+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

У Барысаве незалежную назіральніцу на выбарах вымусілі звольніцца з дзяржаўнай арганізацыі

49-гадовая Таццяна Шаўчэнкава адпрацавала 7,5 года у барысаўскім Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Падчас прэзідэнцкіх выбараў жанчына працавала незалежным назіральнікам ад кампаніі «Права выбару» — і гэта паставіла кропку ў яе працы на пасадзе сацыяльнага работніка.

«Заробак у мяне быў вельмі малы — 2,5 мільёны. Да таго ж я адна гадую дзіця. Матэрыяльна мне вельмі цяжка. Таму ў назіральнікі я фактычна пайшла па дзвюх прычынах. Па-першае, гэта адпавядала маім поглядам і перакананням. Па-другое, калі шчыра, то і падзарабіць, чаму не? Нічога ж супрацьзаконнага ў гэтым няма», — тлумачыць Шаўчэнкава.

Аднак такі ўчынак вельмі не спадабаўся кіраўніцтву барысаўскага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таццяну выклікалі да дырэктара і прапанавалі звольніцца па пагадненню бакоў.

«Прапанова была зроблена такім тонам, што было зразумела: калі не звольнюся, то потым будзе горш. Не напісала б я тую заяву, знайшлі б за што звольніць пасля. Дырэктарка сказала мне: «Вось ідзіце цяпер да іх, хай яны вас і кормяць». Але такой рэакцыі я не чакала, канечне. Я ведала, ў якой краіне жыву, але што будзе нешта такое… Я не думала. Была проста ў шоку, калі ўсё гэта здарылася», — кажа Шаўчэнкава.

На сённяшні дзень Таццяна шукае працу. У Барысаве сёння гэта ўвогуле няпроста – горад не вялікі. Да таго ж, па словах Шаўчэнкавай, дырэктарка Цэнтру Вольга Капыток запэўніла, што цяпер ў дзяржструктуры шлях для Таццяны закрыты.

«Я зараз у падвешаным стане. Калі шчыра, то і каментаваць штосьці баюся. Усё ж у мяне дзіця…», — прызнаецца Шаўчэнкава.

Былая начальніца Таццяны Вольга Капыток размаўляць з журналістамі адмовілася.

«А на якой падставе я павінна даваць вам інфармацыю? Калі Таццяна вам штосьці і сказала, то я ніякай інфармацыі не дам», — паведаміла Капыток.

«Наш Ніва»

 

12 ноября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…