+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Вольга Абрамава: «Гэта будзе апошні тэрмін Лукашэнкі, а Караткевіч і Дзьмітрыеў пройдуць у парлямэнт»

— У якасьці палітоляга і дзейнага палітыка вы назіралі за многімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Якія стратэгічныя адрозьненьні гэтай кампаніі ад папярэдніх?

— Самае галоўнае — гэта тыя наступствы, той фон, які дасьць вынік у выглядзе нізкай яўкі. Альгарытм ранейшых выбараў быў такі, што ў момант заканчэньня збору подпісаў выбаршчыкі ўжо ня толькі ведалі кандыдатаў, але і вызначыліся, за каго будуць галасаваць. У любым месцы збору людзей, на рынках, у паліклініках, на загарадных прыпынках электрычак людзі літаральна «кашулі рвалі» за свайго кандыдата. Цяпер гэтага няма.

Я шмат ежджу грамадзкім транспартам і часам нават ініцыюю сацыяльныя і палітычныя дыскусіі, задаю пачатак абмеркаваньня, а потым зьбіраю інфармацыю. Настроі відавочныя. Сацыёлягі кажуць, што будзе вялікая яўка. Яе ня будзе. Ад вясны ў электрычках амаль зьнікла тэма Ўкраіны. Гэта фонавы, але стратэгічна важны момант. Гэтая тэма аказалася надта траўматычнай, псыхіка просіць спакою. Затое сацыяльныя тэмы ідуць «на ўра», і ўсе крытыкуюць уладу. Лаюць і за тое, што зьнялі мноства зручных электрычак («эканомяць на нас, пэнсіянэрах, а самі жыруюць»), і за рашэньне вярнуцца да ранейшай сыстэмы продажу сьпіртнога — кажуць, што ўлада дзеля грошай спойвае моладзь. Ніводнага разу сёлета ня чула, каб уладу за нешта пахвалілі. Адзінае, што чула — «ён цар, яму і рашаць».

Гэта ня значыць, што вынік у канцы выбараў будзе іншы. Але важна, што яўка будзе іншая, у атмасфэры, калі апатыя дамінуе над нездавальненьнем.

Так, улады агучаць нейкі вынік. Але ж міжнародныя назіральнікі будуць бачыць яўку, і на аснове гэтай інфармацыі, якую яны перададуць у свае структуры, і будуць будаваць адносіны зь беларускай уладай. Здымаць Лукашэнку з пасады нявыгадна ніводнаму з бакоў, а вось атрымаць ад яго нешта — бяз масавай падтрымкі насельніцтва будзе значна лягчэй. Выходзіць, што ўладным паліттэхнолягам давядзецца моцна падумаць, як знайсьці спосабы мабілізацыі людзей.

— Ці азначаюць гэтыя вашы назіраньні, што вы выступаеце за байкот ці няўдзел? Ці той варыянт удзелу, які выбрала тая частка апазыцыі, якую прадстаўляе прэтэндэнт Караткевіч — таксама мае права на існаваньне?

— Вядома, у палітыцы прысутнічаюць розныя інтарэсы, але толькі дзеяньні даюць нейкі вынік. Бязьдзеяньне таксама часам дае вынік, але ім карыстаюцца, як правіла, іншыя. Дарэчы, на няяўку будуць працаваць і скандалы ўнутры апазыцыі — любыя скандалы зьніжаюць яўку. І я нават ня ведаю, ці пралічана гэта самімі апазыцыянэрамі, ці не.

— Наколькі паліттэхналягічна правільна пабудаваны вобраз Караткевіч? Як бы вы яго ацанілі на сёньняшні момант?

— Я б яго ацаніла на моцную чацьвёрку (па пяцібальнай шкале). Тое, што выбудоўваецца ў пляне іміджу — робіцца даволі правільна. Для Беларусі арганічны цэнтрызм, для большасьці насельніцтва. Людзі лёгка прымуць сацыял-дэмакратычную ці сацыял-лібэральную ідэалёгію. Так гістарычна склалася сыстэма базавых каштоўнасьцяў, якіх прытрымліваецца большая частка насельніцтва.

Тое, што зроблена камандай Караткевіч — выдатна ўкладваецца ў запатрабаваньні большасьці. Вылучылі жанчыну маладую, прывабную, без нэгатыўнага бэкграўнду, бо яна нікому не вядомая. А новае — гэта заўсёды пэўным чынам прываблівае, і яе вобраз кожны можа напаўняць пазытывам. Не забудзьцеся пра 7 працэнтаў фэміністак (гэтая лічба доўгія гады не мянялася) — гэта тыя, хто, паводле апытаньняў, заўсёды быў гатовы галасаваць за жаночую партыю «Надзея». Гэта патэнцыйны электарат Караткевіч, які гатовы галасаваць за яе проста па факце, што яна жанчына.

— У сацыяльных сетках ужо гучаць меркаваньні ў стылі «непрыгожа, калі чацьвёра мужчын накінуліся на жанчыну». Ці жанчына павінна быць роўнай у палітыцы незалежна ад гендэрнага статусу, ці для яе могуць быць нейкія паслабленьні?

— Не, ніякіх паслабленьняў быць не павінна. Як казаў мой настаўнік Аркадзь Вольскі — «у палітыцы няма мужчын і жанчын, у палітыцы ёсьць толькі палітыкі». Калі ты пайшоў у гэтую сфэру, то ты разумееш, на што ідзеш. Ты зрабіў гэты выбар сам, таму зрабі ласку трымаць удар. Я лічу, што прасіць палёгкі на тое, што кандыдат — жанчына, ня варта.

Пасада прэзыдэнта ў наш час патрабуе высокай псыхалягічнай устойлівасьці. Прабачце, тут кандыдата варта праверыць з усіх пунктаў гледжаньня. Але калі абвінавачаньні гучаць як хамства, то тут ня важна, мужчыну ці жанчыне яны прад’яўляюцца.

І, вядома, нельга скідаць з рахункаў факт здрадніцтва. Напрыклад, паводзіны БНФ, які ўдзельнічаў у кааліцыі «Народны рэфэрэндум», я магу кваліфікаваць толькі як здрадніцтва. Дакладна так, як Алег Трусаў і кампанія здрадзілі ў свой час Карпенку. Такія рэчы павінны ацэньвацца па-іншаму, і ёсьць пэўныя межы, якіх пераходзіць нельга.

— Якая будучыня ў праекту «Караткевіч», як вы яе бачыце — і асабіста для яе, і для кампаніі «Гавары праўду»?

— Тацяна Караткевіч абазначыла сама свае інтарэсы. Гэта ўдзел у беларускай рэальнай палітыцы. Гэта гатоўнасьць прыняць прапанову выканаўчай улады ў інтарэсах тых каштоўнасьцяў і той стратэгіі, якую вылучае яе арганізацыя. Таму відавочна, што яна будзе ўдзельнічаць у наступнай парлямэнцкай кампаніі, гэтага і не хаваюць яе паплечнікі.

Я думаю, што і Караткевіч, і Дзьмітрыеў будуць у будучым парлямэнце. Іх не ўвядуць туды за ручку, улада проста ня будзе гэтаму супраціўляцца. Бо сёньняшні этап разьвіцьця палітычнай сыстэмы Беларусі патрабуе зьяўленьня ў парлямэнце людзей з памяркоўна апазыцыйнымі поглядамі. Яны пройдуць туды самі, зьбяруць каманду, плаціць за ўсё будуць самі — але ўлада ня будзе аказваць ім шалёнага супраціву.

— Адкуль у вас такая ўпэўненасьць? У гісторыі Беларусі ўжо неаднаразова былі моманты, калі апазыцыі і Захаду рабілі намёкі, што ў парлямэнт прапусьцяць апазыцыянэраў. Але потым улада падманвала, «кідала». Чаму зараз павінна быць па-іншаму?

— Магчыма, я і памыляюся, бо досьвед нашых выбараў не такі вялікі. Але некаторая цыклічнасьць назіраецца. Бываюць пэрыяды жорсткасьці ўлады, калі яна асьцерагаецца ініцыяваньня апазыцыяй народных хваляваньняў, а бываюць пэрыяды пэўнай лібэралізацыі. Цяпер, з улікам міжнароднага кантэксту і таго, што ўлада вельмі хоча наладзіць адносіны з Захадам, пэўная колькасьць іншадумцаў можа зьявіцца ў наступным парлямэнце.

— А як гэта адаб’ецца на беларускай апазыцыі? Ці адбудзецца канчатковы падзел яе на апазыцыю больш радыкальную і больш памяркоўную, згодную на кампрамісы з уладамі?

— Дык гэта ўжо адбываецца. Лукашэнка ня проста так выпускаў Статкевіча. Усе іншыя довады — праваабаронцы, Захад — я прыбіраю, я пакідаю толькі тое, што мае ўнутрыпалітычны сэнс. Цяпер фактычна адбываецца сэпарацыя апазыцыі — тое, што патрабавала б месяцаў, цяпер ідзе за тыдні. У нашай гісторыі ўжо бывала, калі адбывалася зьяўленьне радыкальнага ядра апазыцыі, якое самаізалявалася ад асноўнай часткі. Яно пачынала паводзіць сябе з выклікам і абвінавачваць усіх іншых у згодніцтве.

І радыкалізм сам сябе заганяў у гета. Беларусы ў большасьці не падтрымліваюць радыкальную лінію, у якой толькі 10–12 працэнтаў прыхільнікаў. І пашырыць гэтую зону немагчыма — бо на перашкодзе стаіць нацыянальны характар. Правільней было б уплятаць свае інтарэсы ў інтарэсы значнай часткі народу праз ідэю «малых спраў» — грамадзянскія ініцыятывы і пэтыцыйныя кампаніі. Доўгі шлях, але ён адаптуе грамадзтва да таго, што апазыцыя можа абараняць ягоныя інтарэсы.

— Вы прааналізавалі наступствы ўдзелу Караткевіч у выбарах для яе самой і яе кампаніі. Але якія наступствы для краіны, для палітычных пераменаў? Улада раней рэагавала на «мэсыдж» адзіных кандыдатаў, бо яны прадстаўлялі значную частку грамадзтва. Але ці будзе ўлада хоць неяк рэагаваць на Караткевіч — бо невядома, наколькі яна прадстаўляе нават апазыцыйны электарат?

— Цяпер ад апазыцыі мала што залежыць у гэтым дачыненьні. Для часткі людзей Караткевіч будзе альтэрнатывай. Пытаньне ў тым, што яна прад’явіць, акрамя агульных словаў. Узьдзеяньне пэўнае на ўладу будзе. На краіну гэта зробіць уплыў у тым сэнсе, што, сапраўды, упершыню кандыдат — жанчына, якая не баіцца быць вярхоўным галоўнакамандуючым.

Уплыў самога яе вылучэньня — ён не стратэгічны. А вось далейшыя крокі — калі такія людзі, як Караткевіч, будуць прадстаўленыя ў парлямэнце, дзе здолеюць стварыць нейкую групу, — гэта даволі значна. Бо, на мой погляд, наступны тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі будзе для яго апошнім. Прычым не ў трагічным сэнсе. А ў тым, што, я мяркую, ён прыйдзе да высновы, што сілы людзкія не бясконцыя. Лёс узьнёс яго вельмі высока, але і дасталася яму вельмі моцна.

І аптымальным варыянтам для яго было б вярнуцца да таго, што я сама калісьці яму прапанавала — перайсьці да парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі. Будзем спадзявацца, што гэта будзе зроблена. Бо пакідаць такую абсалютную прэзыдэнцкую ўладу нават пераемніку, якому цалкам давяраеш, — гэта небясьпечна.

«Радыё Свабода»

2 сентября 2015

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…