Важна проста, каб выхад любой колькасьці людзей не скарысталі тыя, хто хоча правакацыяў.

Пра «прэм’ера» Мацюшэўскага

— Падчас вашага онлайну на naviny.by вы зьдзівілі многіх заявай, што бачыце ў якасьці прэм’ер-міністра свайго ўраду цяперашняга віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага. Ці значыць гэта, што сярод апазыцыйных палітыкаў проста няма чалавека, здольнага ўзначаліць урад?

— На жаль… Ну няма цяпер у нашых апазыцыйных палітыкаў актуальнага досьведу працы ў дзяржаве. Ёсьць досьвед, але ён былы, а сёньня сытуацыя зьмянілася і абставіны зьмяніліся. Таму мы кажам пра тое, што стварэньне каманды пасьля перамогі будзе наступным чынам ажыцьцяўляцца: гэта будуць людзі з каманды «Народнага рэфэрэндуму», гэта будуць людзі, якія сёньня ва ўладзе і захочуць застацца, таксама мы б хацелі запрасіць да працы пасьпяховых бізнэсоўцаў і тых, хто зьехаў за мяжу. Вельмі важна захаваць патэнцыял тых прафэсіяналаў, якія сёньня ёсьць. Ня трэба нічога разбураць.

— Вы лічыце, што Мацюшэўскі — найбольш годны кандыдат на пасаду прэм’ера з прадстаўнікоў сёньняшняй улады?

— Складана сказаць, бо мы ня бачым, як прымаюцца рашэньні ва ўладзе, хто нясе адказнасьць. Мы ўмоўна кажам пра Мацюшэўскага.

— А ці ня стане ўдзел у новым урадзе прадстаўнікоў старой намэнклятуры тормазам для сапраўдных рэформаў?

— Я так ня думаю.

Пра адносіны з Расеяй

— У вас у праграме ёсьць пункт пра «вывад замежных вайсковых аб’ектаў» зь Беларусі — гэта адно з пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму». Уявім, што вы выйграеце выбары. Масква, у сваю чаргу, вельмі занепакоеная стратай свайго шматгадовага хаўрусьніка ў Менску і магчымасьцю страты сваіх баз у Беларусі. У вас ёсьць разуменьне таго, што трэба рабіць, каб не дапусьціць расейскай інтэрвэнцыі, а калі спатрэбіцца — і супрацьстаяць ёй?

— Мы зыходзім з інтарэсаў людзей. Сёньня большасьць беларускага грамадзтва кажа, што яны ня хочуць, каб на нашай тэрыторыі былі нейкія вайсковыя аб’екты і базы. Сёньня ў нас ёсьць дамова, каб гэтыя аб’екты існавалі да 2020 году, і менавіта ў 2020 годзе падымецца гэтае пытаньне, што рабіць далей. Мы будзем яго абмяркоўваць з нашымі партнэрамі — Расеяй.

Што тычыцца магчымай інтэрвэнцыі, то я лічу, што самае галоўнае для нас, тое, чаго не хапала, напрыклад, Украіне, — гэта яднаньне. Еднасьць — гэта тое, што нас абароніць. Сёньня людзям патрэбныя пэрспэктывы, адчуваньне ўпэўненасьці ў сваёй будучыні — гэтага не хапала ўкраінцам. А цяпер яны на шляху аб’яднаньня. Нам трэба вывучыць гэты ўрок і пайсьці наперад. І ўлада, разумеючы гэта, павінна пайсьці насустрач грамадзтву — яна павінна чуць патрэбы кожнага беларуса. Ня трэба душыць, абкрадаць іх новымі паборамі. Сёньня дзейная ўлада, якой бы мірнай яна ні здавалася, — самы галоўны правакатар таго, што гэта (інтэрвэнцыя. — РС) можа адбыцца.

— Шмат каго трывожыць, што цяпер на беларусаў з тэлевізара льецца нічым не абмежаваная расейская прапаганда. У сьвятле агрэсіўнай палітыкі Крамля гэта сур’ёзная праблема. Як вы будзеце змагацца з расейскай прапагандай? Адключыце расейскія тэлеканалы?

— Складанае пытаньне. Сапраўды, большасьць насельніцтва — як наркаманы, яны вельмі залежаць ад гэтых перадач. Трэба проста разьвіваць свае. Яны і цяпер, у прынцыпе, разьвіваюцца — у нас ужо пяць беларускіх каналаў. Трэба больш разьвіваць рэгіянальнае тэлебачаньне.

Трэба зьвярнуць увагу людзей на свае праблемы. Сёньня шмат беларусаў, і палітычна актыўных, і неактыўных, знаходзяцца ў такім спэцыфічным інфармацыйным полі — яны цікавяцца, што ва Ўкраіне, што ў Расеі, якая Эўропа ці ЗША. А нам трэба зьвярнуць увагу на сябе. Такім чынам, толькі канкурэнцыя тут патрэбная.

— То бок адключаць расейскае тэлебачаньне вы не зьбіраецеся?

— У мяне часта пытаюцца: вось вы прыйдзеце да ўлады — і што вы будзеце рабіць… Паслухайце, калі прыйду да ўлады, у мяне будзе парлямэнт, які будзе рэальна прадстаўляць інтарэсы грамадзтва, у мяне будзе рада міністраў, якая таксама будзе ўдзельнічаць у перамовах. Я думаю, што гэтае пытаньне мы можам даручыць парлямэнту — што людзі скажуць, што яны прапануюць наконт абмежаваньняў.

Пра геапалітычны выбар Беларусі

— Якім у канчатковым выніку будзе геапалітычны выбар Беларусі пад вашым кіраўніцтвам? Эўразьвяз, Эўразійскі эканамічны саюз або ні тое, ні другое?

— Вялікай каштоўнасьцю для нас будзе незалежнасьць і добрасуседзкія адносіны з усімі краінамі-суседкамі.

— Гэта значыць, вы ня будзеце выбіраць ні ЭЗ, ні ЭАЭЗ?

— Так.

Пра першы крок у выпадку перамогі

— Яшчэ раз уявім сабе, што вы перамаглі на выбарах. Які будзе ваш першы крок на пасадзе прэзыдэнта?

— Вызваленьне палітвязьняў.

9 июня 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…