+375 17 209-48-04

+375 25 512-05-97

info@zapraudu.info

Як і знакавую літару “Ў”, мову нашу можна нават спаганіць на час, аднак немагчыма знішчыць…

Ну што, “полацкі менталітэт”, пра які настойліва казаў Уладзімір Арлоў, — перамог: 1 верасня адрэстаўраваны помнік беларускай літары “У нескладовай” быў нарэшце афіцыйна “прэзентаваны” ўладамі. Адмыслова да Дня ведаў.

CF2579B6-3C6E-4CA4-93A3-A30C54B4898E_w987_r1_s

Аднак далёка-далёка не ўсе ведаюць або памятаюць, чаму спатрэбілася тое аднаўленне і чаго яно каштавала. Урэшце — што стаіць за гэтай малазаўважанай грамадскасцю падзеяй?

У мяне ёсць свае дачыненні з ёй, таму і згадваю пра перамогу “полацкага менатлітэту”: усё гэта заслугоўвае асобнай размовы.

Пачалося ўсё ў верасні 2003 года падчас святкавання юбілейнага, дзясятага Дня беларускага пісьменства — менавіта тады на бульвары Францыска Скарыны з’явіўся хіба ці не самы незвычайны беларускі помнік 22-й літары нашага альфабэта. А пазалетась здарылася цьмяная гісторыя, якую адны трактавалі актам мэтанакіраванага вандалізма, а іншыя — звычайнай неасцярожнасцю. То бок нехта адмыслова ці выпадкова “скалечыў” радкі Рыгора Барадуліна: “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет

Каб тое здарылася ў суседніх Польшчы ці Літве, то пакуль бы шукалі вінаватых, улады б папросту ўмомант ўзяліся за рамонт. Таму што помнік з шэрагу ўнікальных — яго немагчыма абыйсці! А хіба адміністрацыя не зацікаўлена ў турыстах і ў гарадскім патрыятызме?

Аднак у нас “свой путь, нам цивилизованные не указ”.

І пачалася звычайная бюракратычная валтузня. Даўжынёй у два гады — ці не найгоршая ілюстрацыя адносінаў чыноўніцтва да культуры, выхавання нацыянальнай годнасці, патрыятызму?..

А вось грамадская эліта Полацка адразу забіла ў званы. Суполка Таварыства беларускай мовы паслала запыт у гарвыканкам, у адказ — няма сродкаў. Патрабавалася нямала: 80 мільёнаў, бо адліты з адмысловага матэрыялу падмурак не падлягаў аднаўленню. Аднак калі ўдумацца — то цалкам пасільная “ноша” для такога багатага рэгіёна, як Полацк-Наваполацк…

Аднак чыноўнікі неяк зусім ціхенька абвясцілі пра грамадскі збор сродкаў на рэканструкцыю. Пры гэтым чамусьці не парупіліся пра галоснасць гэтай ідэі — банкаўскія рэквізіты ведалі фактычна толькі самі бюракраты! І спатрэбіліся дзесяткі зваротаў актывістаў у розныя інстанцыі, каб з той гарвыканкамаўскай паперы знялі грыф сакрэтнасці.

Вось і думай: што за гэтым хавалася? Сорам? Таемны супраціў? Але пры любым раскладзе аднаўленне расцягнулася на гады…

Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі я двойчы была ў Полацку і кожны раз ставіла гэтыя пытанні перад уладамі, падтрымлівала высілкі грамадскасці. Абяцалі прыслухацца — але словы тыя заставаліся “цацанкамі”…

Кажуць: праз помнікі ажывае гісторыя… Дык вось раней Полацку была славутая беларускамоўная 7-я школа (цяпер 1-я гімназія), былі іншыя школы і садкі, дзе навучалі дзетак па-беларуску… Вынік: адсюль выйшлі вядомыя ўсёй Беларусі знаўцы матчынай мовы, нашай культуры, гісторыі — Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Вінцэсь Мудроў, Алесь Аркуш, Лера Сом…

Ну а ў час змагання за аднаўленне “У нескладовага” — ужо аніводнай беларускамоўнай школы, аніводнага беларускага садка… Выпадкова? Не, лагічна.

І так па ўсёй Беларусі. У тым ліку і ў нашай Курасоўшчыне. Вось табе і “цэнтр Еўропы”… Сітуацыю трэба мяняць. У тым ліку і праз адпаведныя законы, якія мусяць прыняць новыя дэпутаты.

Учора на пікеце падыйшла супрацоўніца Тэатра юнага гледача: “Цалкам згодная з вашымі прапановамі наконт выратавання беларускай мовы. Бо гэта жах: дзеткі прыходзяць на спектаклі, але сярод іх усё больш і больш тых, хто не разумее мовы — тады сьмяюцца ды папкорн трушчаць…”

І гэта сумна сімвалічна: НЕ складваецца ў цяперашняй “вертыкалі” з нацыянальнай культурай, з роднай мовай. Тое — НЕдапушчальна.

Я казала гэта чыноўнікам, а ў адказ чула: “А чаму вы толькі да нашага сумлення грукаецеся? Гляньце: паспяшаліся скідывацца полацкія грамадзяне на рамонт? Што да інтэлігенцыі, пра якую вы кажаце, то гэта ж эліта — усяго купка…”

Толькі рукамі развесці і засталося.

Бо нават калі толькі купцы інтэлігенцыі патрэбна дамагацца справядлівасці, усё роўна — заўтра іх зразумее і ацэніць паспаліты люд. Так было і будзе надалей.

А вось ці паразумнее, ці падымецца ўлада?

Ну так, 1 верасня яна адкрыла адноўлены помнік “Ў”. Што — мо гэта пачатак перамен і тут?

Дык а хто вам сказаў, што ва ўладзе спрэс дурні? Не, зусім не так! Іншая рэч — там у кабінетах пакуль не беларуская, а нейкая пруская, фрыдрыхаўская чыноўніцкая армія, для якой галоўнае — чакаць загад і маршыраваць па статуту…

Пакуль “указіўкі” няма, у Гародні — гістарычным і культурным цэнтры беларускасці — баль ладзіцца тымі, каму бліжэй не яе пеставанне, а выкараненне. Ідзе проста планамернае вынішчэнне нацыянальнага. Тое самае і ў Полацку.

Таму, дарэчы, і нарадзілася версія, што знак быў пашкоджаны не з-за чалавечай неахайнасці, а з-за людской гнюснасці — наўмысна… Версія страшная ужо толькі з-за разумення падставаў, паводле якіх і нарадзілася…

Пад гэтыя развагі і маё тлумачэнне таго, што жыхары не надта шчыравалі з ахвяраваннямі на аднаўленне “Ў”: спадары чыноўнікі, сапраўды тое сэрцам патрэбна было найперш інтэлігенцыі, а рэшце — з большага не балела…

Аднак гэты менавіта вы давялі яе да такога стану! Бо ў паспалітым людзе вельмі доўга выбівалася павага да мінулага і веда пра гэтае мінулае — вось адсюль і абыякавасць. Часта і з боку магчымага дворніка (калі ўсё ж сапраўды выпадкова скалоў знакі)… 

І нарэшце мая ацэнка першавераснёўскаму рапарту ўладаў: панове, вы за два гады давялі справу да канца ці з таго, што інтэлігенцыя вас урэшце задзяўбла, ці таму, што зверху патрабуюць паказушнага парадку, а тут у цэнтры помнік пашкоджаны столькі часу… Вось і падстрахаваліся, хоць, магчыма, многім з вас у душы напляваць на яго… 

Зноў агаваруся: сказанае не тычыцца літаральна ўсіх. Бо нездарма ж сёння ў нашчэнт зруйнаваным вайной Полацку шмат таго, што жывіць міфы і памяць. На тле беззваротна вынішчанага шматлікія музеі і помнікі ствараюць своеасаблівыя прыпынкі ў часе (о, як паэтычна!), альбо прыпынкі часу ў прасторы. Прастора полацкая напаўняецца тым і тымі, хто яе фармаваў: Чарадзеем, Будным, Скарынам, Соф’яй…

…Вось пра што мне падумалася, як пабачыла здымак адноўленага мемарыяльнага знака.

Дарэчы, Полацк зведаў і завезены чужынцамі, сакральны для іх “Ять”, аднак той знік, а “Ў” — засталася.

І для мяне неяк вельмі нязручна называць яе “нескладовай” ці “кароткай”, бо насамрэч гэта ўнікальная беларуская літара вельмі нават СКЛАДНАЯ і ВЯЛІКАЯ…

Як нашая беларуская, матчына мова, за якую дэпутаты проста абавязаны змагацца.

І хоць гэтаксама як тую знакаваую літару мову нашу на нейкі момант можна нават спаганіць, аднак немагчыма знішчыць…

Народ не дазволіць, бо — жыве Беларусь!

Таццяна Караткевіч, «Белорусские новости»

3 сентября 2016

Коментарии

Добавить комментарий

Вы должны быть авторизованы для комментирования.

Войти с помощью: 
 
А также…