+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

У Ждановіцкім сельсавеце не ведаюць пра зачынены музей Быкава

Дзень народзінаў Васіля Быкава…

Пяць гадоў таму мы распачалі збор подпісаў за тое, каб дзяржава годна ўганаравала славутага ва ўсім свеце беларуса. Чалавека, з імем якога шмат у каго з замежнікаў ды й нас, ягоных землякоў, асацыюецца сама Беларусь.

Больш за сто тысяч чалавек падпісаліся за тое, каб надаць адной з цэнтральных вуліц у Мінску і Горадні імя Быкава. Але няма ва ўлады павагі ні да народа, ні да нацыянальных геніяў. Да таго народа, які мае сваё меркаванне пра перспектывы развіцця краіны. Да тых асобаў, постацяў, якіх вертыкальшчыкі лічаць іншадумцамі. То бок сваімі ворагамі.

Вось і няма пакуль у сталіцы вуліцы ў гонар Васіля Ўладзіміравіча. Але бумерангам няма і народнай павагі да дзяржавы, якая не можа саступіць нават таму, хто сышоў, але застаўся на сваім падмурку Беларушчыны, на сваёй грамадзянскай вышыні. У каго свая, наша, а не «яго», не іхняя Беларусь.

Мертвым не баліць – пранізліва сказаў Быкаў.

Але больна нам. Мне.

І найбольш – найбліжэйшаму да Васіля Ўладзіміравіча чалавеку: жонцы, Ірыне Міхайлаўне. Я бачыла гэты боль і пакутлівы сум у вачах, калі раніцай гаварылі з ёй…

Быков_квартира-2

Паабяцала: распачатае некалі – не кінем. Разам даб’емся справядлвісці, дагрукаемся да праўды. Будзе і вуліца імя Быкава, будуць і помнікі яму…

Першая ластаўка ўжо ёсць: у Ждановічах адну з вулак назвалі імем Васіля Ўладзіміравіча.

Пабыла там. Паразмаўляла з тамтэйшымі, павіншавала іх з днём народзінаў слыннага беларуса, разам падумалі, як жыць далей.

Ждановичи_Быкова

Аднадушным было абурэнне: год таму адкрылі быкаўскі музей і ўмомант закрылі. Кажуць, на рамонт. І колькі ён будзе цягнуцца?

Па суседству вунь, у Драздах, з нуля ўсе тыя начальнікі, якім не баліць за Быкава, харомы сабе адбухалі! І грошы знайшліся, і будаўнікі… Не даміны нават – маўзалеі сапраўдныя! Толькі не ўвекавечыць вам сябе з такім стаўленннем да Беларусі, яе найлепшага сына. Ганьба…

Зайшла ў Ждановіцкі сельсавет і раптам уведала (вы не паверыце!): старшыня мясцовай улады пра тое нават і не чула! Пры мне пазваніла чалавеку, якога лічыла дырэктарам музея, а ён ужо на іншай пасадзе!

Заўважу: музей не працуе з кастрычніка. Як жа такое беспамяцтва стасуецца з пампезным святкаваннем 9 Мая, з тым, як рыхтуюцца адзначыць 22 чэрвеня?

Сказала і напісала у сельсавеце пра тое, што думаю з гэтай нагоды.

Там жа побач сустрэла яшчэ некалькі чыноўнікаў. Выслухалі, паківалі на верхніх начальнікаў.

А мне згадалася быкаўская «Воўчая зграя»…

Няма вінаватых?

Няпраўда. Ёсць.

І абеліск за грамадзянскія, ды й проста чалавечыя грахі ім не паставяць. Ніколі.

А Быкаву – будзе.

Таццяна Караткевіч, zapraudu.info

19 июня 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…