+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Віталь Цыганкоў: «Спроба Статкевіча і Някляева утварыць важкі цэнтар апазыцыі была ня ўдалай»

Які ўплыў на працэсы ў апазыцыі акажа Беларускі нацыянальны кангрэс, які прайшоў у Менску у нядзелю?

nackangres150520169

Карбалевіч: У нядзелю 15 траўня шэраг лідэраў апазыцыі правялі ў парку Янкі Купалы Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК). Арганізатарамі яго сталі Мікола Статкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Генадзь Фядыніч. Гэта палітыкі, пра якіх казалі, што яны ня маюць значных структураў. Большасьць апазыцыйных арганізацый не падтрымалі гэтую ідэю.

Улады не далі памяшканьня для гэтага мерапрыемства, у выніку яго правядзеньне ў цэнтры гораду дазволіла яго арганізатарам атрымаць дадатковыя піяраўскія дывідэнды.

Здавалася б, нічога незвычайнага. Група апазыцыянэраў правяла сваё мерапрыемства. Праблема, аднак, палягае ў тым, што гэтая група прэтэндуе на тое, каб гаварыць ад імя ўсіх дэмакратычных сілаў, усёй апазыцыі. У рэзалюцыі, прынятай на гэтым сходзе, запісана: «лічыць Беларускі нацыянальны кангрэс стала дзейным аб’яднаньнем дэмакратычных сілаў Беларусі». Створаны кіроўны орган апазыцыі — Рада кангрэсу. Мікола Статкевіч апэлюе да рэгіянальных структураў тых партыяў і арганізацыяў, якія не далучыліся да кангрэсу праз галовы іх кіраўніцтва. Маўляў, партыйны актыў падтрымлівае кангрэс, а толькі лідэры — супраць. Больш таго, ёсьць імкненьне арганізатараў манапалізаваць прадстаўніцтва апазыцыі ў камунікацыях з заходнімі структурамі.

І гэтая сытуацыя можа выклікаць новыя жарсьці і супярэчнасьці ў апазыцыйным асяродзьдзі, калі лідэры партый пачнуць актыўна абвяргаць гэтую манапалізацыю. Тады кангрэс, сэнс якога палягаў у аб’яданьні дэмакратычных сілаў, можа стаць, наадварот, інструмэнтам дадатковага разьяднаньня, супярэчнасьцяў у апазыцыі. Сэнс гэтага канфлікту палягае ў змаганьні за лідэрства ў апазыцыйным асяродзьдзі.

Яшчэ адзін пункт супярэчнасьцяў. БНК лічыць, што павінен быць адзіны сьпіс дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў у плату прадстаўнікоў. У адной акрузе павінен быць адзін кандыдат ад апазыцыі. А іншыя партыі, якія ня ўдзельнічаюць у кангрэсе, з гэтым нязгодныя. Яны мяркуюць, што гэта ўвогуле няважна, бо выбары несапраўдныя, таму чым больш кандыдатаў будзе ўдзельнічаць у агітацыі, тым лепш.

Дракахруст: Я з вамі не пагаджуся наконт вашага меркаваньня аб важнасьці гэтага мерапрыемства. Гэта абумоўлена шэрагам структурных асаблівасьцяў гэтай акцыі.

Яна адбывалася ў неспрыяльных, нязручных умовах. Адмова ім у залі для сходу была парушэньнем свабоды сходаў, асацыяцыяў — фактычна ўлады не далі магчымасьць гэтым людзям арганізаваць тое, што яны хацелі. Але гэта паўплывала на вагу таго, што атрымалася ў выніку. Магчыма, арганізатары гэтай акцыі яшчэ зробяць пэўныя крокі, але мы з вамі, калегі, прысутнічалі на шэрагу такога кшталту мерапрыемстваў, і ведаем, што калі яны праводзяцца ў спрыяльных умовах, то ёсьць мандатная камісія, якая правярае паўнамоцтвы дэлегатаў, іх прадстаўнічасьць. Зразумела, да сходу ў парку такія крытэрыі не падыходзяць, гэта ўсё адбывалася ў вельмі кароткі тэрмін.

Але ўзьнікае пытаньне: каго прадстаўляюць гэтыя людзі? Тым больш заклік быў такі: прыходзьце дэлегаты і прыходзьце ўсе, хто хоча. Гэтая акцыя нечым нагадвае падобную акцыю летась падчас выбараў, калі Ўладзімер Някляеў казаў: прашу ўсіх прысутных лічыць сябе чальцамі майго руху. І рух Някляева стаў большы на некалькі соцень чалавек. Мне здаецца, у гэтай сытуацыі шмат у каго, у тым ліку і ў заходніх партнэраў, узьнікне такое пытаньне: каго прадстаўляюць тыя людзі, якія сабраліся, і ці прадстаўляюць яны кагосьці? Якія ёсьць паперы, дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх паўнамоцтвы, кім яны былі дэлегаваныя? Пакуль пра гэта не было нічога заяўлена. Была заяўлена агульная рэзалюцыя.

Думаю, што роля гэтай акцыі будзе меншая, чым яе арганізатары меркавалі, менавіта з гэтых структурных момантаў. Бо я, напрыклад, не пачуў адказу, каго прадстаўляюць гэтыя людзі, якія сабраліся і прагаласавалі за гэтыя рэзалюцыі, за ўтварэньне гэтага стала дзейнага органа. Магчыма, гэта будзе орган гэтых некалькіх ці адной сотні людзей, якая сабраліся ў парку Купалы. Вельмі добра, хай будзе шмат грамадзкіх арганізацыяў, хай будзе і аб’яднаньне гэтых людзей. Але прэтэндаваць на тое, што гэтае ўтварэньне прадстаўляе ўсю Беларусь ці хаця б усю апазыцыйную Беларусь, няма падставаў.

Цыганкоў: Я ўчора папрысутнічаў на гэтым мерапрыемстве. Не магу сказаць, што гэта дае мне нейкія асаблівыя магчымасьці для меркаваньня, але асабістымі ўражаньнямі магу падзяліцца. Дэлегаты кангрэсу мелі карткі, бэджы ўдзельніка кангрэсу, і калі яны галасавалі, то падымалі гэтыя бэджыкі. Ці шмат там было мінакоў, людзей, якія не прымалі ўдзел?

Акрамя журналістаў і міліцыі такіх асобаў амаль не было. Фактычна кожны, хто прысутнічаў, меў гэтую картку ўдзельніка. Канешне, іншае пытаньне, наколькі гэта былі проста людзі, якія захацелі прыйсьці, ці яны былі неяк абраныя на рэгіянальных сходах. Хутчэй за ўсё тыя, хто прыйшоў, пажадалі стаць удзельнікамі гэтага кангрэсу.

Сам глыбокапаважаны Мікола Статкевіч у сваім допісе ў Фэйсбуку напісаў пра трыста чалавек. Пры любой ацэнцы немагчыма так сказаць. Тых людзей, якія падымалі гэтыя карткі, было хутчэй за ўсё 50, 70, ну ніяк ня больш за 100.

Мне таксама кінулася ў вочы, што кіраўнікі і актывісты іншых апазыцыйных сілаў, якія вырашылі не далучацца да гэтага кангрэсу, паказальна і наўмысна не прыйшлі на гэтае мерапрыемства. Яны маглі б быць недзе побач, прыйсьці, пасядзець на лаўцы, паказаць, што ім гэта цікава. Не — ні вакол помніка Купалы, ні ўвогуле ў сквэры я ня ўбачыў нікога — ні кіраўнікоў партыяў, ні шараговых прыкметных актывістаў, якіх я ведаю ў твар. Партыйная дысцыпліна і рашэньне праігнараваць кангрэс з боку іншых апазыцыйных структур былі вытрыманыя жорстка.

Арганізатары гэтага кангрэсу — Статкевіч і Някляеў — казалі, што ў рэгіёнах адбывалася найбольшая падтрымка ідэі гэтага кангрэсу. Зноў-такі некалькі рэгіянальных палітыкаў я сустрэў, але і сама колькасьць удзельнікаў кангрэсу паказала, што гэта была занадта аптымістычная ацэнка. Нават некалькі дзясяткаў чалавек з рэгіёнаў не прыехала.

У любым выпадку спроба Статкевіча, Някляева і Шушкевіча, які таксама выступаў там і уваходзіў у лік арганізатараў, утварыць нейкі альтэрнатыўны ці больш важкі цэнтар апазыцыйнай сілы, пакуль атрымалася ня вельмі ўдалай.

«Радыё Свабода»

17 мая 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…