+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Валер Карбалевіч. Крамлёўская прапаганда — ад Курыл да Берасьця

Міністэрства інфармацыі Беларусі і Міністэрства сувязі і масавых камунікацыяў Расеі зьбіраюцца ствараць агульную інфармацыйную прастору Саюзнай дзяржавы. Пра гэта яны дамовіліся ў Магілёве на мэдыяфоруме. Кампанія «Гавары праўду» адразу ж выступіла супраць і запатрабавала ад уладаў вярнуць кантроль над інфармацыйнай прасторай Беларусі.

информационное пространство

Праблема сапраўды даволі актуальная. Беларусь жыве ў расейскай інфармацыйнай прасторы. Тэлеканалы РФ дамінуюць у Беларусі. Менавіта яны найбольш уплываюць на беларускую масавую сьвядомасьць. Пра гэта сьведчаць сацыялягічныя апытаньні. Напрыклад, па пытаньні ўкраінскага крызісу большасьць беларусаў падзяляюць той пункт гледжаньня, які прапануюць не беларускія, а менавіта расейскія тэлеканалы.

Ці больш сьвежы прыклад. Расея актыўна выкарыстоўвала сьвяткаваньне Дня Перамогі дзеля канструяваньня імпэрскага міту, імпэрскай ідэалёгіі, прапаганды вялікадзяржаўнага шавінізму, апраўданьня сваёй агрэсіўнай замежнай палітыкі. У Беларусі ж ідэалягічны зьмест адзначэньня гэтага сьвята больш стрыманы.

І гэтая сытуацыя стала пэўным выклікам, праблемай для беларускіх уладаў. Рэжым Лукашэнкі страчвае мэханізм кантролю над масавай сьвядомасьцю беларускага грамадзтва. Тутэйшыя тэлеканалы не вытрымліваюць канкурэнцыі з расейскімі.

Гэта накладваецца на, скажам мякка, своеасаблівую (ня буду ўжываць слова «слабую») нацыянальную ідэнтычнасьць. Плюс крах беларускай сацыяльнай мадэлі, які хутка стане відавочны для большасьці беларусаў. Гэты працэс ужо сёньня выліваецца ва ўяўленьні пра слабога Лукашэнку і моцнага Пуціна. А як Беларусь перажыве выпрабаваньне ня толькі сацыяльна-эканамічным, але і ідэалягічным крызісам, які хутка набліжаецца? Бо беларускую масавую сьвядомасьць чакае нешта падобнае да таго, што было на пачатку 1990-х гадоў, пасьля краху СССР.

Чаму ж беларускія ўлады так спакойна назіраюць за гэтым працэсам, падпісваюць дакумэнты аб стварэньні агульнай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы? Думаю, існуе некалькі прычын такой індыфэрэнтнасьці.

Па-першае, падпісаньне яшчэ адной паперы нічога прынцыпова не мяняе. Фактычна плян стварэньня агульнай інфармацыйнай прасторы проста фіксуе статус-кво. І ня больш за тое.

Па-другое, беларускія ўлады лічаць, што дамінаваньне тут расейскіх мэдыяў не нясе ім непасрэднай пагрозы. Пра патэнцыйную пагрозу ніхто ня думае, жывуць сёньняшнім днём. Да таго ж, мяркуючы па ўсім, Лукашэнка і ягонае атачэньне ня верыць, што краіна ўступіла ў пэрыяд сыстэмнага крызісу. Думаюць, што неяк выкруцяцца. Тым больш, што народ не праяўляе ніякіх прыкмет нецярпеньня.

Па-трэцяе, афіцыйны Менск ня хоча псаваць дачыненьні з Масквой. А любыя абмежаваньні трансьляцыі расейскіх СМІ ў Беларусі, відавочна, выклічуць незадаволенасьць Расеі з усімі магчымымі наступствамі.

Па-чацьвёртае, улады асьцерагаюцца негатыўнай рэакцыі беларускага насельніцтва, асабліва лукашэнкаўскага электарату, які прызвычаіўся глядзець расейскія тэлеканалы. Адключэньне ад наркотыку (у дадзеным выпадку прапагандысцкага), як вядома, выклікае «ломку».

Па-пятае, сёньня шал і зацятасьць расейскай прапаганды па ўкраінскім пытаньні выгадныя Лукашэнку. Бо ствараюць спрыяльны для яго палітычны і ідэалягічны фон. Ужо паўтара года кіраўнік Беларусі дасылае народу мэсэдж: заробкі, дабрабыт — не галоўнае, важна, каб у Беларусі былі мір, спакой, парадак і бясьпека. І паказвае пальцам на Ўкраіну. Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў паказалі: гэты канцэпт працуе. Як казала бабуля з Дрыбіна ў адной з нашых перадач, тое, што ніхто нас не бамбіць, гэта толькі яго заслуга. А хто пужае беларусаў крывавым Майданам, бандэраўцамі і вайной на Данбасе? Правільна, расейскія тэлеканалы. Дык няхай вяшчаюць.

«Радыё Свабода»

14 мая 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…