+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Ціхан Чарнякевіч: Права ня быць Маратам Казеем

Гэтак павялося, што раз на пяць гадоў, у пэрыяд справаздачна-выбарчай кампаніі, актуалізуецца пытаньне збройнага супраціву.

Заўжды знаходзяцца гарачыя прыхільнікі і праціўнікі. Прыкладна праз год-паўтара пасьля «выбараў» усё аціхае, да пары. Але чамусьці менавіта сёлета, чытаючы дыскусію вакол гэтага пытаньня (артыкулы Зянона Пазьняка, Сяргея Дубаўца і Сяргея Навумчыка), адчуў, як незваротна адышлі, фігуральна кажучы, «людзі беларускага мінулага» ад беларускай сучаснасьці.

«Чалавек мінулага» звык усьведамляць свой электарат як патэнцыйны маналіт легіёнаў на плошчы, які здатны выконваць усе каманды правадыра. І ня так важна, што там будзе напісана ў загадзе – выйграць бітву за ўраджай, прыцягнуць у краіну стопяцьсот мільярдаў інвэстыцый альбо пачаць узброены супраціў дыктатуры. «Няхай, ня скінулі вы яго, але чаму дагэтуль не беларусізавалі абласныя цэнтры?» – пачуў я неяк адгалосак эміграцыйнай размовы на якімсьці чарговым зьезьдзе. І адразу злавіў даўно знаёмую нотку, нібы з бравурнага маршу часоў Эрыха Хонэкера.

Я ня ведаю, ці то гэта дасягненьне айчыннай ідэалёгіі альбо заходняй дэмакратыі, але ў Беларусі стала вельмі кепска з каманднай сыстэмай. Шыхтавацца ў шчыльныя рады, стаяць на «зважай» і, асабліва, адраджаць нешта ў крывавых муках на загад звонку тут ужо ніхто не зьбіраецца. Прынамсі, такія настроі бачу я ў сваёй генэрацыі. Пакуль мы ў 1990-я сядзелі перад тэлевізарамі і смакталі сушку, дзядзькі ў запыленых шаломах змагаліся за свабоду слова, незалежны бізнэс, адукацыю, культуру, ЦВК, Вярхоўны суд, імпічмэнт і парлямэнт, атрымаўшы паразу па ўсіх франтах. Цяпер жа яны патрабуюць ад новага пакаленьня ўзяць у мамы на кухні гранатамёт і абараніць незалежнасьць. А калі не атрымаецца – абліць сябе бэнзынам і прылюдна спаліцца альбо адступіць у Чорныя Ляды, каб зьдзейсьніць калектыўны акт самагубства. Можа, і не ў такі спосаб, але нейкім чынам абавязкова ахвяраваць сабой.

Кепскі той нацдэм, які ў пэўны момант не хацеў сябе спаліць на плошчы. Аднак за дваццаць гадоў каштоўнасьць чалавечага жыцьця ў Беларусі крыху вырасла. Паверце, далёка ня ўсе гатовыя «легчы на зьмяіныя скруткі дроту» і «памерці як адзін у барацьбе за гэта», хоць, відавочна, некаторыя на гэтае «гэта» моцна спадзяюцца.

Марна. Людзі, якія перасталі смактаць сушку і прыйшлі рабіць работу ў 2000-я, убачылі перад сабою выпаленыя пасьля змаганьня землі. Шмат часу спатрэбілася, каб зьявіліся хоць нейкія новыя парасткі, новыя формы бытаваньня той самай «беларушчыны», хоць ад слова гэтага ўжо кісла ў роце. Сяго-таго ўдалося дасягнуць, часам нават цаною кампрамісаў, акуратных размоваў і дамоваў. Але найбольш – штодзённай упартай працай, у тым ліку над сабой, як бы патасна гэта ні гучала. Прыкладам, Ігар Логвінаў і Зьміцер Вішнёў, зь іх невялікімі ў маштабах Белстату тыражамі кніг, здолелі выйграць рэпутацыйнае супрацьстаяньне з дзяржаўнымі выдавецтвамі-манапалістамі. Можна яшчэ ўспомніць перакладчыкаў, дызайнэраў, інтэрнэт-гандляроў і інш. Здаецца, у Чэстэртана ёсьць маленькае эсэ пра чалавека, які выйшаў на бітву зь веліканам, парэзаў таго маленькім мячом, ад чаго бамбіза адразу неяк засумаваў, залез у акіян і ўтапіўся. Перавага эвалюцыйнага, негвалтоўнага шляху якраз у тым, што тут цалкам рэальна можна перамагаць.

Сытуацыйнае ўзьнікненьне масавага пратэсту, у кшталце акцый 2011 году, па-ранейшаму цалкам магчымае, але значна больш залежыць ад эканомікі, чым ад апазыцыі. Адзінае, на мой погляд, што апазыцыя пасьпела ўкараніць (і дзякуй ёй за гэта) – негвалтоўны характар пратэсту. З 1994 году ніводнага чыноўніка ці міліцыянта апазыцыя ня сьцерла зь зямное кулі, хоць нагодаў для рашучых гвалтоўных дзеяньняў было больш чым дастаткова. Мала таго, улада пастаянна правакавала апазыцыю на гвалт, бо разумела стратэгічную нявыгаднасьць аднабаковага ўжываньня сілавых мэтадаў: як чалавек з дыплёмам гісторыка, Лукашэнка цудоўна разумее, што зьбіцьцё, уціск, крымінальны перасьлед апанэнтаў, наагул кожны гвалтоўны ўчынак з боку ўлады рана ці позна трапляе ў падручнік. Але да 2010 году ніводнага нават гнілога памідору ў адпаведныя твары не паляцела. І толькі пасьля мінулых выбараў, правёўшы больш тонкую правакацыю, улада нарэшце атрымала гэтак патрэбную ёй 15-сэкундную карцінку для ТБ.

Безумоўна, падобнай жа карцінкі ўлады з надзеяй чакаюць і ад 2015-га, асабліва пасьля ўкраінскіх падзей. У ёй лёгка можна будзе схаваць падзеньне ўзроўню жыцьця. Восеньню 2015-га могуць адбыцца сур’ёзныя правакацыі. І няблага было б выпрацоўваць мэтады іх выяўленьня, лякалізацыі, хуткага рэагаваньня і спыненьня. Замест таго, каб падыграць гэтым правакацыям – адшукаць на кухні гранатамёт і спадзявацца на новых Маратаў Казеяў.

«Радыё Свабода»

8 августа 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…