+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

У Смаргоні зьніклі амаль тысяча галасоў за Караткевіч

Дадзеныя ЦВК і выніковых пратаколаў з участкаў розьняцца амаль на тысячу галасоў. Праваабронца Алесь Дзергачоў напісаў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць вінаватых у фальсыфікацыі выбараў да крымінальнай адказнасьці.

Дергачев

Паводле Алеся Дзергачова, згодна з інфармацыяй Цэнтральнай выбарчай камісіі, зьмешчанай на сайце, у Смаргонскім раёне за кандыдатку Тацяну Караткевіч прагаласавалі 887 выбаршчыкаў. Але толькі на 8 выбарчых участках, на якіх прысутнічалі незалежныя назіральнікі, за Караткевіч прагаласавалі, паводле афіцыйных выніковых пратаколаў участковых выбарчых камісій, ажно 1870 чалавек.

— Усе гэтыя лічбы былі агучаныя ў выніковых пратаколах выбарчых камісій. Мы іх нават сфатаграфавалі. Але тое, што зьявілася на сайце ЦВК, — мы ня можам паверыць. Напэўна, ніхто ня мог падумаць, што мы праверым гэтыя лічбы. Відавочна, што іх зьмянілі, толькі незразумела пакуль, на якім этапе. І гэта толькі на васьмі ўчастках, дзе дзяжурылі незалежныя назіральнікі. А ў раёне ўсяго 40 участкаў, зь іх 20 у горадзе.

Назіральнік Юры Кутузаў кажа, што на ўчастку, на якім ён дзяжурыў, Тацяна Караткевіч набрала найбольшую колькасьць галасоў. Лічбы былі афіцыйна паведамленыя, ён іх зафіксаваў. А таму цяпер у Кутузава няма ніякіх сумненьняў, што на сайце ЦВК зьявіліся сфальсыфікаваныя дадзеныя.

— У мяне на ўчастку агульная колькасьць бюлетэняў складала — 1925, выдадзена — 1488, за Караткевіч прагаласавалі — 401, за Лукашэнку — 877. Пасьля таго, як я пабачыў лічбы на сайце ЦВК, то ў мяне дагэтуль не праходзіць шок. Я да пачатку выбараў разумеў, што будзе нешта падобнае, але што такім нахабным чынам… Гэта папросту адкрыты зьдзек зь людзей.

Назіральнік Уладзімер Шульжыцкі распавядае, што на «ягоным» участку галасавалі пераважна людзі старэйшага ўзросту. Ён прыводзіць свае лічбы.

Уладзімер Шульжыцкі

— У мяне на ўчастку 278 галасоў аддалі за Караткевіч і 1012 за Лукашэнку. Відавочна, што фальсыфікацыя агульнараённых дадзеных магчымая, паколькі толькі на маім ўчастку, дзе пераважна людзі сталага веку, за Караткевіч прагаласавалі 278 чалавек. А каб па ўсім раёне толькі 887 чалавек за Караткевіч — лічбы нерэальныя.

Акрамя заявы ў пракуратуру раёну, Алесь Дзергачоў даслаў аналягічную па электроннай пошце ў ЦВК. Ён спрабуе высьветліць, на якім этапе (выбарчыя ўчасткі, раённая камісія, абласная ці ЦВК) зьдзейсьненая фальсыфікацыя, і патрабуе разгледзець пытаньне аб прыцягненьні вінаватых да крымінальнай адказнасьці.

«Радыё Свабода»

16 октября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…