+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

«Я вас ведаю. Вы былі кандыдатам у прэзыдэнты»

Напачатку чэрвеня лідары «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў сустрэліся з працаўнікамі Жлобінскай птушкафабрыкі. Нагодай сустрэчы стала занадта цяжкое эканамічнае становішча прадпрыемства і стаўленне яго кіраўніцтва да праблем людзей.

Жлобин3

Птушкафабрыка працуе з 1931 году. Уваходзіла ў склад дзяржаўнага абʼяднаньня «Белптушкапрам», а з 2010 году, пасьля яго рэарганізацыі, уласьнікам і заснавальнікам прадпрыемства стаў Жлобінскі мясакамбінат. Ён, у сваю чаргу, уваходзіць у склад холдынгу «Гомельская мяса-малочная кампанія». Кіраўніцтва холдынгу ад камэнтароў наконт сытуацыі на птушкафабрыцы адмовілася — да «прыняцьця канчатковага рашэньня».

У 2010 годзе птушкафабрыка заключыла кантракт на пакупку імпартнага абсталяваньня для цэху забою і перапрацоўкі птушкі. Яго закупілі за валютны крэдыт і паставілі на прадпрыемства ўвосень 2011 года. Праз год яго знайшоў там мясцовы дзяржкантроль. Абсталяваньне не было сабранае, не выкарыстоўвалася, і на яго не сплацілі мыта.

Кіраўнікі птушкафабрыкі тады патлумачылі, што абсталяваньне проста няма куды паставіць — цэх не адпавядае тэхналягічным парамэтрам, а новага яшчэ не пабудавалі. Жлобінскі камітэт дзяржкантролю ад камэнтароў адмовіўся, а самі работнікі не прыпомняць, каб хтосьці з кіраўніцтва быў хоць як-небудзь пакараны. Некаторыя дырэктары затрымліваліся на птушкафабрыцы ўсяго па некалькі месяцаў.

Сёлета 1 сакавіка спынілі працу рэзьніцкага цэху. У адказе Камітэту дзяржаўнага кантролю на запыт работнікаў пішуць, што гэта адбылося «з-за неадпаведнасьці да ветэрынарна-санітарных патрабаваньняў, а таксама праз знаходжаньне дадзенага прадпрыемства ў санітарна-ахоўнай зоне ААТ „БМЗ“ ды паблізу жылой забудовы н.п. Саланое».

Сама птушкафабрыка на мяжы закрыцьця, людзі там атрымліваюць па 300 тысяч. Дзьве траціны калектыву ўжо звольненыя. Як паведамілі ў Жлобінскім камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаваньні, раней там працаваў 151 чалавек.

Работнікі птушкафабрыкі выклікалі да сябе Тацьцяну Караткевіч, каб распавесці пра сітуацыю і папрасіць дапамогі, бо на прэзідэнцкіх выбарах «галасавалі за яе»

«Я 10 год тут прапрацавала, аніводнага бальнічнага, аніводнага прагула. І мяне вось так на вуліцу?!»

«З траўня трынаццаць чалавек выгналі з забойнага. Муж атрымаў 3 мільёны. У мяне трое дзяцей. Мне нават „на каравай“ няма чаго пакласьці, у дачкі вясельле зараз!»

«Я тут працую з 86 года! Усё жыцьцё! Мне два гады да пэнсіі. Мы згодныя ў Жлобіне на любую працу, разумееце? Наша фабрыка квітнела калісьці. Усё было! Я ж не прэтэндую ў кантору. Я ўсё жыцьцё птушніцай працавала. Я дворнікам пайду, мне трэба два гады да пэнсіі недзе перабыць. Што мне, дзецям на плечы сесьці?»

Такіх гісторый жанчыны, якія сталі галоўнымі ахвярамі крызісу на птушкафабрыцы, на сустрэчы з лідарамі «Гавары праўду» распавядаюць дзясяткамі.

Жлобин2

Потым усе разам пайшлі да дырэктара на размову.

Дырэктар птушкафабрыкі Васіль Клімянок на просьбу працоўных пра гутарку, размаўляць зь імі не захацеў і загадаў пакінуць свой кабінэт. Паміж ім і Таццянай Караткевіч адбыўся кароткі дыялог:

«Я вас ведаю. Вы былі кандыдатам у прэзыдэнты».

«Была. І застаюся»

«Ён з намі так заўжды абыходзіцца», — кажуць жанчыны Караткевіч і Дзьмітрыеву. Працягваць працоўныя стасункі з тымі, у каго скончыліся кантракты, уласьнік птушкафабрыкі — Жлобінскі мясакамбінат — ня стаў.

Звольненыя людзі скардзяцца, што разьлічвалі на працяг кантрактаў. Працу ў Жлобіне знайсьці вельмі цяжка і патрабуюць хаця б кампэнсацыі. У выканкаме спасылаюцца на тое, што людзям прапанавалі працу ў падпарадкаваных мясакамбінату сельскагаспадарчых прадпрыемствах, і нават абяцаюць вазіць іх сваім транспартам. Але людзі кажуць, што гэта не адпавядае рэчаіснасці.

Жлобин4

Каб эфектыўна адстойваць свае правы, Тацьцяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў параілі працоўнікам птушкафабрыкі для пачатку пісаць заяву ў прафсаюзную арганізацыю, аб’яднацца для абароны сваіх інтарэсаў і спрабаваць вылучыць «свайго» кандыдата ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах.

«Радыё Свабода»

16 июня 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…